Полацк – сусветная сталіца езуітаў, і іхныя містычныя таямніцы


Езуіты ўратавалі каталіцкую царкву. Калі ж іхны ўплыў стаў большы за моц Папы Рымскага, той забараніў ордэн – у 1773 годзе. Менавіта тады іхнаю сталіцаю стаўся Полацк, куды з усяго свету ехалі па найлепшую адукацыю.

Езуіты стварылі эталонную сістэму адукацыі, куды бралі дзяцей любой канфесіі, якія пасля заканчэння навукі выходзілі каталікамі. Стваральніку Ігнацію Лаёлу прыпісваюць выраз «мэта апраўдвае сродкі».

У 1773 годзе Папа Рымскі Клімэнт XIV зліквідаваў ордэн езуітаў. Але замест таго каб зусім знікнуць, езуіты знайшлі сабе месца на захопленай Расейскай імперыяй тэрыторыі Беларусі, а менавіта ў Полацку. Езуіт Станіслаў Чарневіч здолеў пераканаць імператрыцу Кацярыну ІІ захаваць таварыства Хрыста.

Полацк зрабіўся сусветнаю сталіцай ордэну езуітаў. У калегіум прыязджалі вучыцца з усяго свету. Гэта быў своеасаблівы навуковы турызм XVІІІ стагоддзя. З’явіліся новыя прадметы і выкладчыкі, былі пабудаваныя новыя корпусы. Быў утвораны музей і сусветна вядомы тэхнічны кабінет з разнастайнымі апаратамі, у тым ліку вялікаю драўлянаю галавою філосафа, якая ўмела гаварыць і магла адказваць на любыя пытанні на любой мове свету.

Чаму імі захапляецца нават Аляксей Арэстовіч? Чаму езуіты вымушаныя былі ратавацца ў Полацку? Як ім удалося пераканаць Кацярыну ІІ падтрымаць ордэн? Што сёння засталося ад некалі магутнага кляштару ў Полацку? І хто з беларускіх езуітаў спрычыніўся да заснавання сістэмы адукацыі Злучаных Штатаў Амерыкі? Глядзіце ў новым выданні праграмы Цімоха Акудовіча «Вусы Скарыны».

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Wikimedia Commons