Каліновец вернецца ў Беларусь, каб скончыць распачатае


Васіль Грудовік у 2020 годзе ўдзельнічаў у бітве супраць пінскай міліцыі і мусіў з’ехаць з Беларусі. Цяпер ён – кулямётнік у палку Каліноўскага. Васіль распавёў для «Маю права», чаму ўступіў ва ўкраінскае войска і як збіраецца вяртацца дадому.

Васіль Грудовік – актыўны ўдзельнік пратэстаў 2020 года ў Пінску, які быў вымушаны з’ехаць у Польшчу ад крымінальнага пераследу за падзеі 9 жніўня 2020.

«Мы сабраліся з народам. У мяне некаторыя сябры пайшлі назіральнікамі, у пэўны час іх выгналі. Сябры пра гэта паведамілі мне, і мы ўжо сабраліся ісці ў гарвыканкам, каб неяк ці сілай, ці, калі пагодзяцца, мірна пры нас пералічылі галасы. Вялі перамовы з міліцыяй, але гэта ні да якога выніку не прывяло. Потым гэтая міліцыя пачала нас атачаць», – узгадвае Васіль.

Мaю прaвa
«Я быў супраць сілавога рашэння». Гісторыя беларуса з батальёну Каліноўскага
2022.04.15 11:00

Паўтара года Васіль жыў у Польшчы, а з пачаткам вайны далучыўся да шэрагаў добраахвотнікаў. Галоўная мэта нашага героя – вызваліць Беларусь праз вызваленне Украіны. На радзіме яму пагражае крымінальны тэрмін ад 15 гадоў да смяротнага пакарання.

Наш эксперт Алег Агееў даў прававы каментар наконт новай рэдакцыі арт. 67 і арт. 59 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, якая значна пашырае магчымасць стасаваць смяротнае пакаранне.

«У цывілізаваных краінах наогул няма такога пакарання, як смяротная кара. У Беларусі яна была, і, на жаль, пашырылася магчымасць выкарыстоўваць гэты від пакарання нават за няздзейсненае злачынства. Практыка беларускіх судоў паказвае, што амаль да любога чалавека на сённяшні дзень можа быць ужытае смяротнае пакаранне», – патлумачыў спадар Агееў.

Таму адзіны шанец для нашага героя вярнуцца на радзіму – вольная Беларусь.

«Ваюючы на баку Украіны, я ваюю і за Беларусь, гэта тое самае. Я ваюю за нашыя землі, на баку здаровага сэнсу. Я ваюю супраць оркаў, супраць сілаў цемры», – гаворыць ваяр.

Васіль лічыць, што беларусы могуць ганарыцца сваімі мужнымі суайчыннікамі, якія цяпер выступаюць на баку Украіны. Добрая вайсковая падрыхтоўка робіць іх сапраўднымі жаўнерамі, якія значна перавышаюць салдатаў лукашэнкаўскага войска.

«Падрыхтоўка абсалютна розная. Я служыў у Беларусі ў рэзерве, але мы жылі ў адной казарме з салдатамі тэрміновай службы. І тыя рэальна рабілі снег квадратным, фарбавалі траву, збіралі лісце ды іншае», – адзначае наш герой, параўноўваючы каліноўцаў з беларускімі вайскоўцамі.

Каліноўцы ж набываюць досвед у баях, і нягледзячы на страты настрой у беларускіх добраахвотнікаў баявы. Наш герой – з роты загінулага камандзіра Волата.

Яго не палохае смерць, бо ён ведае, для чаго і куды прыйшоў. Ён упэўнены, што перамены ў Беларусі не могуць адбыцца мірным шляхам, што кветкі і бранзалеты сябе вычарпалі, таму адзіны шлях дадому для яго – толькі праз вайну ва Украіне.

«Праз Украіну, потым на Маскву, разбамбіць Крэмль і ўжо адтуль можна ехаць у Беларусь спакойна, там нас чакаць будуць з хлебам і соллю. Вось калі Крэмль бамбане, мы адтуль паедзем у Беларусь. Ужо ўсе гэтыя амапаўцы, уся гэтая нечысць сама зліквідуецца, куды-небудзь эмігруе або яшчэ прасцей. А мы вернемся, будзем прымаць рэформы нейкія, паляпшаць эканоміку, будаваць новую краіну», – дзеліцца Васіль.

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.