«Прававы дэфолт азначае, што закон нас не абараняе». Як Лукашэнка знішчае ІТ-краіну


Як насамрэч нараджаліся мільярдныя беларускія ІТ-стартапы? Ці мае будучыню ІТ-індустрыі ў Беларусі? Высвятляем у праграме «Шчыра кажучы».

Першы дырэктар Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала сцвярджае, што ідэя стварыць беларускую Крэмніевую даліну належала яму. А ад задумы да пачатку рэалізацыі праекту мінула паўтара года.

«Мне ў нейкі момант падалося, што ўжо і не ўдасца гэтага зрэалізаваць. Бо кожны чыноўнік павінен быў паставіць адпаведны подпіс. Глядзіце: калі нейкая ідэя калісьці магла зыходзіць ад Лукашэнкі, то гэтыя дакументы прымаліся досыць хутка. Як Лукашэнку прыйшла ідэя змагацца з дармаедамі, то цягам некалькіх тыдняў адразу быў гатовы дакумент», – распавядае палітык Валерый Цапкала.

Яшчэ адным ініцыятарам стварэння ПВТ называюць уплывовага чыноўніка яшчэ з часу БССР Міхаіла Мясніковіча. Парк высокіх тэхналогіяў узнік у 2005 годзе. У 2006-м яго экспарт склаў 22 мільёны долараў і кожны год рос. У 2017-м ён дасягнуў ужо 1 мільярда, у 2019-м, паводле справаздачаў ПВТ, – больш за 2 мільярды. Офісы для распрацоўвання адкрываюць у Менску і сусветна вядомыя кампаніі. Напрыклад, амерыканскі «Fitbit», другі паводле велічыні пасля «Apple» пастаўнік разумных гадзіннікаў. Але цяперашняя сацыяльна-палітычная сітуацыя можа запаволіць развіццё галіны высокіх тэхналогіяў у нашай дзяржаве, мяркуе ІТ-прадпрымальнік Іван Вядзенін:

«Інвестары не рызыкнуць сюды ўкладацца. Вось такія настроі. А сярод калег-стартапераў кожны другі думае пра рэлакацыю ў больш бяспечнае асяроддзе. Бо тэрмін «прававы дэфолт» азначае, што мы не можам быць упэўненыя, што права, закон абараняе, то бок мы не можам у судзе развязваць нейкіх пытанняў».

Паводле звестак парталу Dev.by, толькі ў студзені 2021 года амаль 15 % ІТ-спецыялістаў з’ехалі працаваць за мяжу. Згодна з ацэнкамі дырэктара IT-холдынгу «BelHard», у Беларусі ўсяго каля 200 тысяч праграмістаў. Значыць, Беларусь ужо пакінулі прыблізна 30 тысяч адмыслоўцаў.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Якая прадукцыя ПВТ ідзе на ўнутраны рынак, і наколькі гэта паспяхова?
  • «Нішавыя чэмпіёны» ІТ-прадукцыі не любяць свяціцца не толькі праз бізнес-канкурэнцыю?
  • Чаму шмат якія ІТ-спецыялісты ды ІТ-прадпрымальнікі пайшлі ў палітыку?

Калаж з фота: Belsat, president.gov.by, pixabay.com

Belsat.eu