Жонка Паўла Севярынца: «Я мару пра няню для нашага сына!»

Больш за сем месяцаў палітзняволены Павел Севярынец застаецца за кратамі. А ягоная жонка Воля ўвесь гэты час сама гадуе трохгадовага Францішка, а таксама займаецца ўсімі справамі мужа і іхнай маленькай крамай з хрысціянскімі падарункамі kroplia.by. Цягам наступнага месяца ў Волі заканчваецца дэкрэт. Пра што марыць Воля і ці дапамогуць беларусы здзейсніць ейнае жаданне?

Кожны дзень распісаны па гадзінах. Найвялікшая радасць для Волі – гэта лісты ад Паўла. Але цяжкія думкі ні на імгненне не адпускаюць.

Вольга Севярынец. Фота: скрыншот Belsat.eu

«Самы цяжкі час – калі накрывае адчуванне, што ён вернецца вельмі няхутка… Што гэта будзе артыкул ад 3 да 8 гадоў. Цяжка было, калі даведаліся, што яго на Акрэсціна трымаюць у карцары і там рэальныя катаванні. Гэта было проста пекла! Цяжка было ведаць, што ён знаходзіўся на Акрэсціна і 9, 10 жніўня таксама – і хутчэй за ўсё ён мог патрапіць пад гэтыя пабоі, катаванні. Не спаць, не есці, нічога немагчыма было. Жудасна проста…»

«Мне вельмі шкада Францішка, што ён расце без таты, і Пашу шкада, што ён марнуе свой час і яго там несправядліва трымаюць, і сябе шкада таксама і таго часу, што мы не разам – шкада… І цяжка адшукаць ва ўсім гэтым сэнс – і тады я плачу, але пасля нават радуюся, бо ад слёз крыху лягчэй…»

Вольга заўсёды разам з сынам. І не мае магчымасці папросту прагуляцца ці памаліцца глыбей. А на стрэсавыя сітуацыі, звязаныя з няясным лёсам мужа, накладаюцца і іншыя стрэсавыя сітуацыі.

Вольга доўга вагаецца, відаць, што ёй няёмка, але ўсё ж насмельваецца прамовіць сваё самае патаемнае жаданне: «Было б цудоўна, каб была магчымасць знайсці і наняць няню – добрага спецыяліста, якая б магла пазаймацца з сынам глыбока, дадаць тое, што я не дадаю праз пастаянную занятасць. А ў мяне было б крыху часу пабыць з сабой, глыбей памаліцца, проста схадзіць у краму, прагуляцца…»

«Сумую па тату, Жыве Беларусь!» – кажа маленькі Францішак.

Францішак Севярынец вельмі чакае тату. Фота: скрыншот з відэа Belsat.eu

Шукаем адукаваную няню для сына Паўла і Волі Севярынцаў, якая б магла займацца з ім некалькі разоў на тыдзень. А таксама людзей, ахвочых дапамагчы ва ўтрыманні няні. Воля з удзячнасцю прыме і кансультацыйную дапамогу для развіцця іхнае з Паўлам маленькае крамы сувеніраў з хрысціянскім сэнсам.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падтрымаць Волю і Францішка Севярынцаў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), – звярніцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Больш матэрыялаў

Вольныя купалаўцы здзейснілі мару 87-гадовай пенсіянеркі, асуджанай за нацыянальны сцяг

Блогерка Вольга Такарчук: Калі Ціханоўская спраўляецца, то і ў мяне атрымаецца!

Андрусь Такінданг: «Хачу ахвяраваць на няню для сына Паўла і Волі Севярынцаў»

За сцяг асудзілі 87-гадовую пенсіянерку, а шматдзетную маці адправілі на Акрэсціна

«Муж выйшаў у пад’езд і знік, калі прасавала пялюшкі ў радзільню на 40-м тыдні цяжарнасці!»