«Лукашысты супраць прыхільнікаў пераменаў – 2»

У студыі «Кожны з нас» спрачаюцца прадстаўнікі праўладнага «Круглага стала дэмакратычных сілаў» Юрыя Васкрасенскага і прыхільнікі пераменаў.

З самага пачатку лукашэнкаўцы настойваюць на тым, што пратэст «задушаны, задаўлены і рассунуты па СІЗА і турмах». Таму трэба перагарнуць старонку і рухацца далей у канструктыўным рэчышчы, а не займацца «пустым хаджэннем па вуліцах». Прыхільнікі пераменаў адказваюць, што акрэсленая пазіцыя – маніпуляцыя і імітацыя дэмакратычных працэсаў, а рэжым у той жа час не выглядае пераможцам.

Пратэставая вясна. Чаго апанентам рэжыму не стае для перамогі?

Адметна, што падчас гутаркі робіцца зразумелаю стратэгія, якую ўжываюць праўладныя эксперты, каб пераканаць прыхільнікаў пераменаў у іхнай паразе. Вось адна з вытрымак праграмы. Старшыня юрыдычнага камітэту КСДС, былы топ-менеджар Ігар Навадворскі называе рэжым Лукашэнкі дыктатурай. Ён згодны, што бел-чырвона-белы сцяг – гістарычны, але прызнанне сімвала экстрэмісцкім тлумачыць наступным чынам:

«Гэта рэакцыя ўладаў, якія перамаглі, на дзеянні боку, які прайграў. Можна апусціць маральны бок. Кожнае дзеянне, кожны рух можа ўладамі, як пераможцамі, трактавацца як парушэнне грамадскага парадку. І гэтыя дзеянні ўжо будуць за межамі адміністратыўнага і крымінальнага поля».

«Голас уладаў» і прыхільнікі пераменаў – вочы ў вочы ў студыі «Кожны з нас»

«Хто перамог? Паглядзіце на нашую краіну! У чым мы апынуліся? У ізаляцыі, з нізкім узроўнем эканамічнага развіцця? – пярэчыць Анатоль Шумчанка, старшыня аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва». – Улады могуць перамагчы, толькі калі ад гэтага выйграе народ. Што сёння атрымаў беларускі народ? Пераможцы такне паводзяцца».

Былы банкір, старшыня праваабарончае камісіі КСДС Уладзіслаў Кацарэнка кажа, што «ўлады перамаглі, бо яны ўтрымаліся». А жорсткія рэпрэсіі абгрунтоўвае пагрозамі, «што сыплюць былыя лідары электаральнае кампаніі», – таму рэжым бароніць сябе і сваіх прыхільнікаў.

Кансэнсус Захаду і Крамля – наступны этап пераўтварэнняў у Беларусі?

«Які дыялог вы хочаце прапанаваць, калі вы кажаце, што падтрымліваеце дзейныя ўлады? – адказвае на пазіцыю праўладнага боку Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе. – Выбараў няма. І вы зараз кажаце, што выбары – не патрэбныя, мяне задавальняе Аляксандр Лукашэнка, які ў чарговы раз прызначыў сам сябе кіраўніком дзяржавы. Вы за тое, каб у нас не працавала Канстытуцыя…»

У напружанай размове бакі абмяркоўваюць магчымае вызваленне палітвязняў пасля «Усебеларускага народнага сходу». Ці здолеюць пратэсты аднавіцца ўвесну? Чым скончыцца беларускі палітычны крызіс?

Праграма «Кожны з нас» выходзіць штосераду а 18:30. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Замах на Лукашэнку можа рыхтаваць толькі Расея

Літоўцы б’юць трывогу. Ці можа АЭС у Астраўцы паўтарыць лёс Чарнобылю?

Як у Кітаі: Лукашэнка рыхтуе сабе пажыццёвае месца ва ўладзе

Стварэнне новай партыі «Разам» расколвае і дэкансалідуе дэмакратычныя сілы?

Ці вядуць перамовы Захад і РФ пра лёс Лукашэнкі?

Якія памылкі часу БНР трэба ўлічваць сёння

Факты і міфы пра нацыянальную сімволіку

Эканоміка – у перадінфарктным стане