«Белсат» прадказаў мігранцкі крызіс


Менавіта «Белсат» і менавіта «Глабальнае пытанне» першымі распавялі пра спецаперацыю «Шлюз» – арганізаваную кланам Аляксандра Лукашэнкі масавую нелегальную міграцыю ў Еўразвяз праз Беларусь.

З Новым Годам, спадарства, з вамі Яраслаў Сцешык. Аўтарская праграма «Глабальнае пытанне» упершыню выйшла ў эфір на пачатку ліпеня. І за 25 выданняў мы паглядзелі іншымі вачыма на гэты свет і на месца Беларусі ў міжнародных падзеях. Але за паўгода вакол нас адбыліся сапраўды тэктанічныя змены. Таму давайце прыгадаем, як было, і як стала.

Менавіта «Белсат» і менавіта «Глабальнае пытанне» першымі распавялі пра спецаперацыю «Шлюз» – арганізаваную кланам Аляксандра Лукашэнкі масавую нелегальную міграцыю ў Еўразвяз праз Беларусь.

Мігранты самі плацілі дзяржаўным установам – накшталт фірмы «Цэнтркурорт» – і мясцовым турфірмам-пасярэднікам за турыстычныя візы, авіяпералёт у Беларусь і даезд аўтобусамі да мяжы. Гэта было паўтарэннем ранейшай аперацыі з удзелам КДБ і АСАМ – Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў, ручнога спецназу Лукашэнкі, дзе раней служылі ягоныя сыны Дзмітрый і Віктар.

Але беларуская мяжа насамрэч ніколі не была «на замку».

КДБ рэгулярна праводзіў сакрэтную аперацыю «Шлюз», распавёў «Белсату» былы начальнік аддзелу ГУБАЗіК Аляксандр Азараў, які цяпер прадстаўляе ініцыятыву BYPOL: «Такія аперацыі праводзіліся, каб улада зарабіла грошай. Калі ў АСАМ, у Дзяржаўным памежным камітэце начальнікам быў Церцель, брат цяперашняга старшыні КДБ, гэтая аперацыя шырока праводзілася. Працаўнікі АСАМ правозілі нелегалаў з Расеі і перапраўлялі праз мяжу. Бо яны ведаюць абстаноўку на мяжы, схемы перасоўвання нарадаў. І бралі за гэта грошы, якія асядалі дзесьці ва ўладзе».

У ліпені пад гібрыдную атаку трапіла Літва. Тады нелегалаў было адносна няшмат, і нашыя суседзі з Еўразвязу яшчэ не разварочвалі іх на мяжы. У выніку не ставала памежнікаў, службоўцаў, інфраструктуры, каб ахапіць плынь нелегальнай міграцыі.

«Гэта было вялікае напружанне, прынамсі, для Літвы, для міграцыйнай сістэмы. Мы ніколі ў гісторыі Літвы не сутыкаліся з такімі лічбамі – тысячы людзей», – распавядае Віціс Юрконіс, дырэктар офісу «Freedom House» у Вільні.

Дакладна вядома, што для штурму суседскіх межаў рэжым Лукашэнкі прывёз у Беларусь больш за 10 тысячаў мігрантаў, перадусім курдаў з Іраку. Але не дапамаглі нават узброеныя правакацыі беларускіх памежнікаў і спецназу – еўрапейскія суседзі збудавалі агароджы і перасталі пускаць мігрантаў у абыход пунктаў пропуску.

Глабальнае пытанне
5 прычынаў, чаму Расея не зможа паглынуць Беларусь
2021.11.22 13:56

Курдаў давялося цэнтралізавана везці дадому. А за Лукашэнкам на найвышэйшым узроўні замацаваўся імідж важака банды, што гандлюе людзьмі.

«Мы захраслі на мяжы на некалькі дзён. Беларускія памежнікі забралі нашыя мабільныя тэлефоны і грошы, яны запужвалі нас, страляючы ў паветра, і спускалі на нас сабакаў», – распавядаў журналістам курдскі мігрант Гарун Тахшын, які вярнуўся з Беларусі ў Арбіль.

«Гэта пытанне рэгіянальнай бяспекі, уключаючы краіны Блізкага Усходу. Лукашэнка і ўвесь рэжым выглядае як такі, які трэба абмяркоўваць на ўзроўні ААН», – тлумачыць Віціс Юрконіс.

Літву, а потым Латвію і Польшчу падтрымалі саюзнікі з Еўразвязу. Дапамаглі грашыма, войскамі, мабільнымі домікамі для мігрантаў, часовай агароджай мяжы. Цяпер нашыя суседзі інтэнсіўна будуюць сталы памежны плот з сістэмамі відэаназірання і сейсмічнымі датчыкамі ды трымаюць войскі гатовымі адбіваць узброеныя напады беларускіх сілавікоў.

«Гэты крызіс быў манеўрам, які адцягваў увагу ад таго, што адбываецца ўнутры Беларусі, наконт злачынстваў супраць беларусаў. І я спадзяюся, што мы гэтую старонку не перагарнем. І што гэтае пытанне таксама будзе вырашацца», – кажа дырэктар офісу «Freedom House» у Вільні.

Еўразвяз не паддаўся на шантаж міграцыяй і не зняў санкцыяў, а наадварот – за кантрабанду людзей улупіў 5-м пакетам. Памежныя службы, падначаленыя Уладзіміра Макея і суддзі, турфірмы і гатэлі клану Лукашэнкі, «ГорадняАзот» і «Беларусьнафта» – усе яны пацярпелі за амбіцыі «нагнуць Еўропу». Дзяржаўная кампанія «Белавія» мусіла нават вяртаць пазычаныя самалёты.

Ці можам мы сказаць, што нарэшце краіны Еўразвязу, Злучаныя Штаты, Канада ўвялі эфектыўныя санкцыі? Ці бачым мы эфект ад гэтых санкцыяў на свае вочы?

«Нарэшце ў 2021 годзе склаўся кансэнсус, што санкцыі патрэбныя, каб прымусіць рэжым спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў, пайсці на нацыянальны дыялог…

Парадку 40 краінаў увялі санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку кропкавыя, або сектаральныя эканамічныя санкцыі. То бок ёсць каардынацыя. Па-другое, нарэшце гэтыя санкцыі тычацца істотных для эканомікі Беларусі прадпрыемстваў або сектараў эканомікі. Яны не сімвалічныя ўжо, яны сапраўды ўдараюць у тыя месцы, якія балючыя для беларускага рэжыму», – тлумачыць Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у пытаннях эканамічных рэформаў.

Пакрысе закрываюцца і дзюркі ў санкцыйным плоце – пад абмежаванні трапіла і Беларуская калійная кампанія, праз якую спрабавалі прадаваць угнаенні, і гандаль сырою нафтай праз «Беларусьнафту». Працэс ідзе.

«Санкцыі Еўразвязу і Амерыкі на ўсю моц мусяць пайсці бліжэй да вясны, да красавіка», – прагназуе Віціс Юрконіс.

За гэтыя паўгода рэжым Лукашэнкі стаў таксічным і для ўласных кашалькоў-алігархаў, і для замежных «муцілаў», якія мылі ў Беларусі брудныя грошы.

«Мікалай Варабей – трапіў пад санкцыі і Еўразвязу, і Вялікай Брытаніі, і Швейцарыі, і Канады. Паўсюль. Ёсць таксама расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў. Таксама пад санкцыямі, і ягоным прадпрыемствам Кітай ужо замарозіў крэдыты для яго. Сям‘я Карычаў – таксама ўжо Беларусь для іх не застаецца райскім месцам на Зямлі, таксама вяртаюцца ў Сербію», – распавядае Алесь Аляхновіч.

«Санкцыі – гэта не самамэта, яны мусяць прывесці рэжым у Беларусі да пытання, ці выгадна трымаць людзей у турмах, біць і рэпрэсаваць іх, калі гэта прыводзіць да гаспадарчых санкцыяў. На жаль, адказам беларускага боку далей застаецца эскалацыя ўнутранай агрэсіўнай палітыкі, скіраванай на грамадзянскую супольнасць», – распавёў «Белсату» віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач.

Жорсткія прысуды – па 14, 15, 18 гадоў узмоцненага рэжыму за блогерства, палітычную актыўнасць ці ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі. Пад тысячу прызнаных палітвязняў, каля пяці тысячаў крымінальных справаў за мірныя пратэсты, канвеер катаванняў у ізалятары на Акрэсціна – нават за каментар у інтэрнэце. Так цяпер дзейнічаюць сілавікі і суддзі, верныя Лукашэнку. І яны даўно ўжо не праваахоўнікі.

«Падчас Нюрнбэргскага працэсу некаторыя для сваёй абароны казалі фразы кшталту «мне проста загадалі». Я лічу, што ў беларускім выпадку гэтыя сілавікі таксама будуць казаць: «мне далі загад і я яго выконваў». Але паводле сённяшняга закону сказаць: «мне загадалі, я памыліўся» – немагчыма, проста не варта тых загадаў выконваць», – тлумачыць Мао Вансон, юрыстка кампаніі «Bourdon & Associés» (Францыя).

У «Глабальным пытанні» мы тлумачылі, што такое генацыд, і паказалі, што цяпер дзеянні рэжыму Лукашэнкі маюць прыкметы гэтага злачынства.

«Усе затрыманні, усе катаванні ідуць у капілку генацыду», – запэўнівае Паліна Прысмакова, дацэнт кафедры дзяржаўнага кіравання Атлантычнага ўніверсітэту Флорыды.

Цяпер працягваецца збор дакументальных сведчанняў для будучых крымінальных справаў аб злачынствах сілавікоў, суддзяў і чыноўнікаў Лукашэнкі.

«Пакуль Аляксандр Лукашэнка ладзіць рэферэндум, на які беларусы пойдуць ці не пойдуць, беларусам трэба засяродзіцца і ладзіць трыбунал, на які беларусы прыедуць і пойдуць. Дзесьці ў палове лета трэба чакаць трыбунал пры падтрымцы ААН», – тлумачыць спецыялістка.

«Яны думаюць, што колькасцю палітвязняў і вялізнымі тэрмінамі яны пашыраюць сваю прастору для перамоваў. Але па сутнасці гэта тэрарыстычная дзейнасць, і хто ўсур’ёз перамаўляецца з тэрарыстамі?» – задае рытарычнае пытанне Віціс Юрконіс.

Саюзнікаў у такога рэжыму зусім мала. І нават кітайскі правадыр Сі Цзінь Пін, які віншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах, цярпіць грашовыя страты ад таго, што праз беларускую мяжу не могуць свабодна хадзіць кітайскія грузы.

«Першапачаткова ўсе лічылі, што Кітай – гэта альтэрнатыва Расеі, цудоўная крыніца фінансавання розных праектаў, у першую чаргу праекту «беларуская эканоміка», – нагадвае кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

У кастрычніку мы распавядалі, як Кітай выдае звязаныя крэдыты.

Кітайскія кампаніі плацяць юанямі кітайскім рабочым, каб тыя з кітайскіх матэрыялаў паводле кітайскай тэхналогіі пабудавалі ў нас штосьці, што будзе звязана з кітайскім рынкам. Усе грошы застаюцца ў кітайцаў, а вінен будзе той, хто пазычаў, то бок мы.

«Кітайскія экспартныя крэдыты не падтрымліваюць ніякія канкрэтныя ўрады. Кітайскія экспартныя крэдыты падтрымліваюць кітайскую эканоміку і працягваюць гэта рабіць», – кажа Паліна Прысмакова.

Застаўся адзіны сябар, які дае грошы – гібрыдны саюзнік Уладзімір Пуцін. Яму Лукашэнка прыдаўся, каб застрашваць Украіну і Еўразвяз нападам з нашае тэрыторыі.

Яшчэ ў жніўні мы тлумачылі, што вучэнні «Захад-2021» – нібыта выключна абарончыя – гэта практычная падрыхтоўка да магчымай маштабнай агрэсіі.

«Канечне, на ўсіх гэтых вучэннях кажуць, што на нас напалі, а мы перайшлі ў контрнаступ. Але ў рэчаіснасці ў краінаў Захаду няма тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Расеі. А ў нас ёсць. У нас сур’ёзныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Украіны і Беларусі», – тлумачыў расейскі вайсковы аглядальнік Павел Фельгенгаўэр.

І вось над Беларуссю ўжо лётаюць расейскія бамбавальнікі, здольныя несці ядравую зброю, Лукашэнка просіць Пуціна прывезці да нас расейскія ядравыя ракеты, а ў Крамлі не кажуць, што гэта немагчыма. Бо Пуцін патрабуе ад блоку NATO невыканальных гарантыяў бяспекі – практычна расколу блоку і поўнай залежнасці ад волі расейскага кіраўніцтва. Калі NATO

не выканае ўмоваў ультыматуму, расейцы пагражаюць атакаваць Украіну.

«Трэба проста шарахнуць у ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Гадзіны ў 4 раніцы, калі ўжо ўсе пьяныя, калі ўвесь гэты Захад будзе ўлёжку ляжаць. Неабавязкова іх усіх бамбіць! Але выбаркава – пакараць іх трэба кагосьці, напужаць іх, іначай яны ўвесь час будуць пужаць нас санкцыямі. Гэта разумееце які стрэс? Дзеці ж гэта чуюць!» – заклікаў перад Новым Годам Уладзімір Жырыноўскі, лідар фракцыі ЛДПР у Дзярждуме Расеі.

Беларусь – гэта не «лапік зямлі», і нашая хата – не з краю. Беларусь – гэта еўрапейская дзяржава, якая грае важную ролю практычна ва ўсіх глабальных працэсах. А ўсё, што адбываецца ў свеце, адбіваецца на нас. Таму, спадарства, давайце не спаць у шапку, а дзейнічаць. Вяртайма сваю свабоду, каб самім вызначаць свой лёс. З вамі быў Яраслаў Сцешык, да сустрэчы ў наступным «Глабальным Пытанні».

Калаж з фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum