Беларусы дапамаглі міліцыянту, які кінуў службу на знак пратэсту


Надоечы мы расказалі гісторыю Максіма – кадэта, былога міліцыянта. Ён падзяліўся з намі ўнікальнай інфармацыяй. Расказаў, як мысляць тыя, хто знішчаў беларусаў у 2020 годзе. Акурат тады Максім падтрымліваў пацярпелых у турме Жодзіна і пры першай магчымасці звольніўся з міліцыі. Падтрымайма цяпер Максіма!

«Ставілі да сценкі, білі вельмі моцна, ажно да гематомаў. Ім падабалася. Апроч таго, што яны атрымлівалі грошы, яны радаваліся, смяяліся… І гэта страшна! Гэта страшна! Я адразу ж пайшоў да начальніка па ідэалагічнай працы і там… пагаварылі… Мне і прыгразілі, што будуць біць, калі я не буду падпарадкоўвацца і захачу звольніцца.

Працуючы ў Жодзіне, я дапамагаў маральна. То бок спрабаваў падтрымліваць, казаў, што ўсё будзе добра, што нядоўга засталося цяперашняй уладзе. Пацярпелыя баяліся. Яны думалі, што я падстаўны. І я не магу іх асуджаць за гэта. Бо я разумею, што ім давялося перажыць… Я проста вельмі часта ставіў сябе на іхнае месца… Пазней знайшоў шмат хлопцаў, якія гатовы былі мне дапамагчы.

Я спрабаваў звольніцца яшчэ ў жніўні, 10-га. Распавёў ім сваю гісторыю. І пасля мне далі кантакты: куды звяртацца, што рабіць. І я ўжо інструкцыі прытрымліваўся. Пра гэта даведаліся калегі і… Прыходжу я ў курылку – і мне кажуць: «Ідзі адсюль, пацук!» – згадвае Максім.

Беларус беларусу
Звольніўся з міліцыі, бо быў супраць катаванняў: споведзь былога міліцыянта з Жодзіна
2021.10.08 19:55

«Ніколі не шкадаваў і не шкадую, што звольніўся з органаў унутраных справаў. Непрыемна цяпер там працаваць. І тое, што там робяць супрацоўнікі, для мяне непрымальна», – адзначае герой.

Максім марыў пра камп’ютар, і неабыякавая беларуска дапамагла яму. Таксама знайшоўся работнік «EPAM Systems», які пракансультаваў маладзёна на старце новага шляху.

«Дзякуй вялікі! Я вельмі моцна здзіўлены, што гэтак хутка адгукнуліся. Літаральна пару дзён – і я ўжо ведаў, што ў мяне будзе сродак, з дапамогай якога я буду вучыцца, займацца і спазнаваць сябе ў новай сферы. Плюс курсы, дзе можна хаця б паглыбіцца ў сферу, у якую пойдзеш. Ізноў жа дызайнерам быць, вучыць мову праграмавання… А людзям я б параіў быць дабрэйшымі, быць разам. Як на мяне, калі мы будзем жыць зладжана, то бок не будзе якой-кольвек варожасці, то ўсё атрымаецца, то бок мірным шляхам», – лічыць Максім.

Сістэмны блок кампʼютара, які падарылі Максіму.
Фота: «Беларус беларусу»

Дзякуй усім неабыякавым беларусам, што падтрымалі нашага героя. Нашай глядачцы, якая падарыла яму камп’ютар, і экспертам «EPAM Systems» за кансультацыю. Калі ж вы хацелі, але яшчэ не паспелі падтрымаць Максіма альбо іншых нашых герояў, гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна, з любога пункту свету, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Таксама Максіма можна падтрымаць матэрыяльна на сайце «BySol».

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Калаж з фота: Ahmed Zayan / unsplash, Василий Федосенко / Reuters / Forum