«У некаторых момантах яны ставяцца да нас, як да нейкіх спецвойскаў». Беларускі ваяр пра службу ва Украіне


Герой гэтага выдання браў удзел у прарыве на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай вобласцяў ды ў баях за Лісічанск.

Кусь – актыўны ўдзельнік пратэстаў 2020 года ў Беларусі. У лістападзе 2020-га быў затрыманы на чаяванні ў Баранавічах, да суда ўтрымліваўся ў ізалятары, атрымаў штраф 10 базавых велічыняў. Пасля ператрусу 18 снежня 2020 года выехаў у Літву. У сакавіку 2022-га запісаўся ў добраахвотнікі палка Каліноўскага.

Першым баявым заданнем Куся было вызваліць украінскае сяло. Ваяроў папярэдзілі, што будуць забітыя і параненыя, таму ўдзел у гэтым баі – добраахвотная справа.

«Хто хацеў добраахвотна ісці, той пайшоў. Я лічу, што калі б беларусы не пайшлі ў гэты бой пад Мікалаевам, то іхная рэпутацыя вельмі моцна пацярпела б з пункту гледжання ўкраінскіх вайскоўцаў. У гэтым баі, дзе мы ўзялі ўкраінскае сяло, мы не толькі прынялі ўдзел у ЗСУ, але і абаранілі гонар усіх беларусаў, якія ваююць ва Украіне».

Кусь адзначае, што ўкраінскія ваяры з павагаю ставяцца да беларускіх добраахвотнікаў, нават успрымаюць жаўнераў-каліноўцаў як спецпадраздзяленне:

«У некаторых момантах яны ставяцца да нас, як да нейкіх спецвойскаў, хоць мне здаецца, мы звычайныя вайскоўцы. Дзякуюць нам за тое, што мы дапамагаем ім. Я нават думаю, што суседства на фронце з беларусамі для ўкраінцаў – фактар узняцця ваеннага духу».

Больш пра баі ды жыццё на фронце глядзіце ў прэм’ерным выданні праграмы «Ваяры».