Як Лукашэнка катуе бізнесоўцаў правяраннямі


Беларусь – непрывабная краіна для інвестыцыяў, і бізнес адсюль бяжыць. Але якім жа чынам тады нашая краіна ўвайшла ў топ-40 рэйтынгу Сусветнага банку паводле прастаты вядзення бізнесу? Наколькі насамрэч проста весці бізнес у Беларусі і што перашкаджае яму развівацца апрача палітыкі? Разбіраемся ў праграме «Шчыра кажучы».

«Я закрыла сваю ўстанову ў падтрыманне дзяржпрадпрыемстваў, каб яны разумелі, што яны не адныя, што бізнес таксама з імі і што мы таксама рызыкуем. І пасля гэтага пачаліся «цуды». Прыходзіць адна праверка – дапусцім, дае штраф, закрывае. Следам іншая праверка – дае штраф, закрывае. І вось толькі збіраеш усе дакументы, каб адкрыцца, падаеш хадайніцтва, ты толькі адкрыўся – праз пару дзён да цябе зноў хто-небудзь прыходзіць і цябе зачыняюць. Прычым гэта ўсё даволі адкрыта», – згадвае Вольга Мазур, якая страціла рэстаранны бізнес у Беларусі.

Апытаныя намі адмыслоўцы сыходзяцца на тым, што недапушчэнне банкруцтва вялікіх дзяржаўных прадпрыемстваў – асноўная перашкода для развіцця бізнесу ў Беларусі. Бо забіраюць фінансавыя рэсурсы і працоўную сілу, якія, у выніку, робяцца занадта дарагімі для прыватнага сектару. У інвестара Валерыя Астрынскага пытаемся пра галоўныя рызыкі для інвестараў у Беларусі.

«Вядома ж, страціць усё. А калі ты тут яшчэ застаешся, то яшчэ за гэта і прысесці на нявызначаны тэрмін. Гэта ўсё, што датычыць, вядома, больш рэальнага сектару. Хоць мы цяпер бачым прэцэдэнты і ў айтышцы, там не моцна аптымістычна: Даша Данілава перабывае ў СІЗА КДБ – проста велізарны антыпіяр для ўсяго інвестыцыйнага клімату. І, вядома, не будзе ніякіх інвестараў, пакуль захоўваецца вось такі фон інфармацыйны і эмацыйны».

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • чаму каронавірус не перашкаджае кампаніям працаваць у Расеі і Казахстане, а толькі ў Беларусі;
  • сыходзяць нават кітайскія партнёры;
  • Уся краіна робіцца свабоднай эканамічнай зонай?

Belsat.eu