Ці была непазбежнаю сённяшняя вайна ва Украіне?


Чаму вайна ва Украіне пачалася менавіта цяпер? Эскалацыя апошніх месяцаў, з гледзішча заходніх і ўкраінскіх медыяў, не была нічым справакаваная і распачалася насуперак як мінімум эканамічным інтарэсам Расеі. Таму многія палітолагі прыйшлі да высновы: Уладзімір Пуцін страчвае адэкватнасць. Але ці так гэта?

Каманда праграмы «Шчыра кажучы» аналізуе ўмовы, пры якіх Расея ў гэтым стагоддзі распачынала папярэднія войны. І заўважылі ўва ўсіх іх адметныя заканамернасці. Усе яны распачыналіся непасрэдна перад абвалам кошту на нафту.

Вось прыклад вайны з Грузіяй. На яе пачатак – жнівень 2008 года – Злучаныя Штаты ўжо 9 месяцаў як зазнавалі эканамічны спад. Адмыслоўцы за месяц да пачатку вайны ў Грузіі прагназавалі, што крызіс адчуе на сабе ўвесь свет. Неўзабаве так і адбылося. Кошты нафты абваліліся. Налета эканоміка Расеі ўпала адразу на 8 адсоткаў. Долар стаў даражэйшы ў паўтара разу. Пры эканамічным крызісе разам з пагаршэннем жыцця расейцаў, відавочна, павінен быў упасці рэйтынг Пуціна. Але на фоне перамогі ў Грузіі ён не толькі не абваліўся, а нават павысіўся на 10 адсоткаў.

Вось яшчэ адзін прыклад. Крым, 2014-ты. У той час у ЗША адбылася сланцавая рэвалюцыя. Амерыканцы навучыліся здабываць нафту новым спосабам і ператварыліся з імпарцёра ў аднаго з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў. Свет чакае падзення коштаў на нафту.

Міністр фінансаў Расеі заяўляе, што краіна ў выніку гэтага страціць удвая болей, чымся ад магчымых санкцыяў за акупацыю ўкраінскіх тэрыторыяў.

І сапраўды. Неўзабаве пасля захопу Крыму кошты вуглевадародаў пачалі двухгадовае падзенне агулам у тры з паловай разу. Рубель абваліўся больш як удвая. А вось рэйтынг Пуціна пры гэтых абставінах не ўпаў, а наадварот, падскочыў з 60 адсоткаў да 90.

Чаму сённяшняя вайна ва Украіне была непазбежнаю? Мы назіраем камбінацыю ўсіх тых перадумоваў, што прымушалі Крэмль развязваць войны ў ХХІ стагоддзі, пра якія мы казалі раней.

Па-першае, у ЗША зноў актывізаваліся сланцавыя вытворцы, як у 2014-м. То бок сусветная прапанова зноў павялічыцца і гэта знізіць кошты. Па-другое, адмыслоўцы кажуць, што фондавы рынак ЗША пачаў даваць сігналы пра непазбежны спад амерыканскай эканомікі. Гэта называецца пераваротам крывой амерыканскіх дзяржаўных аблігацыяў, і ён нязменна цягам апошніх 60 гадоў прадказваў, што амерыканскай эканоміцы засталося некалькі месяцаў да спаду. Штопраўда, крывая яшчэ канчаткова не перавярнулася, але падышла ўсутыч да гэтага. Адмыслоўцы прадказваюць, што гэта здарыцца сёлета. Гэта значыць, попыт на нафту ўпадзе ў ЗША і, адпаведна, ува ўсім свеце. І Пуцін, зноў жа, мусіць ратаваць свой рэйтынг перад эканамічным пагаршэннем.

Працяг глядзіце ў выданні.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Калаж з фота: Ukrainian President’s Office / Zuma Press / Forum