«З беларускага – толькі шкарпэткі». Што ў шафах беларускіх чыноўнікаў?


«Купляйце беларускае!» – заклікаюць улады. А што набываюць яны самі? У праграме «Шчыра кажучы» разам з адмыслоўцамі прыгледзімся да вопраткі, гадзіннікаў і аўтамабіляў чыноўнікаў.

У 1990-я гады палітыкі і чыноўнікі жылі дастаткова сціпла. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ездзіў звычайна на «Жыгулях» 7-й мадэлі ды меў небагаты гардэроб.

Тагачасны спічрайтар Лукашэнкі, цяпер палітычны кансультант Аляксандр Фядута кажа: адмыслова для прыняцця прысягі Лукашэнку набылі новы строй. Традыцыйна ж урадоўцы шылі сабе адзенне ў спецатэлье.

«Калі мне трэба было ляцець з візітам ва Узбекістан, высветлілася, што ў мяне няма паліто прыстойнага чыноўніцкага. Пашылі мне за тры дні», – згадвае спадар Фядута.

Самымі стылёвымі чыноўнікамі Яніна Ганчарова, адна з заснавальніц «Belarus Fashion Week», называе менавіта дыпламатаў – як дзейных, так і былых. Напрыклад, былога пасла ў Францыі, а цяпер кіраўніка Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку або колішняга пасла ў Турцыі, а цяпер дэпутата Палаты прадстаўнікоў Андрэя Савіных. Былы амбасадар у Швейцарыі Павел Мацукевіч распавёў «Шчыра кажучы», што падчас дыпламатычнай працы насіў толькі небеларускія касцюмы, якія набываліся гатовымі, бо шыць у атэлье за мяжою даволі дорага.

«Цяпер з беларускай вытворчасці – толькі шкарпэткі, берасцейскай вытворчасці, калі не памыляюся. Бо складана знайсці шкарпэткі, якія б адпавядалі і якасцю, і коштам. Калі мая дыпламатычная кар’ера пачалася, то былі беларускія касцюмы «Камінтэрн». Я гэтыя касцюмы ўспрымаў як даспехі, якія можна было не прасаваць, і такі касцюм напрыканцы працоўнага дня можна было не павесіць, а паставіць. Бо яны былі са штучнага матэрыялу», – дзеліцца ўспамінамі Павел Мацукевіч.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Што беларускае носіць Лукашэнка?
  • Менскі гадзіннікавы завод ужо 10 гадоў належыць швейцарцам. Але ці дарос айчынны «Луч» да прадстаўнічага ўзроўню ў вачах чыноўнікаў?
  • Легкавікі беларускага збору як іранскія «Саманды» ці легкавікі «Джылі»: наколькі паспяхова пераселі ў іх беларускія чыноўнікі?

Belsat.eu