«Памірайце там і не вяртайцеся». Як беларускія сілавікі катуюць мігрантаў


Ужо каля пяці месяцаў грамадзяне Іраку, Ірану, Сірыі, Афганістану ды іншых краінаў Блізкага Усходу і Афрыкі спрабуюць трапіць у Еўразвяз праз Беларусь.

Што мігранты кажуць пра беларускіх памежнікаў? Глядзіце ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

«Пуцёўка» ў Еўразвяз праз Беларусь каштавала 1500 долараў – але з павышэннем попыту кошт узрос да 5000. Пра гэта нам расказаў у інтэрв’ю жыхар Курдыстану. Яшчэ адзін мігрант, які, з ягоных словаў, пакуль застаецца ў Менску, кажа, што пойдзе ў Еўразвяз іншым шляхам, бо схема праз Беларусь дала збой. Вялікая колькасць мігрантаў застаецца заблакаваная ў беларускіх лясах побач з мяжою. Некаторыя з іх сутыкаюцца з бесчалавечным абыходжаннем з боку беларускіх сілавікоў.

«Яны кажуць нам: калі ты не дасі мне ежы, цыгарэтаў і грошай, я забʼю цябе. Яны бачаць ува мне жывёліну, а не чалавека», – распавядае Мухамэд, мігрант з Іраку.

У медыях неаднойчы паведамлялася пра смерці мігрантаў на беларуска-еўрапейскіх межах. Так, польская паліцыя інфармавала, што знайшла каля мяжы цела 24-гадовага сірыйца, пры ім былі дакументы з беларускай візай. Паведамлялася пра смерць ад прастуды 14-гадовага хлопчыка. Беларускі Памежны камітэт заяўляў, што знайшоў мігранта ў цяжкім стане, якога ў нашую краіну нібыта зацягнулі літоўцы. Згодна з ім, пасля аказання першай дапамогі мужчына памёр.

«Мы сказалі беларускай міліцыі: калі ласка, дайце нам сысці ў Менск, калі ласка, дайце нам вярнуцца. Беларуская міліцыя кажа, што гэта не магчыма. Кажуць нам: вы мусіце ісці ў Літву, памірайце там і не вяртайцеся», – кажа Мухамэд.

Таксама ў праграме: Чаму мігранты не просяць прытулку ў Беларусі? Што выйграе ці, наадварот, страціць ад міграцыйнага крызісу Лукашэнка? І ці мае ва ўсім гэтым свой інтэрас Расея?

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым канале YouTube-канале «Белсат NEWS».

Калаж з фота: radiomirby / Telegram, Kacper Pempel / Reuters / Forum