Як «Русский мир» забівае інтэлігенцыю


Калі гавораць гарматы, музы маўчаць. Калі грыміць зброя, то не да законаў, не да культуры, не да мастацтваў. Так кажуць людзі з часоў Старажытнага Рыму. Сёння ідзе паўнавартасная вайна. А нас, беларусаў, спрабуюць запісаць у ваяўнічы «русский мир». Чаму так сталася? І што будзе далей? Гэта і будзе сённяшнім «Глабальным пытаннем».

Беларуская мова, літаратура, мастацтва, уся беларуская нацыя магла б быць зусім іншай, чым сёння. Багатай, моцнай, развітой. Але народ перанёс страшную траўму – знішчэнне элітаў у сталінскія часы.

«У тагачаснай культуры не было шанцаў. Або эміграцыя, уцёкі. Або зламаны маральна хрыбет, як зламалі Янку Купалу. Або сотні знішчаных інтэлектуалаў, як былі знішчаныя ў ноч з 29 на 30 кастрычніка», – кажа Андрэй Хадановіч, літаратар, паэт і даследнік.

Ноч расстраляных паэтаў – так называюць адзін з найтрагічнейшых эпізодаў сталінскіх рэпрэсіяў. Менавіта за адну ноч байцы НКВД расстралялі больш за сотню беларускіх грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў, выкладчыкаў, паэтаў і пісьменнікаў. Потым іх патаемна закапалі ў Курапацкім лесе каля Менску. Бо такі быў загад з Масквы.

«Усё гэта было татальна і сістэмна. Гэта было не толькі ў Беларусі, але і па ўсім сталінскім СССР. Некалькімі днямі пасля нашай трагічнай ночы ў Харкаве расстралялі ўсіх літаратараў у Доме слова», – распавядае Андрэй Хадановіч.

НКВД-шнікі расстрэльвалі масава. Курапаты каля Менску – гэта толькі адно з такіх месцаў у Беларусі. Тут закапаныя больш за 100 тысячаў чалавек. Але ці ведаем мы пра Быкіўнянскія магілы каля Кіева? Там закапалі прыкладна столькі ж украінцаў, забітых з той жа мэтаю – знішчыць нелаяльных савецкай уладзе і тых, хто можа павесці людзей за сабою – не туды, куды хоча правадыр.

«Было некалькі хваляў рэпрэсіяў супраць творчай інтэлігенцыі. Адна з найбольш вядомых называецца «Расстралянае адраджэнне». Гэта масавыя расстрэлы ўкраінскіх пісьменнікаў, навукоўцаў, археолагаў, гісторыкаў ды іншых адмыслоўцаў і публічных інтэлектуалаў Украіны ў 1920-х і практычна да канца 1930-х гадоў», – тлумачыць віцэ-міністр культуры Украіны Кацярына Чуева.

Тое самае перажыў і Казахстан. Казахская нацыянальная інтэлігенцыя была практычна знішчаная ў 1930-х гадах, кажа прафесар Казахскага нацыянальнага аграрнага даследніцкага ўніверсітэту Ханкельды Абжанаў. Агулам палітычна асуджаных, у тым ліку асуджаных на смерць там было ад двух да трох мільёнаў чалавек.

«Казахі пасля рэпрэсіяў ледзь не страцілі свой нацыянальны код. Змяніўся менталітэт народу. Страх, даносы, падхалімаж сталі істотнаю рысаю насельніцтва», – распавядае прафесар гісторыі.

У Казахстане была свая спецыфіка – там НКВД-шнікі масава запісвалі грамадскіх дзеячаў у японскія шпіёны.

«У нас быў пісьменнік Сэкен Сейфулін. Яго арыштавалі ў 1937 годзе. І сталі прыцягваць да адказнасці ягоных сваякоў. Іх прымусілі казаць, што вось ён уначы прыехаў у свой аул, з сябрамі кудысьці паехаў, перад світанкам вярнуўся – аказваецца, яны паспелі пабыць у Японіі», – распавядае Ханкельды Абжанаў.

У суседняй з намі Літве сталінскія рэпрэсіі пачаліся пазней – у 1940-м годзе, калі СССР акупаваў незалежныя Літву, Латвію ды Эстонію паводле дамовы Молатава і Рыбэнтропа, Сталіна і Гітлера. У Літве і метады былі іншыя: масавыя дэпартацыі жанчын і дзяцей у лагеры, фізічнае знішчэнне кулакоў – то бок заможных сялянаў, нацыянальна актыўных дзеячаў – то бок настаўнікаў, журналістаў, інтэлігенцыі. Ну і літоўскай шляхты – вайскоўцаў.

«Літоўскае заканадаўства зацвердзіла, што супраць палітычных і сацыяльных групаў гэта таксама быў генацыд», – тлумачыць Крысціна Бурынскайце, дырэктар дэпартаменту ў Цэнтры даследавання генацыду і супраціву ў Літве.

У 1944-м рэпрэсіі супраць культурніцкіх дзеячаў у Літве сталі выразнымі і скіраванымі на канкрэтных асобаў.

«Рэпрэсавалі ў розных формах 91 літаратара, 1651 прадстаўніка акадэмічнай і культурніцкай інтэлігенцыі ў сталінскі перыяд», – распавядае Крысціна Бурынскайце.

Грамадзяне Расеі ў сваёй масе не ведаюць ці не хочуць ведаць пра сістэмную палітыку знішчэння элітаў народаў СССР.

Вось што кажуць жыхары і госці Калінінграду:

«Тады ў кожнай рэспубліцы было і сваё, і савецкае, расейскае».

«Расейцы ўвогуле не забаранялі родных моваў. Падтрымлівалі нават».

«Яны лічаць сябе пацярпелымі, а я лічу, што Расея зашмат аддавала. Можа, і ў шкоду сабе».

«Мы моцна іх ўзбагацілі. Нашая, расейская культура. Расейскі народ заўжды ўсім дапамагаў».

«Гэтыя рэспублікі нашмат лепш жылі пры Савецкім Саюзе, чым цяпер. І СССР ніяк не прыніжаў нацыянальнага гонару гэтых народаў».

На справе ў тым жа Казахстане была афіцыйная палітыка, прапісаная ў партыйных дакументах: казахскі народ да савецкай улады нібыта быў «адсталым». Выходзілі нават манаграфіі пра тое, як бальшавікі прынеслі веды нібыта адсталым народам Сярэдняй Азіі.

«Казалі, што ў дарэвалюцыйным Казахстане толькі 2 % насельніцтва ўмелі чытаць і пісаць. Гэтая статыстыка была ўзятая са столі. Бо ў 1897 годзе ў выніку перапісу насельніцтва аказалася, што 8 % казахскага народу ўмелі чытаць і пісаць паводле расейскай граматыкі. А 56% казахаў умелі чытаць і пісаць паводле арабскай графікі», – тлумачыць Ханкельды Абжанаў.

Як распавядае прафесар Абжанаў, да савецкай улады ў Казахстане дзве траціны насельніцтва было пісьменным, там друкавалі кнігі на казахскай мове – лік ішоў на мільёны. Выходзілі газеты і часопісы па-казахску арабскім алфавітам. І там, і тут усё гэта было знішчана, каб стварыць адзіны народ – савецкі: без каранёў, без традыцыяў, са сталіцай у Маскве і з абавязковаю расейскаю мовай паўсюдна. Нацыянальнасць рэспублік выконвала хутчэй дэкаратыўную ролю.

«Перад развалам СССР 40 % казахаў забылі сваю родную мову. Удома дзед не мог размаўляць на сваёй мове са сваім унукам. Бо дзед размаўляў па-казахску, на сваёй мове, а ўнук казахскай мовы не ведаў. Ён ведаў толькі расейскую мову», – тлумачыць маштаб праблемы прафесар гісторыі.

Нічога не нагадвае? Ці ўсе маладыя беларусы ўмеюць сёння свабодна размаўляць па-беларуску? Ці можна ў Беларусі гарантавана пачуць родную мову хаця б у дзяржаўных установах? І якую мову мы пачуем у дзяржаўным тэлебачанні, на радыё, у кіно?

Жорсткая, але рэальнасць: за беларускую мову цяпер у Беларусі могуць звольніць ці затрымаць на вуліцы, арыштаваць – як і за бел-чырвона-белыя колеры ці герб «Пагоня».

«Гэта, з аднаго боку, помста незалежнай культуры, якая паўстала ў 2020-м як мірная, але эфектыўная зброя. І нашыя ворагі распазналі ў нас зброю і небяспеку, і таму помсцяць», – мяркуе паэт Андрэй Хадановіч.

Беларускі ПЭН гадамі маніторыць парушэнні правоў у галіне культуры. Са студзеня да верасня яны зафіксавалі амаль тысячу такіх дзеянняў з боку рэжыму Лукашэнкі. Ад забароны каналаў на «YouTube» да крымінальных тэрмінаў беларускім дзеячам. У турмы саджаюць рэжысёраў, літаратараў, музыкаў, выкладчыкаў…

Замест іх культурніцкую прастору захоплівае «русский мир». Сёлета ў Менску адбыўся канцэрт у гонар Дня Расеі, у Нацыянальным гістарычным музеі выступаў ансамбль казакоў, прадстаўніцтва «Россотрудничества» – «Русский дом» – актыўна апрацоўвае беларускіх дзяцей і падлеткаў, адкрывае Цэнтр расейскай мовы, гісторыі і культуры ў Полацку.

«Рэжым ужо даўно не самастойны, а марыянеткавы рэжым расейскай пуцінскай імперыі, якому дадзеная свабода ў адной галіне – рэпрэсіі супраць уласнага народу», – падсумоўвае Андрэй Хадановіч.

Яшчэ горшая сітуацыя на захопленых расейцамі тэрыторыях Украіны. Там украінскую культуру знішчаюць і разрабоўваюць. Грамадзяне з актыўнаю нацыянальнаю пазіцыяй могуць не прайсці фільтрацыйнага лагеру. Фізічна.

«Сёння не могуць знайсці некаторых пісьменнікаў, працаўнікоў музеяў. Мы не заўжды ведаем, што менавіта вывезена з украінскіх музеяў на акупаваных тэрыторыях», – распавядае віцэ-міністр культуры Украіны Кацярына Чуева.

Гэта тая ж методыка, што і ў 20-м стагоддзі: забраць культурныя каштоўнасці і на месцы знішчыць або зменшыць памяць пра людзей і народы, якія іх стваралі, кажа Кацярына Чуева: «Цяпер пад ціскам працаўнікі галіны адукацыі, якія застаюцца на часова акупаваных тэрыторыях. Іх прымушаюць пераходзіць на расейскія мадэлі выкладання, расейскую мову выкладання. Пры тым багата дзяцей вывозяць на тэрыторыю Расеі. Украінскамоўныя кніжкі ў бібліятэках замяняюць на расейскамоўныя».

Але ёсць і зваротная рэакцыя на свабодных тэрыторыях. Ва Украіне – небывалы ўздым патрыятызму. Людзі свядома пераходзяць на ўкраінскую мову, музыку, кнігі, фільмы, нават калі раней гэта было для іх цяжка. А ўсё таму, што «русский мир» прыйшоў у іхны дом са зброяй у руках.

Беларусы – гэта не расейцы. Ні са знакам якасці, ні з яшчэ якім таўром. Мы іншыя людзі, іншы, асобны народ, які сам дасць рады са сваімі справамі. І што нам дакладна не трэба, гэта імперыя і вайна.