Эрдаган выратаваў Лукашэнку ад NATO


Cёння мы запрашаем вас у Турцыю, але не на курорт і не на рынак, а ў гарачую геапалітычную вандроўку.

«Мой народ мусіць навучыцца прынцыпам дэмакратыі, дыктату праўды і ўрокам навукі. Забабоны павінны знікнуць». Так казаў Мустафа Кемаль Ататурк, рэфарматар і баявы камандзір, першы прэзідэнт Турэцкай Рэспублікі, які стварыў на сутыку Еўропы і Азіі перадавую і свабодную дзяржаву.

«Кожны правакатар ці адмарозак, які падыме руку супраць уладаў, мусіць быць пэўны, што ўлады адсякуць ягоную руку». Так кажа Рэджэп Эрдаган, сённяшні турэцкі прэзідэнт, які паступова ператвараецца ў султана.

Турцыя – гэта не толькі мора і гістарычныя краявіды. Гэта 84 мільёны чалавек і важны для Беларусі рынак.

«Турцыя – адзін з нашых галоўных гандлёва-эканамічных партнёраў, так склалася даўно… Мы туды пастаўлялі і металапрадукцыю, і нафтахімічную прадукцыю дастаткова актыўна. Спрабавалі нават зрабіць зборкавую вытворчасць МАЗу і трактароў нашых, але гэты праект пакуль не пайшоў», – распавядае беларускі дыпламат Андрэй Садоўскі, які раней працаваў у Анкары.

Турэцкія фірмы ўдзельнічаюць у беларускіх будаўнічых праектах і ў нашых свабодных эканамічных зонах. Туркі традыцыйна вязуць да нас на продаж вопратку і аграрную прадукцыю. Ёсць і шэрыя схемы. 4-5 гадоў таму праз Беларусь у Расею кантрабандай траплялі турэцкія памідоры, якія Крэмль забараніў есці расейцам за тое, што Турцыя збіла расейскі бамбавальнік падчас парушэння турэцкай паветранай прасторы.

«Здрадніцкія ўдары ў спіну ад тых, каго мы лічылі саюзнікамі і партнёрамі», – абураўся тады Уладзімір Пуцін.

Цяпер замест памідораў будуць цытрусавыя – «Расспажыўнагляд» знайшоў у турэцкіх мандарынах сляды пестыцыдаў адразу пасля таго, як Украіна ўпершыню ўжыла ў баі турэцкі ўдарны дрон «Байрактар ТБ-2».

«Гісторыя мае прымусіць задумацца тых, хто ўзбройвае падкантрольны неанацыстам Кіеўскі рэжым», – абураецца цяпер Сяргей Лаўроў.

26-га кастрычніка расейскія гібрыдныя сілы ў Данецкай вобласці абстралялі ўкраінскія пазіцыі з гаўбіцаў. Адзін украінскі вайсковец загінуў, адзін быў паранены. Узброеныя сілы Украіны знішчылі гаўбіцу кіраванаю ракетаю з турэцкага дрона ў адказ, што не супярэчыць Менскім дамоўленасцям.

«Цэль знішчаная, чалавечкі разбягаюцца. Зарад быў невялікі – менавіта для знішчэння адной гарматы», – як тлумачыць украінскі эксперт Паўло Лакійчук, гэта была дэманстрацыя магчымасцяў, каб баевікі ведалі, што пасля артылерыйскага ўдару могуць атрымаць ракету ў плечы. Украіна купіла «Байрактары» яшчэ за часоў прэзідэнта Парашэнкі і даўно выкарыстоўвала іх, але раней толькі як сродак выведкі.

«Над тэрыторыяй баявых дзеянняў на Данбасе, на мяжы з акупаваным Крымам, падчас абвастрэння абстаноўкі на беларускай мяжы і над Чорным морам», – распавядае кіраўнік праграмаў бяспекі Цэнтру Глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» (Кіеў).

Турэцкі ўдарны дрон лятае далёка і высока, каб не збілі, бачыць у розных дыяпазонах – ад яго цяжэй схавацца, і мае высокадакладную зброю для кропкавых удараў. Таксама «Байрактар» працуе наводчыкам.

«Цэлеўказанне для артылерыйскіх сістэмаў, супрацькарабельных ракетных комплексаў, тактычных ракетных комплексаў на большую дыстанцыю ўжывання», – тлумачыць Паўло Лакійчук.

І самае важнае: нават калі гэты бамбавальнік сабʼюць – пілот застаецца жывым.

«Падчас візіту прэзідэнта Польшчы ў Турцыю будуць набытыя 24 дроны, узброеныя супрацьтанкавымі ракетамі. Гэтая зброя спраўджаная ў баі, на войнах», – заявіў міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак.

Тры гады таму сваімі ўдарнымі дронамі туркі паспяхова разграмілі войскі Башара аль-Асада на поўначы Сірыі, спаліўшы дзясяткі адзінак дарагой бранятэхнікі – у тым ліку расейскія сістэмы паветранай абароны «Панцыр-С1». «Панцыры», якія, па ідэі, мусілі збіваць гэтыя дроны, гарэлі ад турэцкіх ракетаў і ў Лівіі, калі Анкара выступіла супраць расейскага саюзніка – генерала Хафтара.

Турэцкія ўдарныя дроны на ўзбраенні Азербайджану далі яму перавагу летась падчас вайны ў Нагорным Карабаху супраць расейскага саюзніка – Арменіі, якая ваявала, хутчэй, па-савецку, кажа эксперт Паўло Лакійчук: «Азербайджанцы зрабілі стаўку на выведку ды цэлеўказанне з дапамогаю «Байрактару» – і выйгралі».

Днямі турэцкі прэзідэнт Рэджэп Эрдаган лётаў у Карабах, каб урачыста разам з Ільхамам Аліевым адкрыць будоўлю аўтадарогі, якая стане часткаю будучага Зангезурскага транспартнага калідору між Турцыяй і Азербайджанам праз Арменію. Гэта была дэманстрацыя моцы і перамогі.

«Спалучэнне Турцыі з Азербайджанам праз Зангезур было стратэгічнаю мэтаю панцюркскіх асяроддзяў і панцюркскай ідэалогіі яшчэ з канца Першай сусветнай вайны. Але варта памятаць, што кантроль над гэтым Зангезурскім калідорам – у руках Расеі», – нагадвае эксперт у Блізкім Усходзе Вітальд Рэпетовіч, аўтар парталу DEFENCE24.PL.

Не варта думаць, што Эрдаган – антырасейскі палітык, ён хітра лавіруе між Захадам і Усходам у прыватных інтарэсах. Напрыклад, прэзідэнт Турцыі пайшоў на канфрантацыю з саюзнікамі з блоку NATO, калі набыў расейскія сістэмы паветранай абароны С-400. І плануе купіць яшчэ партыю. Адпаведна, з гарантыйным доступам расейскіх тэхнічных спецыялістаў. А гэта патэнцыйная пагроза для натаўскіх самалётаў.

«Каб комплекс не збіў сваіх самалётаў, сістэма «свой – чужы», яны з імі ўзаемадзейнічаюць. Такім чынам, інфармацыя ад ПВС Турцыі будзе паступаць на гэтыя комплексы, адкуль расейцы маюць магчымасць гэтую інфармацыю счытваць», – тлумачыць Паўло Лакійчук.

Ёсць і іншыя гешэфты з Масквою. Турцыя імпартуе расейскі газ праз трубаправод «Блакітная плынь» – каля 17 мільярдаў кубаметраў за год, а таксама праз «Турэцкую плынь» – магутнейшую ў 2 разы. «Турэцкая плынь» з’явілася пасля таго, як разваліўся праект Пуціна і Мілера «Паўднёвая плынь» – гэты газаправод мусіў дастаўляць паліва ў Аўстрыю і Італію ў абыход Украіны. Але калі расейскія «зялёныя чалавечкі» анексавалі Крым, недабудаваную трубу перанакіравалі ў Турцыю, якая цяпер сама можа выгадна перапрадаваць газ еўрапейцам. Аднак і залежнасці ад «Газпрому» у Анкары няма – туркі паспяхова карыстаюцца трубаправодам ад Азербайджану ажно да Італіі.

Эрдаган скарыстаўся расейскімі дзеяннямі ў Крыме, каб атрымаць ад Пуціна выгадныя газавыя кантракты. Хаця Турцыя выступае рэзка супраць анексіі паўвострава.

«Крымскае пытанне – гэта крымскія татары, якія не толькі адзінаверцы туркаў, але і вялікая дыяспара ў самой Турцыі, вялікая і ўплывовая», – нагадвае ўкраінскі эксперт.

У кожнага харызматычнага правадыра мусіць быць свой глабальны праект. У Эрдагана гэта абʼяднанне цюркаў – носьбітаў цюркскіх моваў, большасць з іх мусульмане. Уйгуры ў Кітаі, казахі, узбекі, туркмены, кіргізы, азербайджанцы, жыхары Татарстану і башкіры ў Расеі, крымскія татары і нашыя, беларускія татары. Агулам 160 мільёнаў чалавек па ўсім свеце.

«Нацыяналізм выкарыстоўваецца Эрдаганам як фактар абʼяднання турэцкага грамадства вакол сябе. Ён пачынаў, дарэчы, як антынацыяналіст», – прыгадвае кіраўнік ГА «Крымская Медыяплатформа» Асман Пашаеў.

«Панцюркізм у гэты момант не стратэгічная дактрына, а інструмент рэактыўнай палітыкі. З аднаго боку, здабыты Зангезурскі калідор, а з іншага – Турцыя цалкам забыла пра ўйгураў у Кітаі, каб не псаваць стасункаў з Пекінам», – кажа Вітальд Рэпетовіч.

Але такая рэактыўная палітыка і прапаганда могуць несці небяспеку новых войнаў.

«У 2016-ым – 17-ым гадах у важных турэцкіх медыях, кантраляваных уладамі, былі вельмі папулярныя розныя мапы Турцыі ў межах, істотна шырэйшых за сённяшнія. Там была частка паўночнага Іраку, была паўночная Сірыя, а таксама элементы Грэцыі і Балгарыі. Тады можна было чакаць анексіі паўночнага Іраку, але гэтага не здарылася. З іншага боку, Турцыя акупуе частку паўночнай Сірыі. А за апошні год зʼявіліся пагрозы анексіі некаторых грэцкіх астравоў і пашырэння турэцкай зоны на Кіпры», – нагадвае эксперт DEFENCE24.PL.

Як тлумачыць Вітальд Рэпетовіч, у захопленых раёнах Сірыі туркі не проста наводзяць свае парадкі і ўводзяць турэцкую адукацыю ў школах. Яны перасяляюць туды сірыйскіх туркменаў ды іншых уцекачоў за кошт курдскага насельніцтва.

«Гэтыя людзі не жылі там, у паўночнай Сірыі. Іх селяць замест выгнаных курдаў. Я ўжо атрымліваю паведамленні, што ў выніку турэцкіх пагрозаў курды не адчуваюць сябе там у бяспецы. Гэта становіцца матывацыяй ляцець у Менск і адтуль штурмаваць польскую мяжу», – тлумачыць Вітальд Рэпетовіч.

Беларускія чыноўнікі маглі скарыстацца турэцкім досведам для стварэння міграцыйнага ціску на Еўразвяз – не выключае былы дыпламатычны працаўнік у Турцыі Андрэй Садоўскі. Бо Эрдаган гэтым займаецца даўно.

«Стрымліванне плыняў уцекачоў на тэрыторыі Турцыі, сірыйскіх ды іншых. Рахунак тут ідзе на мільёны. У абмен на мільярдныя фінансавыя ўліванні з боку таго самага Еўрапейскага Звязу», – нагадвае Андрэй Садоўскі.

У Эрдагана вельмі добрыя стасункі з Лукашэнкам, дзякуючы яму блок NATO не ўвёў жорсткіх санкцыяў за прымусовую пасадку ў Менску авіярэйсу Афіны – Вільня. Гэта была падзяка за 2016-ты год, калі пасля няўдалай спробы ваеннага перавароту Эрдаган распачаў рэпрэсіўную кампанію супраць усіх апазіцыйных сілаў, нават далёкіх ад вайскоўцаў.

«Беларусь, безумоўна, падтрымала пазіцыю дзейнага кіраўніцтва, Эрдагана асабіста, нягледзячы на тое, што адбылося далей. Усе мы ведаем, якія ішлі рэпрэсіі. Уласна, яны і працягваюцца», – нагадвае беларускі дыпламат.

«Гэта адчуваецца нават у страху людзей выказвацца праз вельмі моцны пераслед любых ініцыятываў апазіцыйнага плану», – тлумачыць Асман Пашаеў.

Былі арыштаваныя дзясяткі тысячаў чалавек, са службовых пасадаў масава звальнялі суддзяў, вайскоўцаў, чыноўнікаў, прафесараў.

Неабмежаваная ўлада нараджае самадурства і карупцыю, карупцыя вядзе да некампетэнтнасці, разам яны разбураюць гаспадарку і прыватны бізнес, а ўсім незадаволеным неабмежаваная ўлада рыхтуе рэпрэсіі. А калі самадур прырос да трона, то будзе трымацца за яго, колькі можа. Беларусы адчулі гэта на сабе. Гэтак сама, як і туркі.

Турцыя яшчэ не дайшла да поўнага таталітарызму.

«У краіне вельмі моцная грамадзянская супольнасць. Гэта адрознівае Турцыю ад іншых прыкладаў, калі параўноўваць з Беларуссю… Вялікая колькасць судоў, працэсаў супраць журналістаў вельмі часта канчаюцца рашэннямі судоў, якія не заўжды супадаюць з рашэннямі ўладаў – пракурораў і абвінаваўцаў», – падкрэслівае Асман Пашаеў.

Але эксперт нагадвае, што пасля здушэння апазіцыі Рэджэп Эрдаган правёў палітычныя рэформы на заканадаўчым узроўні: «Паўнамоцтвы прэзідэнта вельмі шырокія і шмат у якіх пытаннях не абмяжоўваюцца парламентам. Па сутнасці, гэта суперпрэзідэнцкая рэспубліка. Вельмі шмат ёсць контраверсійных рашэнняў, якія прымаюцца ўказамі прэзідэнта».

Афіцыйна прэзідэнт атрымаў больш улады, каб хутчэй кіраваць гаспадаркай і вывесці эканоміку з крызісу. Але ў выніку для простых туркаў бяда бяду гоніць.

«Вельмі моцная дэвальвацыя турэцкай ліры. Яна наблізілася да паказніка 10 ліраў за 1 долар. Гэта большыя страты, чым ва Украіны, якая перажыла вайну», – кажа Асман Пашаеў.

Турэцкае грамадства не здаецца: 2 гады таму партыя Эрдагана прайграла муніцыпальныя выбары ў такіх буйных гарадах, як Анкара і Стамбул. А наперадзе – прэзідэнцкія выбары.

«Шмат у чым 2023 год будзе вызначальным, калі выбары пройдуць дэмакратычна. А пакуль што да выбараў, да выбаркаму ў Турцыі прэтэнзіяў няма», – тлумачыць Андрэй Садоўскі.

Усход – справа тонкая. А міжнародная палітыка – сфера шматузроўневая. І каб нам, беларусам, упэўнена адчуваць сябе ў глабалізаваным свеце, натуральна, трэба ведаць, што і дзе адбываецца.

Дасылайце нам свае Глабальныя Пытанні на @Belsatbot у Тэлеграме з пазнакай «Для Яраслава Сцешыка». Да сустрэчы роўна праз тыдзень.