Былы студэнт пра затрыманне, пераслед і ратаванне за мяжою


Здымачная група «Маю права» сустракаецца ў Літве з былым студэнтам Канстанцінам (імя змененая ў мэтах бяспекі нашага героя).

«Многім асобам, якія цяпер на тым баку, можа пагражаць небяспека ад сказаных мною словаў. Таму я не паказваю свайго твару, не называю свайго імя», – адразу папярэджвае карэспандэнтаў Канстанцін.

Былы студэнт кажа, што падзеі пачалі разгортвацца летась, напачатку верасня. Як звычайна, наш герой з іншымі студэнтамі накіраваўся ва ўніверсітэт на заняткі. Аднак маладзёны ведалі, што правядуць запланаваную акцыю.

«На акцыю прыехала так званая міліцыя, – прыгадвае тыя падзеі Канстанцін. – Калі пачалі «вінціць» майго таварыша, я кінуўся да яго на дапамогу, спрабаваў адштурхнуць амапаўца. Яны былі ў цывільным, а таксама з балаклавамі, цалкам закрытыя твары. Калі я намагаўся дапамагчы, накінуліся на мяне».

У выніку Канстанцін апынуўся ў аўтазаку, са звязанымі пластыкавымі сцяжкамі рукамі. Так пачаўся шлях затрыманых на акцыі ў РУУС.

«Ужо непасрэдна ў аўтазаку, калі завялі ўсіх затрыманых хлопцаў, я апынуўся ў прывілейным становішчы: ляжаў на падлозе са звязанымі рукамі, – распавядае Канстанцін. – Амапавец у берцах паставіў сваю нагу мне на шыю. Пачалі пагражаць, што ў турму адправімся, што збіваць будуць. Так мы каталіся хвілінаў 30, пакуль не прыехалі ў адно з РУУСаў Менску».

Мaю прaвa
Калі СК і Нацбанк скралі ў яго грошы ад «BY_help», з’ехаў у Кіеў
2021.04.30 20:05

Пасля вызвалення маладзён звярнуўся ў прыватны медычны цэнтр, каб спраўдзіць стан свайго здароўя, бо атрымаў падчас затрымання некалькі ўдараў па галаве. На шчасце, даследаванне не выявіла сур’ёзных пашкоджанняў. Былі зафіксаваныя абдзёртасці, сінякі і выцятыя месцы. А праз месяц адбыўся суд.

«Класічны беларускі суд, дзе сведкі з боку абвінавачвання – амапаўцы ў балаклавах, – распавёў Канстанцін. – Суддзя Міхаіл Хома меў ужо плямы на рэпутацыі, вынес шмат палітычна матываваных прысудаў. Але ў маім выпадку абышлося штрафам».

Пазней да бацькоў нашага героя, па месцы ягонай рэгістрацыі, прыехалі оперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку. Навялі «шораху» без пратаколу, папалохалі бацькоў. Далей на пошту пачалі прыходзіць заказныя лісты з позвамі ў Партызанскі РУСК, дзе было пазначана, што Канстанцін праходзіць у справе ў якасці сведкі.

«У бацькоў на гэтай падставе пачаліся праблемы са здароўем, фізічным і ментальным, – прыгадвае той час Канстанцін. – Таму я вырашыў спыніць сваю барацьбу ў Беларусі і з’ехаць, каб абараніць сваю сям’ю».

Мaю прaвa
«РСП»: «Мы вернемся, і будзе грандыёзны канцэрт»
2021.09.17 16:06

Наталля Калегава, дырэктарка некамерцыйнай арганізацыі «Dapamoga» (Вільня), кажа, што пра хуткі ад’езд Канстанцін не думаў:

«Жаданне заставацца ў шыхце ў яго было да апошняга. Калі стала зразумелым, што рэпрэсіі набіраюць моц, было прынятае рашэнне, што ён зляціць у Маскву, адтуль у Стамбул, а ўжо са Стамбулу прыляціць да нас».

Але спрацавала агульная расейска-беларуская база Саюзнай дзяржавы, і выезд Канстанціна стаў немагчымым.

«У аэрапорце мяне затрымалі прадстаўнікі ФСБ, – патлумачыў Канстанцін карэспандэнту «Маю права». – У досыць выразнай форма казалі, што з Расеі я вылецець не змагу».

Мaю прaвa
Ад звальнення з МТЗ да эміграцыіі
2021.06.04 20:05

 

Былому студэнту давялося застацца ў маленькім правінцыйным мястэчку. Там не было ніякай легальнай магчымасці ўладкавацца на працу да нават займацца звычайнымі штодзённымі справамі. Гэткае жыццё хутка надакучыла нашаму герою, і ён намерыўся выбірацца адтуль. У той момант адзіным прымальным планам было вярнуцца з Расеі ў Беларусь, а ўжо адтуль зноўку паспрабаваць пакінуць межы краіны. З Расеі вярнуцца ў Беларусь было не так складана. На радзіме Канстанцін правёў некалькі тыдняў.

«У ліпені я пакінуў Беларусь. Я пераплыў адну з рэчак у памежнай зоне і апынуўся ў Літве, – прыгадвае Канстанцін. – Цягам 10 дзён я быў у лагеры для нелегальных мігрантаў на памежнай заставе. Пасля каранціну апынуўся на волі».

Цяпер Канстанцін стаіць у чарзе на атрыманне статусу.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Свабодаю, жыццём, здароўем і дзецьмі – не гандлююць

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.