Рэкордным штрафам 180 базавых і ноччу на Акрэсціна пакаралі жыхарку Лебядзінага Веру. Ва ўсім вінаваты коцік!


Мікрараён Лебядзіны вядомы тым, што яго жыхары ледзь не штодня дэманструюць сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне. Таму візіт сілавікоў 10 сакавіка больш нагадваў карную аперацыю.

Нашая гераіня, жыхарка Лебядзінага Вера, была сярод затрыманых увечары 10 сакавіка. І хаця новы Адміністратыўны кодэкс забараняе трымаць жанчын, што выхоўваюць няпоўнагадовых дзетак, больш за тры гадзіны, ноч Вера правяла на Акрэсціна, адкуль выйшла з рэкордным штрафам – 180 базавых велічыняў, што складае больш за 5200 беларускіх рублёў.

Жыхарка Лебядзінага Вера.
Фота: Белсат

Вера ішла набываць корм для коціка. Без сцягоў і сімволікі. Проста прагульвалася па сваіх справах.

«Калі праходзіла праз плошчу, насупраць «Віталюру», да мяне падышлі і паведамілі, што я затрыманая. Гэта былі асобы ў цывільным, яны адмовіліся назвацца. Нас запакавалі ў бус, завезлі ў Цэнтральны РУУС. Нам прыпісвалі крыкі «Жыве Беларусь!», сцягі… Але гэтага не было! Мяне прызналі вінаватай і ў супраціве! Напісалі пратакол на 6 старонак!»

Супрацоўнікі спраўджвалі ўзрост дзіцяці. Вера сказала, што яе дачцэ 3,5 года. Паводле новых правілаў Адміністратыўнага кодэксу яе не мелі права затрымліваць больш як на 3 гадзіны, але ўсё адно адправілі на Акрэсціна. Для маленькай дачкі Васілінкі раптоўная адсутнасць мамы сталася такім стрэсам, што ў дзіцяці здарылася істэрыка.

Жыхарка Лебядзінага Вера разам з дачкой Васілінкай.
Фота: Белсат

«Да самай смерці буду памятаць, як каля камеры нас прымусілі разуцца – і далі скураныя дубовыя тапкі. У мяне шалёна мерзлі ногі – і ўначы дзяўчынка, сукамерніца, нацягвала мне сваю шапку на ногі, каб я крышку сагрэлася…» – успамінае Вера.

На Веру склалі два пратаколы. Адзін з іх – за несанкцыянаванае мерапрыемства, а другі – за непадпарадкаванне каля РУУСу, дзе апынулася выпадкова. Камеры нібыта не працавалі, таму не маглі зафіксаваць, як Вера не падпарадкоўвалася.

«Каб аплаціць штраф на больш чым 5000 рублёў пры маім заробку, мне трэба працаваць больш за паўгода, пра што я паведаміла суддзі. Яе гэта не спыніла. У мяне быў шок!» – кажа гераіня.

Жыхарка Лебядзінага Вера разам з катом Барсікам.
Фота: Белсат

Гераіня лічыць, што гэта была акцыя помсты і запалохвання тых, хто актыўнічае. Вера разважае над сітуацыяй, у якой апынулася: «Апошнім часам ніякіх жаданняў у мяне няма. Не ўяўляю, як можна есці святочны аліўе, калі Лосік галадае. Калі ўжо скончыцца гэты страшны сон… Парадаксальна, але пасля затрымання, суда, Акрэсціна, пасля такога вялізнага штрафу чамусьці няма страху, а з’явілася адчуванне, нібыта цябе яшчэ больш раззлавалі! Яны думалі, застрашаць, а атрымліваецца наадварот. Ужо надакучыла баяцца!»

Калі вы хочаце дапамагчы нашай гераіні пакрыць штраф і такім чынам выказаць падтрымку ўсім жыхарам Лебядзінага (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.