Лукашэнка ўзяўся за мадэрнізацыю абутковых фабрык


Улады маюць ідэю, як падняць прынамсі адну стратэгічную галіну айчыннай гаспадаркі. Ударнымі тэмпамі распачынаецца мадэрнізацыя абуткова-гарбарнай прамысловасці. Як гэта адаб’ецца на гаманцах беларусаў, разбіраемся ў праграме «Эканоміка з Чалым».

Улады вырашылі абуць беларусаў. І суседзяў, і ўвесь свет – у беларускі абутак. Лукашэнка наведаў завод у Гатаве. Што з сябе ўяўляе прадпрыемства?

«Ён насамрэч быў адным з двух вельмі крутых гарбарных заводаў, якія будавалі з удзелам замежных тэхналогіяў. У Савецкім Саюзе было два такіх крутых заводы. Адзін – у Разані, другі – у нас. У Беларусі гэта самы вялікі, самы тэхнічна абсталяваны гарбарны завод. Там 500 чалавек працуе. Прадпрыемства здольнае перапрацоўваць прыкладна 60 адсоткаў усёй сыравіны скураў у краіне. У 2016 годзе закончыўся асноўны этап мадэрнізацыі», – расказвае эканаміст Сяргей Чалы.

Але не абавязкова прадпрыемства сутыкаецца з сумнеўнай мадэрнізацыяй, лічыць адмыслоўца. Ёсць у Беларусі гісторыя поспеху, калі стратнае прадпрыемства набываў прыватнік і выходзіў на рэнтабельнасць. У Віцебску Мікалай Мартынаў стварыў невялікае прыватнае прадпрыемства, якое мы ведаем як «Марка» (Мартынаў and Company). Спрабуючы развівацца, Мартынаў у 2008 годзе набывае дзяржаўную долю стратнага заводу «Чырвоны Кастрычнік» – за невялікія грошы, але з абавязкам пагання яго даўгоў.

«У выніку не дзяржаўны гіганцкі холдынг, а прыватны працуе дастаткова паспяхова. Адна з прапанова, якая прагучала пры наведванні 23 сакавіка Лукашэнкам Гатава, была якраз стварыць тое самае з Гатава, як калісьці зрабіў «Марка» (…) І Лукашэнка з гэтым не пагадзіўся», – дадае эканаміст.

Калі б сітуацыя развівалася натуральным чынам, без умяшання дзяржавы, хутчэй за ўсё ў галіне з’явілася б некалькі прыватных вытворцаў абутку, якія самастойна развіваліся і паступова выкуплялі б у дзяржавы тых вытворцаў сыравіны, якія ім трэба. І куплялі б тыя скуры, якія ім трэба. Але чаму дзяржава на гэта не ідзе?

«Па-першае, праз гігантаманію: давайце закрыем увесь рынак. Па-другое, давайце, прымусім вырабляць тое, што трэба з пункту гледжання дзяржавы, а не тое, што дыктуе рынак».

Таксама ў праграме «Эканоміка з Чалым»:

  • Як разліваецца беларуская вакцына ад каронавіруса

Калаж з фота: Metzel Mikhail / TASS / Forum, pixabay.com

Belsat.eu