«Калі мяне зловяць, то вывезуць у лес». Сведка забойства Тарайкоўскага


У праграме «Беларускі свет» пачуем дэтэктыўную гісторыю ўцёкаў з Беларусі на ровары, пазнаёмімся з ацалелым сведкам забойства Аляксандра Тарайкоўскага і пабываем у Берліне на акцыях салідарнасці, у якіх удзельнічае лідарка гурта «Крыві».

10 жніўня Вячаслаў Смольскі быў каля метро «Пушкінская» ў Менску і на ўласныя вочы бачыў забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Ён нават зняў гэтую трагедыю на вiдэа.

«Аляксандр Тарайкоўскі быў у самым першым шэрагу. Ён ішоў адзін, стаў метраў за дваццаць ад сілавікоў «Алмазу». (…) Ён ішоў у шортах, майцы, з паднятымі рукамі. У руках не было нічога. Пасля ягонага забойства МУС дасць інфармацыю, што ён падарваўся на самаробнай прыладзе. Але ў гэты момант я здымаў відэа, дзе бачна, што ў ягоных руках няма нічога. Відаць, што ён загінуў ад мэтаскіраванага стрэлу ў сэрца. Першы стрэл быў смяротны», – згадвае Вячаслаў.

Пасля таго, як мужчына падзяліўся відэаздымкамi са штабам Бабарыкі ды медыямі, нехта выламаў замок у кватэры Вячаслава. Асцерагаючыся за сваё жыццё, Смольскі з’ехаў у Кіеў.

«Для мяне гэта быў апошні званок. Да гэтага разумеў, што я сведка забойства, здзейсненага аднымі з найлепшых сілавікоў, якія ў свеце займаюць першыя тры месцы на сваіх спаборніцтвах. І жадаючы дамагчыся праўды, каб вінаватыя былі пакараныя і каб іх чакаў трыбунал, у прынцыпе, я падпісваю сябе смяротны прысуд. Калі мяне зловяць, то вывезуць у лес», – дадае Вячаслаў.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Беларус пераадолеў шлях з Менску ў Кіеў праз Расею на ровары, начаваў у стагах сена, быў затрыманы працаўнікамі ФСБ РФ.
  • Жывы мемарыял памяці Раману Бандарэнку насупраць амбасады Беларусі ў Кіеве пад назваю «Варта святла».
  • Забароненая ў Беларусі рок-этна-спявачка, лідарка гурта «Крыві» Вераніка Круглова актыўна падтрымала акцыі салідарнасці ў Берліне.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu