Літоўская пара «захапіла» краму IKEA ў Вільні


Эрыкас Малішаўскас і ягоная дзяўчына замянілі ўсе фотаздымкі ў краме IKEA на свае. Цяпер замест стандартных выяваў у віленскай краме шведскай сеткі тавараў для дому – здымкі з рэальнага жыцця.

Хлопец і дзяўчына прызнаюцца, што лічаць фотаздымкі ў ікееўскіх крамах фальшывымі і нуднымі.

«Таму мы вырашылі замяніць іх уласнымі», – распавядае пара сваю гісторыю на сайце «Bored panda».

Яны палічылі ўсе рамкі ў краме, раздрукавалі неабходную колькасць здымкаў і прыехалі ў краму ў суботу, калі там найбольш людзей. Спачатку фатаграфіі яны мянялі ўпотай, але пазней заўважылі, што на іх ніхто не звяртае ўвагі, і сталі дзейнічаць у адкрытую.

У выніку ва ўсіх рамках з’явіліся іхныя супольныя партрэты, здымкі з вандровак ды п’янак, а таксама фатаграфіі з дзяцінства. Агулам пара замяніла каля ста фатаграфіяў. Сваю акцыю яны назвалі «Ikeaception» (па-ангельску «interception» – «захоп»).

«Мы ганарымся быць новым тварам IKEA», – кажуць яны.

Фота – Erikas Mališauskas

Каментары