Андрусь Горват Зямля не можа быць сваёй, калі яна імя Дзяржынскага

вясковы назіральнік

IMG_1278
Сядзеў я ў сваім агародзе і палоў буракі. Раптам знекуль прама па маёй разоры ідзе нянаскі хлопец гадоў дзевятнаццаці.

– Здароў, хадзяін!

– Здароў.

– Слухай, а ты не ведаеш, якая гэта вёска?

– Прудок.

Партызаны-прудкаўцы не ўхвалілі б, што я прызнаўся. Трэба, як баба Наташа, усё адмаўляць: «Нічога не ведаю, хлопча. Я ўжо старая і хворая. А што ведала, даўно забылася. Ідзі з Богам і не дуры мне галаву. Няма ў мяне часу».

І – перахрысціць яго. А як павернецца спіною, ціхенька плюнуць уследкі тры разы – на ўсялякі выпадак, ад суроку.

– А мне трэба ў Крышычы.

– То ідзі прама два кіламетры.

Я ўзгадаў, што ў Крышычах жыў Сяргей Палуян – вельмі таленавіты, апантаны нацыянальнымі ідэямі беларускі пісьменнік і публіцыст, найлепшы сябра Максіма Багдановіча, адзін з аўтараў колішняй «Нашай Нівы».

 

20160523-0001Палуян – гонар калінкавіцкай зямлі. Але мясцовыя старшыні ды ідэолагі ніяк не выкарыстоўваюць яго імя. Я не маю гэтаму цэнзурных тлумачэнняў.

Сяргей скончыў жыццё самагубствам у дзевятнаццаць год – столькі ж, напэўна, гэтаму хлопцу, які пайшоў у Палуянаву вёску.

А болей за сто год таму тым самым шляхам Палуян прыходзіў у Прудок і агітаваў мясцовую моладзь. Мой прадзед быў на шэсць гадоў старэйшы за яго. Ён быў самым заможным і ўплывовым тут. То, пэўна ж, сустракаўся з Палуянам. Мо нават піў з ім сівуху, як мы ўчора з палякамі, якія прыехалі да мяне ў госці, і з якімі мы гаварылі пра Сяргея Палуяна. А прудкаўцы недаверліва пазіралі на нянаскія нумары машыны і ўсміхаліся, калі іх называлі панамі.

Дзіўна быць панамі на фоне парахні на сценах.

Хадзяін з вуліцы Дзяржынскага

20150718-0006Андрусь Горват

Апроч Палуяна, мы размаўлялі пра тое, якое слова больш беларускае – гаспадар ці хадзяін. Я ў слове «хадзяін» чую, як нехта ходзіць па сваёй зямлі. Ходзіць і ладуе яе. От як я палоў буракі, а той хлопец сказаў: «Здароў, хадзяін».

Але цяпер хаджу не я, а ідзе дождж. За вокнамі хмарна, вецер дзьме і размазвае халодную ваду з тых хмар па агародзе і сцяне маёй хаты. «Парахня сыплецца са сцен, мох паўсыхаў на стрэхах. Гніе вёска ў гразі і брудзе, а хоча яшчэ аджыць на сонцы», – пісаў Сяргей Палуян пра суседнія Крышычы.

Палякі з’ехалі на тую зямлю, дзе яны хадзяіны, а я сяджу і гляджу на мокрую вуліцу імя Дзяржынскага. Я думаю пра тое, што я не хадзяін на ёй. І не таму, што дождж, а таму, што зямля не можа быць сваёй, калі яна імя Дзяржынскага.

І я дакладна ведаю, што зраблю, калі дождж скончыцца, – я пераназаву сваю вуліцу. У паўтара кіламетра вуліцы Дзяржынскага я скраду сорак метраў даўжыні і назаву гэтыя сорак метраў вуліцай імя Сяргея Палуяна. Я не буду чакаць лепшых часоў.

Хоць парахня і сыплецца са сцен, але мая хата, як той казаў, «хоча яшчэ аджыць на сонцы». І я хачу.

А паколькі мая хата скрайняя, я дам ёй нумар адзін. І павешу шыльду:

Вуліца імя Сяргея Палуяна, 1.

Потым я прайду ўсе сорак метраў па вуліцы ўздоўж плота – прайду як хадзяін.

Я скажу паштарцы, што цяпер жыву на Палуяна, каб яна не шукала маю хату ў лесе.

Яна здзівіцца:

– Вой, Андрушачка, а чаму Палуяна?

А я скажу:

– А вам падабаецца Дзяржынскага?

А яна скажа:

– А хіба можна выбіраць? Як назвалі, так і е.

А я скажу:

– Можна. Мы тут ходзім. Мы тут хадзяіны.

Лісты ў будучыню

Мой прадзед Андрэй, ужо пасля смерці Палуяна, калі ў Прудок прыязджалі камісары, усё кідаў і праз акно выходзіў у агарод і хаваўся там у бураках.

– А дзе хадзяін?

– А няма хадзяіна.

Усё гэта скончылася высылкай на руднікі. Але не, не скончылася. Цяпер у Прудку жыву я, і гэты вірус, які распаўсюдзіў Палуян даўно-даўно, болей за сто год таму, не пераможны, не вылечаны і не знішчаны.

У мяне няма магчымасці пагутарыць з Палуянам, каб ён і мяне загітаваў. Але ў мяне ёсць яго кніга, якая нібы наўмысна называецца «Лістамі ў будучыню». І гісторыя, як яна трапіла ў Прудок, таксама – нібы наўмысная. Трынаццаціюрадны брат майго прадзеда, маршалак шляхты Менскай губерні Атон Горват, ахвяраваў грошы на будаўніцтва купалаўскага тэатру. А праз сто год супрацоўніца тэатру прачытае ў «Нашай Ніве» (у якую колісь пісаў Палуян) пра мяне і дашле ў Прудок «Лісты ў будучыню».

Майго прадзеда саслалі, яму не далі вырасціць зерне, кінутае ў Прудку Палуянам. Праз трынаццаціюраднага родзіча, «Нашу Ніву», купалаўскі тэатр і цэлых сто год я, такі самы Андрэй Горват з Прудка ізноў трымаю ў руках тое самае зерне Палуяна.

І я чытаю ў ім: «Толькі той можа шанаваць чужое, хто сваё найперш шануе». Не можа гісторыя закручвацца ў такія дзіўныя спіралі проста так!

І гэты дождж быў толькі для таго, каб я заўважыў, што ўжо доўга сяджу ў агародзе і забыўся, што любоў да людзей пачынаецца з любові да сябе, а любоў да ўсяго свету пачынаецца з любові да сваёй нацыі.

Гэты дождж быў толькі для таго, каб я спыніўся палоць буракі і падумаў, ці хадзяін я на сваёй зямлі – ці хаджу я па зямлі сваёй.

Гэты дождж быў толькі для таго, каб у мяне была магчымасць паведаміць раённым ідэолагам і старшыням: я хаджу па той зямлі, па якой хадзіў Сяргей Палуян. Вы можаце замоўчваць памяць пра яго. Вы можаце маліцца на свайго Дзяржынскага. Вы можаце, але сорак метраў кантролю вы ўжо згубілі.

Проста таму, што быў дождж.

Бывайце здаровенькі, хто прачытаў і пацешыўся!

Напісаў хадзяін Андрэй Горват, вёска Прудок, вуліца імя Сяргея Палуяна, дом 1.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары