Кірыла Пазняк Зняволенне падвышанай камфортнасці

палітычны аглядальнік

Ёсць такі крымінальны анекдот пра адназначныя адказы «так» і «не», калі прадстаўніка сілавых органаў пытаюцца: «Ці ў вас ужо перасталі біць зняволеных нагамі?»

Як спробу адказаць на гэтае пытанне негатыўнай грамадскай думкі можна разглядаць паведамленне Міністэрства ўнутраных справаў пра экскурсію ў магілёўскую турму №4 членаў Палаты прадстаўнікоў і работнікаў культуры – афіцыйна гэта называлася «выязным пасяджэннем грамадскай Рады пры МУС».

Апошнім часам у медыях цыркулявала цэлая чарада выпадкаў жорсткага абыходжання са зняволенымі і нечалавечых умоваў утрымання ў самых розных установах пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі. У тым ліку гаворка вядзецца і пра збіцці да смерці за кратамі. Натуральна, па вызваленні дзясяткі тысяч былых зэкаў распавядаюць сваякам ды сябрам як яно ёсць.

Крытычнымі былі і маніторынгі праваабаронцаў.

Галоўная іх прэтэнзія, што грамадскі кантроль за месцамі пазбаўлення волі істотна абмежаваны. Існуюць грамадскія назіральныя камісіі (ГНК), але туды могуць уключацца толькі прадстаўнікі зарэгістраваных арганізацыяў. Прычым, паводле юрыста Праваабарончага цэнтра «Вясна» Паўла Сапелкі, у склад гэтых ГНК пераважна ўваходзяць прадстаўнікі арганізацыяў, «дзейнасць, мэты і задачы якіх не звязаныя з абаронай правоў грамадзянаў, у тым ліку асуджаных». Апрача таго, «кантроль выканання правоў у СІЗА ў дачыненні да асоб, якія знаходзяцца пад вартай да рашэння суда ў ізалятарах тэрытарыяльных АУС, ЛПП, цэнтрах утрымання правапарушальнікаў, прыёмніках-размеркавальніках і іншых месцах несвабоды, не ўваходзіць у кампетэнцыю ГНК».

Ну і «не замацавана ў законе права сяброў ГНК гутарыць з асуджанымі сам-насам», а таксама «у вязня няма магчымасці ўступаць у канфідэнцыйную перапіску з ГНК».

Таму ясна, што скандальныя гісторыі, якія патрапляюць у прэсу праз тую самую «Вясну», – вяршыня айсбергу. Да ўсяго, як там кажуць, некаторыя звароты пацярпелых «засталіся вядомымі толькі нам, бо ахвяры катэгарычна адмаўляліся апублікаваць свае выпадкі, абгрунтавана асцерагаючыся за свой далейшы лёс».

Разам з тым «катаванні і жорсткае абыходжанне не расследуюцца належным чынам, і гэта развязвае рукі для новых парушэнняў».

МУС адрэагаваў рэпартажам з магілёўскай турмы, не хаваючы, што гэта ў адказ на «нападкі на пенітэнцыярную сістэму», якія «апошнім часам сталіся не рэдкімі: «галодныя» зняволеныя, «халодныя» камеры, «невыносныя» умовы працы». Пра астатнюю «жэсць» кшталту «справы Пцічкіна» змаўчалі.

Магілёўская турма паўстае турмой падвышанай камфортнасці. Не выключана, што яна сапраўды ўзорна-паказальная на тле астатніх. Але рэпартаж выглядае як зусім не мудрагелістая ідэалагічная работа, да таго ж з незапланаванымі фельетоннымі эфектамі.

3-aspx

Тое, што дэпутатаў водзяць на экскурсіі ў турмы разам з падлеткамі – гэта слушна. У прынцыпе, такую прафілактыку карупцыі можна распаўсюдзіць і на чыноўнікаў рознага ўзроўню.

Аднак месцамі аповед пра ўмовы для сядзельцаў магілёўскай турмы №4 можа выклікаць зайздрасць у шмат каго з грамадзянаў на волі.

Апісанне абеду ў сталоўцы ізалятара часовага ўтрымання – шчы, рысавая каша з катлетай і кампот. Аказваецца, «кошт трохразовага харчавання людзей у ІЧУ абыходзіцца дзяржаве ў 10 рублёў 50 капеек у суткі». Памножце на 30 дзён – не кожны пенсіянер мае такую пенсію. І столькі траціць на харчаванне, паводле дадзеных Белстату, сярэдняя сям’я.

2

Дык яшчэ ж і смаката, калі верыць спявачцы Ірыне Дарафеевай: «Харчаванне на найвышэйшым узроўні, як у рэстаране, прызнаюся, я нават пакаштавала – вельмі смачна».

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька пагаварыў з сядзельцамі адной з турэмных камер: ««Ці ёсць скаргі?» – адказваюць адмоўна; «Ці хапае паветра?» – станоўча».

Атрымалася, як на дзяржаўным тэлебачанні, пасля прагляду якога беларусы хочуць жыць, як там паказваюць.

Кірыла Пазняк, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары