Віктар Шукеловіч Як настаўнік беларускай мовы прывёз сабе жонку з Расеі

літаратар, журналіст

Альбіне Каспяровіч падабаліся далёка не ўсе дзяўчаты, з якімі сябраваў ейны сын. Не пасавалі ёй на нявестку і ўсё. І справа была не ў прыгажосці ці спрыце, але ў рысах характару: адна выглядала на гультаяватую, другая – занадта ганаровая, трэцяя – нейкая маруда… А тут раптам сюрпрыз – сын паехаў адпачываць на Кубань і прывёз адтуль сабе жонку. У родную вёску з водпуску Павел прыехаў з чарняваю і танкляваю кубанкай.

– Мама, гэта Света, мая нарачоная з Расеі, – прадставіў сын дзяўчыну. Альбіна глянула, ацэньваючы, – малодка выглядала някепска. Але што з характарам? Праўда, добра разабрацца ў дзяўчыне кабета не паспела – чарняўка неўзабаве з’ехала да сябе на Кубань. Света мелася прыехаць адтуль ужо з раднёю на вясну – тады вырашылі зрабіць вяселле. Альбіна крыху пакрыўдзілася, бо Павел у яе нават і не спытаў, не параіўся.

– Шлюб бяром у красавіку, – сказаў ёй проста і ясна. З іншага боку, кабета ўзрадавалася, што сын не застанецца бабылём.

– І што Альбіна, цешышся з расейскай нявесткі? – задзірліва пыталі жанчыну аднавяскоўкі.
– Не я ж буду з ёю жыць. Павел сабе выбраў, і самае галоўнае, каб ён цешыўся, – адказвала Альбіна, хоць у глыбіні душы не хацела нявесткі-чужынкі.
– А твой сын – настаўнік беларускай мовы, але з жонкаю з Расеі забудзецца і пра мову, і пра літаратуру, – дапякалі Альбіне ў вёсцы.
І праўда, задумвалася часам яна, солячы кумпякі на вяселле, – як тое ўсё будзе?

Люты запытаўся, ці абуты, у сакавіку наспускалі з бярозаў соку, а ў красавіку зладзілі вяселле. Радні з боку Светы было няшмат, бальшыня гасцей – усе свае. Вяскоўцы надта хвалілі вяселле – і ежы было ўсялякай, і музыкі добра гралі, і гарэлкі не бракавала.

Альбіна пачала пільна прыглядацца да нявесткі. Света была ахайная, хутка навучылася даіць карову, да таго ж добра гатавала, а бульбу скрабала хутчэй, чым сама Альбіна. Але, як тую бульбу, нешта дзерла жанчыне ў душы – не свая была дзяўчына, з далёкага свету прыбыліца.
– Схадзі ты, Света, дзіцятка, да аўталаўкі, купі два боханы хлеба, – папрасіла неяк Альбіна.
Нявестка ўвішна пачала збірацца, узяла торбу ды пабегла да выганчыка, дзе спынялася крама на колах. Аўталаўка ўжо была, а каля яе – групка людзей, што корпаліся ў кашальках і кішэнях. Крыху збоку стаяў худы мужчына з пугаю ў руках ды лямантаваў на ўвесь голас: «О-о-о! А-а-а!». Ад пранізлівага крыку па спіне Светы аж прабегліся мурашы.
Почему он орёт? – пыталася ў людзей маладзіца.
– Ат, дзіцяткі, не бяры ў галаву, – тлумачыла адна сухенькая бабуля з вялікай торбай. – Гэта вясковы вар’ят Пецька, есці хоча, а грошай няма, дык і дзярэцца.
Света купіла два боханы хлеба, троху цукерак і батон, які занесла Пецьку.
Возьмите, – працягнула яна. Пецька сціх, са здзіўленнем паглядзеў на яе і ўзяў батон.

Прыйшоўшы дадому, Света застала мужа Паўла. Вярнуўшыся з працы, той пераапранаўся.
– Пайду я дапамагу тату араць, – сказаў ён Альбіне і Свеце. Жонка, якая вымала з торбы набыткі, аж пабялела. Раптам яна страпянулася, падляцела, як спалоханая птушачка, ды кінулася Паўлу на шыю.
– Не ходи оратьЗачем орать, Павел?.., – пыталася яна мілажальна, гледзячы мужу ў вочы.
– Як гэта не араць? – разгубіўся Павел ад нечаканай чуласці жонкі. – Людзі скажуць, што мы гультаі…
Что ж это за традиция это у вас в деревне, что все мужчины орут.., – казала, нібы жалілася Света.
– Ну так, аруць мужчыны, – Павел ніяк не мог дапетрыць, пра што вядзецца ягонай жонцы. Але тут умяшалася Альбіна, нешта сцяміўшы:
– Света, а ты ведаеш, што такое араць?
– Ну, конешно, – адказала няўпэўнена нявестка. – Это когда очень громко кричат
Павел і Альбіна разам выбухнулі смехам. Света з вялікім здзіўленнем глядзела на іх, ёй стала нават крыху страшна – такі неўтаймаваны смех быў у чальцоў ейнай сям’і.
Павел пяшчотна ўзяў яе за руку, прытуліў да сябе ды прашаптаў на вуха:
– Араць – гэта «пахать». Глядзі, другі раз не пераблытай, любая, – сказаў і чмокнуў яе ў шчаку. Света ўся зачырванелася. Альбіна глянула на нявестку ўжо іншым вокам, а ейнае сэрца памякчэла да Светы.
– Хай Павел ідзе араць, – казала свякруха маладой нявестцы. – А мы ідзем рабіць бабку, Света, але не такую бабку, што ходзіць з кійком, а бульбяную. Ідзем, я цябе навучу, – па-матчынаму звярнулася Альбіна.

Праз пару месяцаў суседкі зачапілі Альбіну са Светай у чаканні аўталаўкі:
– Не ўцякла яшчэ твая нявестка назад у Расею? – лыбіліся кабеты ў хустках.
– Як бачыце, – сказала Альбіна ды павяла галавою, ківаючы да прыгожай жонкі свайго сына.
– Цётачкі, куды ж мне ўцякаць? – азвалася сама Света на беларускай мове. – Я ж тут прыжылася ўжо, як каліва, што карэньчыкі пусціла на новым месцы. Нідзе ж няма лепей як тут… У росах памыюся, туманамі акрыюся, з зорачак пацеркі зраблю, свякрусе сваёй пачаплю…
Ухмылкі вясковак раптам зніклі, як здзьмула ветрам. Кабеты збянтэжана пераглянуліся.
– Ідзем, ідзем, – Альбіна ўзяла нявестку пад руку ды павяла да аўталаўкі, што акурат пад’ехала. Света аднак павярнула галаву ў бок суседак ды ледзь чутна прашаптала: «З лебяды чапялу змайструю ды вам на вушы ўладкую».

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары