Максім Чыгунка «We come in peace!» – Як і за што расейцы нападуць на Беларусь?

публіцыст

Мяне заўсёды смешыць да слёз упэўненасць Лукашэнкі, што дзякуючы яго моўнай палітыцы, а гэта значыць татальнаму задушэнню беларускасці, Расея ніколі не зробіць шкоды Беларусі. Не дарэмна казаў ён на сваёй прэс-канферэнцыі:

«Ведаеце з чаго пачаўся канфлікт ва Украіне? З бязмозглай нацмэнаўскай палітыкі. І я ганаруся тым, што ў свой час скруціў шыю гэтаму нацыяналізму».

Часам задаюся пытаннем, ці Лукашэнка ў пачатку свайго кіравання не падпісаў нейкай таемнай дамовы з Расеяй? Можа, у якасці ўзнагароды за русіфікацыю і перадачу Беларусі ў сферу расейскіх культурных і медыяльных уплываў, ён атрымлівае велізарную эканамічную падтрымку. Глядзець тэлевізар – нібыта нічога асаблівага, але высвятляецца, напрыклад, што ва Украіне ступень сепаратысцкіх настрояў моцна звязаная з аглядальнасцю расейскіх каналаў, якія, як павук, павольна высмоктваюць мозг гледача. У Беларусі таксама нешта падобнае. Таму і не трэба здзіўляцца, што калі журналісты «Белсату» пытаюць у мінакоў на вуліцах Менску, з якога боку ў Беларусь можа прыйсці пагроза, чуецца адказ:

«З боку NATO – я ведаю, таму што гляджу тэлебачанне».

Вера, аднак, што расейцы пагладзяць па галаве паслухмянага Лукашэнку, – памылковая. Для расейцаў мэтай з’яўляецца сітуацыі, калі кожны беларус будзе казаць пра сябе: «Я расеец, і нават без знаку якасці». Тады Беларусь будзе мець роўны статус як Чачэнія, у якой яе кіраўнік Рамзан Кадыраў імкнецца атрымаць ролю маральнага аўтарытэту для ўсёй Расеі.

Кіраўнік Беларусі можа прызнавацца ў гарачай любові да Расеі, абяцаць, што «не дапусціць, каб мова» і г.д. Але ўсё ж пільны журналіст дзяржаўнага расейскага агенцтва «Регнум» і так адчуе, што ў Беларусі адбываецца нешта «кепскае». Аказваецца, што цягам доўгага часу тут адбываецца «вышыванізацыі» – масавы працэс адзявання добрых беларусаў са слабой нацыянальнай свядомасцю ў «фашысцкія вышыванкі», гэта значыць, народныя сарочкі, у якіх «самі ведаеце, хто хадзіў і перад кім выслужваўся».

Але пра што гаворка? Беларускі міністр адукацыі ўсяго толькі адважыўся прапанаваць, каб гісторыю і геаграфію Беларусі выкладаць ва ўсіх школах на беларускай мове. Расейскі публіцыст Андрэй Гарачаў далікатна нагадвае, што такія ідэі могуць вельмі дрэнна скончыцца. І тут звяртаецца да прыкладу Украіны. «12 гадоў таму ўкраінцы пераклалі на сваю мову геаграфію і гісторыю, а потым увесь курс сярэдняй школы». Такія «вычварэнскія паводзіны», паводле Гарачава, прывялі да таго, што »Украіна павярнулася тварам да Еўропы« ды падпісала пагадненне пра гуманітарную дапамогу са Злучаных Штатаў. Наступным было «разбурэнне помнікаў тым, хто ствараў Украіну ў яе цяперашніх межах». І як вынік, »Украіна сёння перастае функцыянаваць у гэтых межах». Простая рэч, атрымліваецца, – вывучэнне сваёй гісторыі можа прывесці вас, дарагія беларусы, да вайны.

Пры практычнай манаполіі расейскіх медыяў у Беларусі, жыхары нашай краіны могуць гэтага нават не заўважыць. Расейцы заўсёды гэтак жа вытанчана прыходзілі з вайной, як і марсіяне з фільма «Марс атакуе». Прыемнага прагляду!

Максім Чыгунка, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары