Аляксандр Гелагаеў «Трамп – жывы кактэйль Молатава, якога яны чакалі»

гісторык, вайсковы аглядальнік

Амерыканскі кінадакументаліст Майкл Мур вядомы сваймі левымі поглядамі і актыўнай нелюбоўю да Рэспубліканскай партыі, аднак у сваім новым фільме ён апісаў людзей, якія могуць прывесці Дональда Трампа да ўлады.

Стужка «Майкл Мур у Трамплендзе» выйшла 18 кастрычніка і была задумана як прапаганда супраць кандыдатуры Трампа, аднак эмацыйны (з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі) маналог Мура з гэтага фільма стаў вельмі папулярным на Youtube як раз сярод амерыканскіх кансерватараў.

Прыкладна 4 хвіліны Мур, рэжысёр, прадзюсар і галоўны ўдзельнік свайго фільма, апісвае стан і адчуванні масы прыхільнікаў Трампа – былога сярэдняга класа, які расчараваны ў амерыканскім істэблішменце.

«Я думаю, што Трамп мае цудоўныя шанцы стаць новым прэзідэнтам ЗША… Я быў у тых штатах, ад якіх зараз залежыць перамога Трампа. Я чуў, як ён казаў, што будзе з тымі, хто перавёў вытворчасць аўтамабіляў адсюль у Мексіку. Гэтыя словы гучалі, як музыка для вушэй людзей у Агайо, Мічыгане, Пенсільваніі, Вісконсіне. І ў гэтым годзе ў Мічыгане актыўней галасавалі на рэспубліканскіх, а не дэмакратычных праймарыз. І за Трампа будуць больш галасаваць. Не таму, што ім ён асабліва падабаецца, і яны неабавязкова з ім згодныя. Яны не расісты і не быдла, яны даволі добрыя людзі», – гаворыць Мур.

Трамп зрабіў часткай сваёй праграмы эканамічны нацыяналізм – абарону амерыканскага рынка ад замежных тавараў і змаганне супраць кампаніяў, якія пераводзяць вытворчасць у краіны з больш таннай працоўнай сілай.

 

1-trump«Таму кожны няшчасны забыты працоўны без імені, які раней быў часткай сярэдняга класа, любіць Трампа. Трамп – жывы кактэйль Молатава, якога яны чакалі. Жывая ручная граната, якую яны могуць законна кінуць у бок сістэмы, якая скрала іхныя заробкі», – адзначае дакументаліст.

Мур звяртае ўвагу на агульнае непрыняцце Трампа традыцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі, прафесійнымі палітыкамі абодвух партый, дырэктаратам буйных кампаніяў, Уол-Стрытам.

Такім чынам Трамп робіцца ідэальным пратэстным кандыдатам для ўсіх, хто адчувае сябе падманутым элітай ЗША.

«Вораг майго ворага – той, за каго я прагаласую 8 лістапада. Так, 8 лістапада Джон Лох, Стыў Лох, Боб Лох, Білі Лох – усе лохі пойдуць і адпомсцяць усёй чортавай сістэме, таму што гэта іх права. Выбары Трампа будуць самым вялікім сярэднім пальцам, калісьці паказаным у гісторыі чалавецтва», – гаворыцца ў фільме, галоўная ідэя якога стымуляваць людзей прагаласаваць за кандыдата ад дэмакратаў Хілары Клінтан.

Мур падчас праймерыз у ЗША падтрымліваў Берні Сандэрса – папулярнага кандыдата ад дэмакратаў, які таксама пазіцыянаваўся як праціўнік істэблішменту, аднак саступіў Клінтан падчас унутрыпартыйных выбараў.

Трамп у прамовах на мітынгах сваіх прыхільнікаў неаднаразова казаў, што вялікая частка прыхільнікаў Сандэрса прагаласуе цяпер за рэспубліканскую кандыдатуру.

Восем гадоў таму на прэзідэнцкіх выбарах атрымаў рашучую перамогу Барак Оўбама, які пабудаваў кампанію на закліку да пераменаў у дзяржаве і грамадстве. Аднак два ягоныя прэзідэнцкія тэрміны сталі расчараваннем для большасці амерыканцаў.

Ці не адзінае сапраўднае дасягненне Оўбамы ва ўнутранай палітыцы – новая сістэма медычнага страхавання – працуе са скрыпам. У 2014 годзе, праз чатыры гады пасля таго, як сістэма стала часткай федэральнага заканадаўства, толькі 26% амерыканцаў падтрымлівалі яе ў наяўным выглядзе.  Легалізацыя так званых “аднаполых шлюбаў” выклікала абурэнне сярод хрысціянаў і кансерватыўных амерыканцаў.

На гэтым фоне Трамп, хоць яго перамога выглядае малаверагоднай, можа перамагчы як кандыдат ад мільёнаў расчараваных працоўных, дробных бізнесоўцаў, былых вайскоўцаў, якія лічаць, што перасталі быць гаспадарамі ў сваёй краіне.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары