Святыя мошчы з рук данайцаў

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Афіцыйны сайт Беларускай Праваслаўнай Царквы коратка паведаміў, што ў мінулую нядзелю Менская сувораўская вучэльня атрымала ў дар ад расейскага праваслаўнага дабрачыннага фонду святога пакутніка Ваніфація каўчэг з мошчамі святых – апекуноў вайскоўцаў.

У тэорыі такую падзею можна было б толькі вітаць – і святога Юрʼя-Пераможцу, і святога Дзмітрыя Салунскага шануе большасць беларускіх хрысціянаў незалежна ад канфесіі, а праведны адмірал Фёдар Ушакоў, хоць і зʼяўляецца лакальна шанаваным нават у межах РПЦ, тым ня менш падае добры прыклад служэння і ваярскага, і духоўнага.

На жаль, мы не маем відэазапісу ўрачыстай цырымоніі, і не можам паслухаць ці пачытаць тэксты выступаў прысутных – і гаспадароў, і гасцей з Расеі. Хацелася б спадзявацца на тое, што ў іх не было нічога, што мае на мэце размыванне беларускай ідэнтычнасці менскіх сувораўцаў – шмат якіх у будучыні могуць стаць абаронцамі незалежнасці нашай дзяржавы.

Аднак ці ня варта бліжэй прыглядзецца да ўдзельнікаў мерапрыемства з маскоўскага боку? Дабрачынны фонд святога пакутніка Ваніфація адзначыўся зусім не сяброўскім і не хрысціянскім стаўленнем да нашага суседа – Украіны.

Фонд шчыльна кантактаваў з нікім не прызнаным кіраўніцтвам так званых «ЛНР» і «ДНР», дзе падкантрольныя Маскве баевікі кожны дзень дагэтуль займаюць украінскую тэрыторыю і страляюць па ўкраінскіх жаўнерах.

Кіраўніцтва фонду, у тым ліку прысутная на цырымоніі перадачы святых мошчаў у Менску Наталля Мезенцава, адкрыта выказвалася ў падтрыманне «Наваросіі» і яе «герояў».

Такое стаўленне да нікім не прызнаных (нават Масквой) груповак баевікоў рэзка кантрастуе з пазіцыяй беларускай дзяржавы, якая неаднаразова заяўляла пра падтрыманне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Кантакты з падобнымі структурамі толькі дыскрэдытуюць беларускую армію і структуры Міністэрства абароны Беларусі ўнутры краіны і па-за яе межамі, даюць прапагандысцкую зброю ў рукі тым самым людзям, якія выступаюць супраць незалежнасці нашай краіны.

Чаму можа навучыць будучых беларускіх афіцэраў такі «хрысціянскі» фонд, які дапамагае антыўкраінскім баевікам у сяброўскай для Беларусі Украіне? Таму, што правільна ваяваць супраць сваёй жа дзяржавы і пераходзіць на бок ворага?

Святыя мошчы для мяне, як для хрысціяніна, зʼяўляюцца вялікай каштоўнасцю. Аднак акцыі з удзелам дзяржаўных, царкоўных і ваенных структур Беларусі павінны арганізоўвацца больш разумна і ахайна, каб не выклікаць сумневаў у беларускім грамадстве.

І беларускім ваярам, і беларускім святарам варта ўважліва глядзець, каму яны паціскаюць рукі, бо на гэтых руках могуць быць і кроў, і бруд, і небяспечныя для беларускага арганізма вірусы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў