Ну і гісторыя! Сенсацыя: аднаполы шлюб у Горадні! 85 гадоў таму


Навіна пра тое, як дзве жанчыны хацелі пабрацца шлюбам у Горадні, у 1928 годдзе зрабіла сенсацыю нават на старонках «The New Yоrk Times».

Скандальнаму для тых часоў выпадку прысвяціла разгорнутую нататку ў рубрыцы мясцовых навінаў на апошняй паласе газета «Głos Prawdy Ziemi Grodzieńskiej» («Голас праўды зямлі Гарадзенскай»).

«Служыла ў легіёнах Пілсудскага»

У тэксце паведамляецца, што ў Горадні затрымалі 22-гадовую жанчыну з Вільні, якая выдавала сябе за Юзафа Вароніча, а насамрэч называлася Яніна Бамблевічоўна (Бамблевіч). Яе шукала віленская паліцыя. Устанавілі, што затрыманая служыла ў легіёнах Пілсудскага [хоць атрымліваецца, што нават на момант заканчэння савецка-польскай вайны ёй было ўсяго 14 гадоў – belsat.eu]. Апранаючыся па-мужчынску і адрэкамендаваўшыся Юзафам Варонічам, яна пазнаёмілася з Ядвігаю Свалкоўскаю і праз некаторы час зрабіла ёй прапанову рукі і сэрца. 27 ліпеня 1927 года ў віленскім касцёле св. Яна адбыўся шлюб.

Праз два тыдні супольнага жыцця «спадар Вароніч» пакінуў жонку і з’ехаў. Праз некаторы час саламяная ўдава падала ў паліцыю заяву пра знікненне сужэнца. Яніна Бамблевіч тым часам аказалася ў Горадні, дзе, не доўга думаючы, пазнаёмілася з нейкаю паненкаю, якой неўзабаве прапанавала выйсці за сябе замуж. Справы ішлі да шлюбу, які быў запланаваны ў Бернардынскім касцёле. Але пробашч напярэдадні атрымаў паведамленне, што… «жаніх ужо жанаты».

«Казалі, што гермафрадыт»

Рэдакцыя дадае, што тварам і фігураю Бамблевіч больш нагадвае жанчыну, чымсьці мужчыну, хоць носіць мужчынскае паліто і высокія боты. «Сярод тых, хто яе ведаў, хадзілі чуткі, што гэта гермафрадыт, аднак лекары адназначна сцвердзілі, што гэта – жанчына», – запэўніваюць журналісты. Аферыстку арыштавалі ды перадалі віленскай паліцыі.

Можна дапусціць, што пакуль навіна праз Варшаву дайшла да Нью-Ёрку, яна абрасла новымі фактамі і домысламі. Нельга не браць пад увагу і тое, што «дадумаць» падрабязнасці маглі і гарадзенскія журналісты.

«Ачмурала багатых жанчын выключна дзеля грошай»

У нумары «New Yоrk Times» за 1928 год чытаем: «Польская жанчына, прыкінуўшыся мужчынам, ажанілася з іншаю жанчынаю дзеля грошай. Шлюб у Горадні (паўночная Польшча) быў перарваны паводле сенсацыйнай прычыны. Святар ужо меўся распачаць цырымонію, аднак тут з’явілся жанчына, якая абвесціла, што жаніх – насамрэч не мужчына, а жанчына. Яна ўзяла мужчынскае імя падчас савецка-польскай вайны, калі, змяніўшы аблічнасць, служыла ў войску. Пасля вайны яна працягвала насіць мужчынскую вопратку і карыстацца мужчынскім імем. Ейнаю мэтаю было браць шлюб з заможнымі жанчынамі, атрымліваць іхныя грошы і пасля ануляваць шлюб».

Між іншым, Бамблевічы – шляхецкі род гербу Вужык (Wąż), распаўсюджаны на Ашмяншчыне. Антоні Бамблевіч, сын Яна, з вёскі Буйвіды Лідскага павету Віленскай губерніі быў удзельнікам паўстання 1863–64 гадоў, за што яго саслалі ў Сібір.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары