Зміцер Ягораў Рыхтуйце торбы! Правяральнікі ідуць!

Кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсату»

Дзяржкантроль апошнія гадоў пяць публікуе інфармацыю пра запланаваныя праверкі на паўгода наперад. Маўляў, мы вас папярэджвалі.

Чым не галоснасць, крыштальная адкрытасць дзяржавы і прававая справядлівасць: ведаць, што ў лютым да вас у офіс ці на вытворчасць прыйдзе з праверкаю падаткавік, або пажарны, або санстанцыя, або ўсе яны разам? Як гавораць, рыхтуйце торбу з «пячэнькамі» для правяральнікаў. Або самыя пойдзеце з торбамі, такі невясёлы каламбур.

Самыя няхітрыя, але цвёрдыя як крэмень – правяральнікі з МНС. Калі гэта праверка прыватнага дому – зазірнуць у дымаход, акінуць вокам печку, выпішуць бабульцы прадпісанне пакласці бляху перад ёй, пачастуюцца салам, яблыкамі ды пойдуць. Калі праверка на фірме – змусяць замяніць пратэрмінаваны вогнетушыцель. Будуць па-сяброўску ўгаворваць паставіць апавяшчальнік. Але ў выніку задаволяцца гадавою падпіскаю на часопіс «Юный спасатель» для кожнага працаўніка. І мінімальным штрафам.

Правяральнікі з санстанцыі самыя непрадказальныя: могуць дакапацца літаральна да ўсяго. Колькасць манітораў на квадратны метр. Чысціня ўмывальніка ў прыбіральні. Адсутнасць дыванка перад дзвярыма. Бардак на тэрыторыі. Вялікае прадпрыемства ўратуе толькі праверка сталовай з дэгустацыяй катлет і набор выпускаемай прадукцыі, так бы мовіць, для асабістай экспертызы. Калі вы вырабляеце не сыркі ў глазуры, а напрыклад, рамы для вокнаў… што ж, непашчасціла.

Правяральнікі з падатковай – самыя вераломныя. Падчас комплекснай праверкі будуць пунктуальна прыходзіць у бугалтэрыю ў самы пачатак працоўнага дня і выходзіць разам з усімі. На другі дзень правяральнік ці правяральшчыца нават пачне піць з усімі каву, паводзіць будзе сябе ціха, цэлымі днямі калупаючыся ў паперах. Час ад часу пачнуць пытаць пра які-небудзь дзіўны дакумент, пра існаванне якога ваш галоўны бухгалтар нават і не ведаў. І гэта кепскі знак. Наперадзе вас чакае доўгі спіс дробных, сурёзных, вельмі сурёзных і катастрафічных парушэнняў. Падчас амаль інтымнай размовы пад апошні кубачак кавы, частку з іх атрымаецца «зняць». Але заплаціць усё роўна прыйдзецца. Хоць колькі, хоць мінімальна – але прыйдзецца. Вас папярэджвалі.

Сэнс у тым, што ўсе гэтыя правяранні – не што іншае, як дадатковы падатак. Перыядычна яго прыйдзецца сплочваць кожнаму. З пункту гледжання дзяржавы, правяранне без выяўлення парушэнняў – гэта нонсенс, абсурд і алагізм.

Таму зроблена ўсё, каб сістэма дадатковага падатку працавала. Бізнесовец вам скажа, што працаваць у Беларусі і нічога не парушаць – немагчыма. Такая сістэма. А правяральнікі маюць план па выяўленні парушэнняў. Калі вы майстар бізнес-акрабатыкі, і ў вас сапраўды нічога не знайшлі, то майце сэрца. Падпішыцеся на «Падаткі Беларусі». І на «Юного спасателя». У нас план, мы вас папярэджвалі

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары