Аляксандр Фядута Рэйдарскі захоп веры

паліткансультант

Быў я на адным «круглым стале».

Малады аналітык, з вайскоўцаў, крыху саромеючыся, актыўна прапаведаваў перамены, якія адбываюцца ў нас ва ўладзе. Маўляў, выдатныя перамены адбываюцца! За «Пагоню» ужо не б’юць, за збор подпісаў пад просьбай прызнаць бел-чырвона-белы сцяг гісторыка-культурнай каштоўнасцю толькі пратаколы складаюць, а свята вышыванкі ўвогуле праводзіць БРСМ. Шчасце, ды і толькі – дзякуй Аляксандру Рыгоравічу!

Чаго ўжо там! Кажаце прама: дзякуй таварышу Пуціну! Не было б Пуціна з Крымам, і гаштэгам беларускай улады было б # хренвам! А так загарэлася. Стала зразумела: не будзе Дашкевіч свабодна подпісы за сцяг збіраць – не,пойдзе, не дай Бог што здарыцца, гэтую ўладу ў лясах абараняць. Будзе як з Бандэрай – стральба па абедзвюх лініях фронту.

Відавочна, што беларусізацыя беларускай улады носіць пазіцыйны характар. Яна сама ўсталёўвае сабе планку, вышэй якой скакаць не жадае. Вышыванку – так, але вось паведамляльны прынцып рэгістрацыі палітычных партый – # хренвам. Паўтары апазіцыянеркі ў парламенце – хай будуць, але апазіцыя ва ўчастковых выбарчых камісіях (нават у той нікчэмнай колькасці, пра якую яна прасіла) – зноў-такі # хренвам. Гэта не ленінскія «крок наперад, два крокі назад» – гэта скачкі па пяньку, як у вядомым роліку з удзелам Віктара Януковіча. Толькі Януковіч спрабаваў скакаць наперад, яго маршрут быў зразумелы, а беларускія ўлады тупа падскокваюць, стоячы на адным і тым жа пяньку. Падскокваюць і глядзяць – ці ёсць іншы карчок, на якім у дадзеным выпадку можна будзе таксама некаторы час паскакаць.

Для іх не рух мэта. Для іх мэта – як раз стаянне на месцы. Таму выкладанне ва ўніверсітэтах хаця б на дзвюх мовах – гэта зноў-такі # хренвам, а вышыванку – калі ласка.

Беларускія традыцыі для іх – той карчок, на якім у дадзены момант троху зручней скакаць. Таму праз некаторы час з гэтага пянька прагоняць таго, хто на ім стаіць (чытай: апазіцыю), рэйдарскі захопяць карчок, а потым пакінуць яго дзеля пянька новага, больш зручнага.

Улада не мае веры ў тое, што прапагандуе падчас кожнай чарговай кампаніі. Наша ўлада – тым больш. Занадта цынічная.

Пытанне ў тым, што карчок ім здаць на некаторы час можна. А вось веру? Ці потым праклянем тое, ува што верылі, толькі таму, што самі здалі аб’ект пакланення ў арэнду гэтай уладзе?

Аляксандр Фядута

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары