Зміцер Ягораў Расейскія базы – ружжо, якое страляе знянацку

рэдактар belsat.eu

Расейскі жаўнер не вытрымаў службы і вырашыў уцячы. Вядома, расейскі жаўнер прыхапіў з сабою аўтамат. А потым яму захацелася піць. Ён улез у чужы дом і перастраляў усю сям’ю, акрамя шасцімесячнага хлопчыка. У яго расейскі жаўнер увагнаў расейскі штык.

Для Арменіі Расея – «стратэгічны хаўруснік». На тэрыторыі краіны вось ужо 20 гадоў «гасціць» расейская база, якая нясе баявое дзяжурства ў межах Аб’яднанай сістэмы супрацьпаветранай абароны СНД, бароніць мірнае неба над Арменіяй. А на зямлі расейскі жаўнер здзяйсняе такое жудаснае злачынства: 6 асобаў загінулі на месцы, шасцімесячнае дзіця паспелі давезці ў шпіталь. Жаўнера злавілі, ён нібыта ва ўсім сазнаўся, але медыі ўжо пішуць, што ён хворы псіхічна.

Да сценаў вайсковай базы прыйшоў абураны натоўп, які ледзь стрымлівала армянская паліцыя і спецназ. Калі б натоўп не ўтрымалі, ці іншыя расейскія жаўнеры завагаліся б выкарыстаць зброю?

Расейскія вайсковыя аб’екты ёсць і ў Беларусі. Іх будзе неўзабаве яшчэ больш: у Бабруйску будуць размешчаныя знішчальнікі і, магчыма, стратэгічныя бамбардыроўшчыкі, баявыя верталёты. Будуць бараніць нашае мірнае неба. Хоць мы, беларусы, іх пра гэта не просім: так вырашылі «наверсе».

Дэзерцірства можа здарыцца ў любой вайсковай частцы, у тым ліку і ў беларускай. Але хто будзе адказваць перад законам і людзьмі, калі чарговы псіхічна хворы расейскі жаўнер возьме аўтамат і вырашыць скочыць за плот? Міністр абароны Раўкоў? Выконваючы функцыі Галоўнакамандуючага Лукашэнка?

Расейскія вайсковыя часткі – гэта заўсёды пагроза. Досвед Арменіі паказвае, што гэта і небяспека для мясцовага насельніцтва. Ружжо, якое павесілі на сцяну, рана ці позна стрэліць – дзеля таго яго і вешалі. Куды стрэліць расейская база ў Беларусі? У беларусаў? У суседзяў-украінцаў, палякаў, літоўцаў? Тут ужо для нас навука – досвед Украіны. Пусціўшы расейскіх жаўнераў на сваю зямлю, пазбавіцца ад іх вельмі цяжка. Крым нам паказаў, што расейскі жаўнер мае звычку вяртацца ў Расею толькі з кавалкам зямлі, на якой стаіць.

Данбас нам паказвае, што другі варыянт вяртання расейскага жаўнера на радзіму – па кавалках, «грузам-200».

У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі цацачнага набору «Расейскі спецназ».

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары