Андрусь Горват Прашу перадаць мне ва ўласнасць палац

вясковы назіральнік

«Прашу перадаць мне ва ўласнасць палац, размешчаны па адрасе: вуліца Кастрычніцкая, дом 20», – напісаў я на аркушы сшытка ў клетку і панёс заяву ў райвыканкам. Даўно то было. А пачалося шчэ даўней. Добра помню першую паездку ў Нароўлю. Я выйшаў з маршруткі, убачыў дом і прывязаўся да яго на шмат год. І сёння баліць, хоць я ў Нароўлю больш не езджу і спрабую менш пра тое думаць. У прыцемку на беразе Прыпяці стаяў вялікі мураваны палац.

honanaro02-01

Галоўны фасад палацу

Шмат год занядбаны, без вокнаў, з купамі травы на твары, з бярозкай на страсе. Але ўсё адно – велічны. Я адчуў сябе маленькай драбінкай, якая адкалолася ад сцяны, лётала па свеце па ветры і от, нарэшце, вярнулася назад. Я правёў ноч ля палаца. Нараніцу з’ехаў у Менск, але з таго часу ўсё навокал змянілася – і людзі, і я сам. Змянілася, бо я пачаў марыць жыць у гэтым доме. Чаму менавіта ў ім? Бо ён быў радавым гняздом памешчыкаў Горватаў. Я не ведаў, ці жылі ў палацы мае прадзеды. Напэўна, мая прывязанасць да яго ўзнікла праз патрэбу мець сваю гісторыю. А яе ў мяне не было. Два гады я штомесяц ездзіў у Нароўлю… Архівы, бібліятэкі, польскія мемуары, сустрэчы, перапіскі – я даведаўся ўсё, што можна, пра палац і яго гаспадароў. Я ведаў не толькі даты і колішні выгляд пакояў, а і звычкі людзей, якія ў тых пакоях жылі. Хоць мой радавод і радавод памешчыкаў сышліся толькі ў трынаццатым калене, кожная мая паездка ў Нароўлю была вяртаннем дадому.

honanaro02-05

Палац. Паркавы фасад пасьля перабудовы ў савецкі час. Фота © Глобус Беларуси

От тады я купіў каву ў вулічнай кавярні на беразе Прыпяці, выдраў з сшытка аркуш у клетку і напісаў: «Прашу перадаць мне ва ўласнасць палац». Якраз выйшла адмысловая праграма па перадачы помнікаў аріхітэктуры, якія не выкарыстоўваюцца. Нараўлянскі палац быў у гэтым спісе пад нумарам 15. Такая драбяза, а я дагэтуль помню. Вядома, сваіх грошай на рэстаўрацыю я не меў, але ідэі, дзе іх узяць, у мяне былі. Я вёў перапіску, ладзіў сустрэчы з прадстаўнікамі розных фондаў і арганізацый. Былі і рэальныя прапановы фінансавай дапамогі. Напрыклад, ад гаспадыні Дудутак Кліцуновай ці балтыйскага фонду па ахове спадчыны. Сваіх грошай я не меў, але мог аб’яднаць вакол сябе людзей, ахвочых гэты будынак захаваць. Я быў гатовы на любыя ўмовы перадачы «аб’екта», абы кіно, якое ішло ў маёй галаве, спраўдзілася. Я напісаў заяву і быў упэўнены, шо справа пойдзе. Палац месціўся на ўскрайку города. Ён быў вялікі, ён быў непатрэбны. Ён быў надмагільнай плітой гісторыі мястэчка. Я думаў, што ў райвыканкаме прачытаюць маю заяву і зладзяць салодкі стол з радасці, што пазбавіліся ад гемарою. Бо ёсць маленькія чыноўнікі з вялікімі партфелямі, а ёсць закінутае памяшканне на балансе. І адно другому не патрэбна. Але мне прыйшоў адказ, маўляў, палац наш, мы яго пычынім, адкрыем у ім цэнтр дасугу і будзем радавацца. У якасці аргументу райвыканкам паведаміў, што ўжо атрымаў на рэалізацыю сваёй задумы 206 мільёнаў (сёння памнажайце на тры згодна з новым курсам валют).

honanaro02-02

Палац Горватаў. Паркавы фасад. Здымак 1907 г.

От скажыце, куды б вы патрацілі 206 колішніх мільёнаў, калі б у вас быў помнік архітэктуры, які разбураецца, і адсутнасць упэўненасці, што будуць яшчэ грошы? Я б паставіў часовыя вокны, каб у Чырвоным салоне не гуляў вецер. Я бы накрыў дом зверху часовым дахам, каб вада не ішла зверху на першы паверх у кабінет Эдварда і бібліятэку з сямейным архівам. Не, архіва ў палацы даўно няма. Няма і бібліятэкі. Яе разцягнулі па свеце, а, найперш, як і большасць нашых бібліятэк, – вывезлі ў Расею. Што ёсць у палацы, дык гэта сквазнякі і вільгаць.

honanaro07-04

Палац. Чырвоны салён. Здымак 1914 г.

Ён бурыўся, райвыканкам атрымаў 206 мільёнаў на яго захаванне, на іх купіў праектна-сметную дакументацыю, драўляны плот і напісаў заметку ў раённую газету пра перспектывы выкарыстання будынка і пра шчаслівую будучыню нараўлянцаў. А спыніць разбурэнне грошай не хапіла. Я меў доўгую перапіску з равыканкамам. Пісаў у Міністэрства культуры, нават – прэм’ер-міністру. Але ўсе перапіскі замкнуліся ў кола. Я біўся аб гэтую цвёрдую, нерухомую сцяну, але разбіў не яе, а сабе лоб. Шэсць год ужо мінула, як я сказаў сабе, што буду жыць у свеце, дзе Нароўлі няма. Часам выпадкова я бачу ў сеціве фоты палаца. За шэсць год ён разбурыўся шчэ болей. Прыпяць выдзірае з яго абдымкаў каменныя лавы і падбіраецца бліжэй. Калі-небудзь рэчка праглыне гэтую надмагінальную пліту гісторыі мястэчка і маёй гісторыі, як ужо праглынула тыя лавы, сямейную капліцу і сцежкі з бэзам.

honanaro02-15

Каменная лава ля фантана

А я баюся ехаць у Нароўлю. Баюся, бо ведаю, што калі ўбачу палац і дакрануся да яго, успомню, што колісь зрабіў разрэз на руцэ і паяднаўся з ім крывёю. Прыеду, убачу, успомню, адчую, цагляны пыл у маёй крыві ўзбудзіцца, заварушыцца, і я захачу ізноў біць свой лоб аб цвёрдую, нерухомую сцяну сістэмы.

Андрусь Горват

Фота аўтара

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары