Зміцер Ягораў Непарушны хаўрус клоўнаў і катаў

рэдактар belsat.eu

Абвесціць тэрмін выбараў (не толькі ў Беларусі) – гэта як згасіць святло ў кухні савецкай камуналкі. Пакуль са шчылінаў вылазяць тараканы, хтосьці самы спрытны паспявае вылавіць мясную костку з суседскага баршчу. Святло з’яўляецца – а людзі бачаць толькі тараканаў, што кідаюцца хто куды.

Гэта час для папулізму і цынічнай хлусні. Забойцы заклікаюць пакараць вінаватых, злодзеі – вярнуць нарабаванае, а палітычныя клоўны – падыйсці да пытання з усёй адказнасцю і сурёзнасцю.

Старт вось-вось. Рука ўжо ляжыць на выключальніку і святло ў кухні згасне з секунды на другую. Тараканы натапырваюць вусы. А галоўны кандыдат ужо распачаў марафон. Аляксандр Лукашэнка не можа не ведаць, што ягоныя навагоднія звароты ўжо даўно ніхто не слухае ўсурёз: адныя плююцца і дарма нервуюцца ад аднаго ягонага выгляду ў тэлескрыні, іншыя з захапленнем гатовы прыняць на веру кожнае ягонае слова. Таму можна несці ўсё што заўгодна.

«Няма ў чалавека нічога, даражэй за жыццё. І няма права найважнейшага, чым права на жыццё», – гаворыць з дзяржаўнай тэлескрыні чалавек, якога сотні прасілі захаваць ім жыццё. Усім, акрамя аднаго выпадку ён адмовіў. З ягонай згоды, дзяржава працягвае забіваць сваіх грамадзянаў. Але і гэтага мала. Маці забітага не атрымае апошняга ліста, яна атрымае вось такую робу смяротніка.

«Аснова сапраўднага міру – гэта дабрыня, цярпімасць і згода паміж людзьмі», – працягвае ён. А «палітычныя» працягваюць сядзець. Рэпрэсіўная машына праехалася катком па нашай і так кволай апазіцыі. Ці варта папракаць яе пасля гэтага ў нямогласці? Супраць іх – войска прафесійных катаў.

Пасля некалькі гадоў шоку грамадства ізноў падае прыкметы жыцця: ствараецца паралельная, але жывая і натуральная культура. Людзі аб’ядноўваюцца, каб папулярызаваць беларускую мову і вышыванкі, пішуць песні, здымаюць кліпы, дапамагаюць нашым братам-украінцам. Гэта – аснова нашай супольнасці і адзіная надзея на лепшыя часы для Беларусі: быць гатовым не толькі браць, але і даваць.

Супраць такой з’явы з войскам АМАПаўцаў не папрэш: салідарнасць немагчыма ўдарыць дубінкай. Супраць яе могуць змагацца толькі «баявыя клоўны». Былы міліцыянт, што разганяў акцыі нязгодных, запісаўся ў апазіцыю (праўда, тую, якую не прэсуюць) і разважае пра еднасць беларусаў. Чыноўнікі-дармаеды заклікаюць вылоўліваць дармаедаў. Міністэрства хлусні настойвае на тым, каб кожны адказваў за свае словы.

Далей будзе яшчэ больш. Нас чакае мабілізацыя і катаў, і клоўнаў. Наперадзе – год цынічнай клаўнады, карнавалу хлусні і расправаў над невінаватымі ў цёмным завулку. Выратаваць можа толькі салідарнасць і гатовасць даваць больш, чымся прымаць. І адвага «не весціся» на клоўнскія крыўлянні і абяцанні дастаць з капелюша кожнаму па беламу пушыстаму трусіку.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары