Максім Чыгунка Ленін у Менску або карга-культ а-ля post-sovietique

публіцыст

Антраполагі ўжо даўно апісалі адзін з самых неверагодных культаў, які паўстаў на выспах Меланезіі. Напрыканцы 40-ых гадоў мінулага стагоддзя мясцовыя жыхары пачалі будаваць тут узлётныя палосы, ангары, дыспетчарскія вежы і нават драўляныя самалёты.

Абарыгены распальвалі агні ўздоўж стартавай паласы, а самы старэйшы адзяваў драўляныя слухаўкі і залазіў на дыспетчарскую вежу. Іншыя члены племя сядзелі побач з узлётнаю паласою і чакалі, калі прыляціць белы чалавек з незлічонаю колькасцю розных нішцякоў.

Усё пачалося з Другой сусветнай вайны, калі японцы і амерыканцы пачалі ствараць на вышэйзгаданых выспах свае базы. Там прызямляліся сотні самалётаў з надпісам «cargo» (анг. – груз). Частка гэтых грузаў перападала абарыгенам. Калі вайна скончылася, ўзлётныя палосы зараслі бурʼяном, а самалёты вярнуліся на сталыя месцы дыслакацыі. Мясцовыя жыхары думалі, што калі яны адновяць гэтыя вайсковыя аэрапорты, самалёты з халяваю вернуцца.

Учорашнія падзеі ў Менску даказваюць, што карга-культ уласцівы не толькі абарыгенам Меланезіі, бо аднаўленне помнікаў правадырам Кастрычніцкай рэвалюцыі – самы натуральны карга-культ. Сёлета ў Светлагорску ўзнеслі на пастамент адкапаны на нейкім сметніку бюст савецкага прэмʼера Міхаіла Калініна – нічога, што са зламанымі акулярамі. Галоўнае, што з барадою. А ўчора перад МТЗ у Менску паставілі адноўлены помнік Леніну.

У прынцыпе, Беларусь і Меланезія маюць крыху агульнага. У рэшце рэшт БССР, як фарпост у патэнцыйнай вайне камунізму з капіталізмам, увесь час напампоўваўся інвестыцыямі. Тут развівалі машынабудаўнічую прамысловасць, якая ў любую хвіліну магла быць пераарыентаваная на вытворчасць зброі. Той жа МТЗ мог перайсці на вытворчасць танкаў. Але вайна так і не пачалася, а Расея ўсцяж глядзела на Захад, як на крыніцу зла і працягвала датаваць Беларусь на выпадак канфлікту з НАТО. Цяпер жа, калі грошай у Расеі не хапае, сітуацыя ў Беларусі пачынае нагадваць страшны сон меланезійскіх абарыгенаў – самалёты паляцелі і невядома, калі вернуцца.

Якая розніца паміж гэтымі абарыгенамі і тымі, хто быў ініцыятарам аднаўлення помніка Леніну? Напэўна, тыя, хто прынёс кветкі пад новага/старога Леніна таксама чакаюць, што будзе, як у старыя часы. Яны глядзяць у неба, але самалётаў з «cargo» няма. Відаць, што галоўны шаман краіны павінен змяніць стратэгію…

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары