Андрусь Горват Гэта Беларусь, дзетка!

вясковы назіральнік

– Дарагія турысты, мы пад’язджаем да вёскі Рудакоў у Хойніцкім раёне. Хавайце свае чыпсы, даставайце камеры і слухайце мяне сюды. За вокнамі вы бачыце двух лысых дзецюкоў з сінімі тварамі. Памахайце ім ручкамі.

Хэлоў, абарыгены!

– Усё, міс, не глядзіце на іх – яны паказваюць нехарошыя знакі. Гэта фоткаць нельга, на выхадзе з аўтобуса я ўсе фотаапараты праверу.

– А пшему ў іх сінія твары? Чы паны ест хворыя?

– Пані, гэта нармальны колер твару чалавека з вёскі. Усё, народ, ціхайця! Паслухайце мяне сюды. Зараз мы рухаемся па ўнікальным старадаўнім парку. Вы яго не бачыце таму, што ён зарос хмызняком, але ён тут ёсць.

2016-08-19-19-34-08

Злева – вунь той глыбокі роў – то была вялізная сажалка, якая высахла пасля меліярацыі. Пад асфальтам, па якім мы едзем, пакладзена брукаванка, месцамі яна паказваецца, таму, міс, рэкамендую вам не калупацца ў зубах цяпер, пакалупаецеся, калі спынімся.

– А чый то ест парк?

– Парк, як і ўсё, належыць беларускаму народу, то бок, дзяржаве. Колісь гэта была сядзіба, якой валодаў слаўны беларускі шляхетны роду Ваньковічаў.

– Так, так, я вем. Ваньковічы – то ест Польска!

– Эй, ты там, прекращай свою фашисцкую агитацию. Тут православные люди сидят.

– Ваньковічы – то польска шляхта. Валенцій Ваньковіч – то ест польскі штукар.

Какой стукарь? Ванькович был корешем Пушкина.

Ціхайця! Слухайце мяне сюды! Калі паглядзець на тую сцежку, то можна ўбачыць, як Стась Ваньковіч едзе на лісапедзе з двума сынамі. Ён быў старшынём Віленскага таварыства лісапедзістаў.

Чё-та я нихрена не вижу.

– А цяпер мы пад’язджаем да палаца. Выходзім, выходзім. Асцярожна, міс, тут гаўно ляжыць. Сам палац прыгожы, але выглядае жудасна, хоць ён новы – быў пабудаваны напачатку ХХ стагоддзя. Рудакоўская сядзіба ўзнікла на рэштках сядзібы Аскеркаў – рэвалюцыянераў, якія паплаціліся за сваю палітычную ініцыятыву Сібір’ю.

– Так им и надо. Всем предателям, которые продали нашу Родину, место в Сибири.

– Яны не пшодалі айчызну, яны змагаліся за сваю дзяржаву – Рэч Паспалітую.
­­­­

– Чё ты здесь несёшь? Они против русской государственности выступили! Они за польские злотые и мать свою продали!

Ціхайця! Цяпер будыніна старадаўняй сядзібы знаходзіцца ў занядбаным стане. У палацы ўжо няма калідораў. Калідоры сталі сцежкамі, на якіх пад бярозкамі растуць грыбы. Міс, не фоткайце палац. Фоткаць палац забаронена, бо ён у аварыйным стане. Я потым на выхадзе праверу фотаапараты. Можаце паздымаць вунь тую шыльдачку. Там напісана, што будынак знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Харошая шыльдачка, новая. Бліскучая. Пачакайце, пані, выдаліце гэты здымак. Я там пляму бачу, зараз слюняўчыкам вытру. От так, ага, цяпер фоткайце.

2016-08-19-19-24-47

– А ці ест план пшавесці рэканструкцыю?

– Навошта? Дом сам разваліцца, трэба толькі крыху пачакаць. Потым прыедзе бульдозер, і рэшткі закапаюць. Не запісвайце гэта, пані. Я потым праверу.

Опа, а я гриб нашёл! Слышь,пани, – подберёзовик! Русский гриб! Под русским деревом вырос.

Сорры. А гдзе із тойлет?

– А вунь пад той дуб схадзіце, міс. Мы глядзець не будзем. Шаноўныя турысты, дарэчы, паглядзіце на дуб, пад якім сядзіць міс. Гэта вельмі стары дуб. Яму каля трохсот год. Не, цяпер не фоткайце. Потым, калі міс пойдзе, мы падыдзем бліжэй і паздымаем.

– А што ест здарыцца з Ваньковічамі?

– З прыходам камунізму Ваньковічы з Рудакова зніклі, але палац ацалеў. Пасля вайны ён нават быў дабудаваны, каб наблізіць яго да агульнага савецкага стылю. Побач, бы грыбы вакол пня, павыросталі савецкія санаторныя будыніны. І там, дзе Стась Ваньковіч катаўся лісапедай з сынамі, пачалі хадзіць савецкія людзі. Каб ім зручней было прыязджаць сваімі запарожцамі, старадаўнюю брукаванку закаталі ў асфальт. Прыязджалі тыя савецкія людзі, прыязджалі, пакуль адной красавіцкай ноччу на Рудакоў не наляцела хмара са стронцыем і іншай гадасцю. Сёння тыя будыніны паглядаюць пустымі вокнамі з шчыльнага хмызняку. Але мы туды не пойдзем, бо там можна паламаць ногі.

Слышь, экскурсовод, а чё там за венок?

– А гэта помнік салдатам, якія паклалі тут свае галовы падчас вайны.

– О, нормальненько. Наша тема.

– Помнік можаце смела фоткаць. Ён прыбраны і дагледжаны. Ад нейкай арганізацыі, бачыце, нават вянок стаіць.

Пани, фоткай, чё ты не фоткаешь? Вот она – наша история! Покажешь у себя там, что у нас вот этот вот ваш фашизм не пройдёт.

– Пан ест дурак.

Ціхайця!

***
От узводзяцца палацы і растуць дубы. А на рэштках даўняй сядзібы будуецца і руйнуецца камунізм. А па правую руку ваююць дзяды, асушаюцца балоты, аздараўляюцца ў санаторыі калхознікі-перадавікі, адбываюцца аварыі на атамных станцыях. Усё здараецца адначасна і ў адным месцы. Здараецца і зарастае хмызняком, які, нібы вільгаць у кнізе, утварае ў Рудакове і памяці вялікія цёмныя плямы.

Андрусь Горват, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары