Эксперты з агенцтва «Адзін дзядзька сказаў»

Святлана
Калінкіна
публіцыстка

Сёння я выкінула кубак. Вырашыла спаласнуць, а ён неяк сам сабою выслізнуў з рукі. І нават не трэшчынка зʼявілася, а быццам павуцінка распаўзлася па эмалі. Шкада, вядома. Але бабуля ў свой час навучыла: «З посуду з дэфектам нельга ні есці, ні піць – дрэнная прыкмета». Я і выкінула.

Але ў нас зараз ёсць рэактар, які «саслізнуў». Добра, не рэактар – бочка да яго. Што з гэтым рабіць?

Больш за ўсё бянтэжыць, што наконт бяспекі Беларускай АЭС кажуць, па сутнасці, нейкія вусатыя бабулі. Галоўны прамоўца – Аляксандр Лукашэнка. Адукацыя: Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А. Куляшова па спецыяльнасці гісторыя, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія (завочна) па спецыяльнасці эканоміка.

Сяргей Кірыенка, кіраўнік «Росатома». Адукацыя: караблебудаўнічы факультэт Горкаўскага інстытуту інжынераў воднага транспарту па спецыяльнасці суднабудаванне і суднарамонт, Акадэмія народнай гаспадаркі пры ўрадзе Расеі (завочна) па спецыялізацыі фінансы і банкаўская справа.

На Усебеларускім народным сходзе з праграмным спічам пра бяспеку беларускай АЭС выступаў старшыня Астравецкага райвыканкаму Адам Кавалько. Адукацыя: Маскоўскі інстытут інжынераў землеўпарадкавання (спецыяльнасць – землеўпарадкаванне), а таксама Акадэмія кіравання пры прэзідэнце РБ па спецыяльнасці дзяржаўнае і мясцовае кіраванне.

Вядомыя лабісты «атамнага праекту» ў Беларусі – Міхаіл Мясніковіч і Уладзімір Сямашка. Першы, хоць і дзеючы чалец-карэспандэнт Акадэміі навук, але скончыў Берасцейскі інжынерна-будаўнічы інстытут і Менскую вышэйшую партыйную школу. Другі мае дыплом Менскага палітэха са спецыяльнасцю інжынер-механік. Так, ён быў намеснікам міністра энергетыкі і курыруе ва ўрадзе энергетыку, але што ён у атамнай энергетыцы разумее?

Гэтак жа, як і леташні куратар будаўніцтва АЭС у профільным ведамстве, намеснік міністра Міхаіл Міхадзюк. Добры чалавек, працаўнік, усё жыццё энергетыцы аддаў. Але ягоная спецыяльнасць – электрычныя сістэмы. А гэта драты, трансфарматары, клемы, лямпачкі… Ці ведае Міхаіл Міхадзюк прынамсі тэрміны ядравай фізікі, каб ацэньваць бяспеку АЭС, ці здолее вымавіць гэтыя тэрміны?..

Адзіны, хто ведае, пра што кажа ў кантэксце АЭС, – гэта куратар беларускага праекту ад «Расатома» Аляксандр Лакшын. Ён акурат і намякнуў на магчымасць замены корпуса рэактара. Але Лакшын – асоба зацікаўленая, ён сваю ўласную працу крытыкаваць не будзе, нават калі яго будуць катаваць.

Дык чаму ў такім важным пытанні нам прапануюць меркаванні «экспертаў агенцтва АДС – адзін дзядзька сказаў»? Чаму мы мусім ім верыць? Тым больш, што для аднаго корпус рэактара – гэта проста бочка. Для іншага беларуса, які ўчора будаваў кароўнікі, а сёння будуе АЭС, – гэта мегадасягненне, гэта крута.

А што будзе, калі гэтая бочка рване?.. А што будзе, калі нашыя небаракі-рабацягі будавалі АЭС гэтак, як будуюць кароўнікі?..

Літва правільна патрабуе, каб быў арганізаваны маніторынг будоўлі станцыі міжнароднымі экспертамі – незацікаўленымі, аўтарытэтнымі. Але афіцыйны Менск вуснамі «буйнога спецыяліста ва ўсіх пытаннях» учора на гэтае патрабаванне адказаў заклікам «спыніць цяганіну». Вы толькі ўдумайцеся ва ўзровень дыскусіі, якую мы ўсе назіраем. Адны – пра наступствы тэрмаядравага сінтэзу, а другі – пра «не дурыце мне мазгі».

Святлана Калінкіна, belsat.eu

Больш матэрыялаў