Віктар Шукеловіч Дзяды. Чаму сталыя людзі хаваліся ў склепе ды пад кажухамі, а бабуля хвалілася спаднічкай

літаратар, журналіст

Дзяды, пахмурна ды імжа за акном – акурат той час, каб узгадаць тых, без каго мяне б не было.

Мая прабабуля Стэфанія нарадзілася перад І сусветнай вайной у Расейскай імперыі. Замуж выйшла «за польскім часам». На пенсію пайшла «пры саветах», а памерла ў незалежнай Беларусі. Ейнае жыццё – цэлая гісторыя, хоць яна не была нейкай актывісткай, дзяячкай, не круцілася ў віры падзеяў ды не гойдалася на хвалях гістарычных зменаў.

Прабабуля Стэфанія мела сваю таямніцу, як кожная сапраўдная жанчына. Ніхто дакладна не ведаў, колькі ёй гадоў. Калі ў 1939 годзе ў Заходнюю Беларусь увайшлі савецкія войскі і змянілася ўлада, прабабуля не сказала праўды пра свой узрост.

– Дадала сабе пару гадоў у сельсавеце. Ну, а што? Усе так рабілі. Думалі, калі скажам, што мы старэйшыя, то на работу нас меней будуць ганяць, – тлумачылася прабабуля.

Адным, яна казала, што дадала 5 гадоў да свайго сапраўднага веку, іншым прызнавалася, што толькі тры.

– Мо яна нічога і не дадала, а толькі сабе нешта прыдумала, – паўставалі і такія версіі ў нашай сямʼі.

Касцёл у Крэве перад вайной. Тут спатыкаліся мае продкі

Прабабуля Стэфанія паходзіла з вялікай сямʼі, якая жыла ў вёсцы Качаны пад Крэвам. Некалі гэта было Віленскае ваяводства. Не ведаю нават, ці тая вёска яшчэ існуе, ці нехта там яшчэ жыве.

Сямʼя прабабулі не была ні беднай, ні багатай – звычайнай. Праўда, усе шасцёра дзяцей мусілі ўжо з маленства працаваць у полі. Ці дождж, ці слата, холадна ці спякота – падымайся ды ідзі, згінай сваю спіну.

Ужо пекнаю ды румянаю дзяўчынаю пасвіла неяк Стэфанія кароў, а калі тыя, наеўшыся, абляглі, пачала вышываць навалачку, якую ўзяла з сабоюу торбачцы. Тым часам у лес па дровы ішлі аднекуль хлопцы з сякерамі за пасамі. Адзін дзяцюк з кірпатым носам прыпыніўся ды загаманіў з ёй:

– Чыя будзеш?

– Стэфця. Страхава дачка з Качаноў, – нясмела адказала дзяўчо.

– Страхава? Не скажаш зусім, бо такая харошая, – каламбурыў ды правіў кампліменты хлопец.

Дзяўчына зачырванелася, але і ўсміхнулася.

– А ты чый будзеш такі-гэткі?

– Яська Траццяк з Шымакоў…

– Ага, такі бычок-траццячок з сякерай за пасам, – ужо ўзяла ініцыятыву ў жартах дзяўчына.

Хлопец ёй таксама ўсміхнуўся, але мусіў даганяць іншых. Праўда, у нядзелю, калі прабабуля з бацькамі, братамі ды сястрой выйшла з крэўскага касцёла пасля імшы ды купляла абаранкі ў габрэйскай крамцы, яе зноў зачапіў той самы хлопец:

– Ці паненка падвязе мяне да Шымакоў? Гэта ж па дарозе. Надта не хочацца пехатою вяртацца.

Паненка зноў сталася як бурак:

– Няхай Ясь у таты майго запытаецца…

Яся падвозілі некалькі разоў, аж пакуль ён сам у брычцы са сватамі не прыехаў у Шымакі. Стэфанія атрымала шмат пасагу ад бацькоў. Адзін з тканых абрусаў, які Стэфанія атрымала ад мамы Станіславы, ужо цягам некалькіх пакаленняў захоўваецца ў нашай сямʼі. У некага фамільныя каштоўнасці – гэта срэбра, а ў нас – посцілкі ды абрусы.

Наш фамільны абрус

Стэфа і Ясь жылі добра. Гаспадар меў залатыя рукі да ўсяго: і кажухі шыў, і валёнкі рабіў, і кашы плёў, і лыжкі выразаў. Мелі яны добра кавалак лесу, дакупілі яшчэ зямлі. Тры старэйшыя браты Стэфаніі былі халасцякамі, часта прыязджалі да сястры да швагра ды памагалі абрабляць палеткі.

– Без братоў цяжка б было. Быў у Яся брат, але скалечыўся, кульгаў на адну нагу, працаваць цяжка не мог, сыноў не было, а жонка толькі спаць любіла, увесь час сонная хадзіла – то яны бедавалі, цяжка ім жылося, – расказвала прабабуля.

У маладой сямʼі пачалі радзіцца дзеці, старэйшыя мусілі пільнаваць меншых. Мая бабуля Рэня была сярод старэйшых, але распавядала, што не надта ёй хацелася сядзець з малымі.

– Нашчыпаю ў срачкі малым, тыя плачуць, заходзяцца – тады мусіць мама да іх ісці, супакойваць, а я тым часам уцяку сабе гуляць на вуліцу.

Сям’я Стэфаніі і Яся Траццякоў. У верхнім шэрагу справа – мая малая бабуля Рэгіна

Пасля вайны ўсю зямлю і лес Траццякоў забралі ў калгас. Сямʼю хацелі нават выслаць у Сібір, але Ясю нехта падказаў, каб той як мага хутчэй запісаўся ў калгас.

– Як гэта без зямлі, што ж мы есці будзем, адзін з сошкай, а сямёра з ложкай, – галасіла прабабуля Стэфанія.

А ейныя дзеці радаваліся:

– Ой, паглядзіш, яшчэ лепей нам будзе, не трэба так рана падымацца, як на сваё поле, – казала маёй бабулі ейная старэйшая сястра Марыся.

Камуністы ж пачалі гнаць людзей з хутароў у вёскі.

– Што парабілася: некалі за Польшчай гналі з вёсак на хутары, а за саветамі гналі з хутароў у вёскі, а просты чалавек мусіш слухацца, – наракала Стэфанія. Але ейны Ясь зʼязджаць з хутару і не думаў, бо толькі перад вайною новую хату паставілі.

Браты Стэфаніі, якія пасля ІІ сусветнай вайны ўсе выехалі жыць у Польшчу

Але аднаго разу, ужо бліжэй да восені на хутар Траццякоў употайкі прыехаў старшыня калгасу, залез цішком на хату ды збурыў комін. Калі Ясь вярнуўся дахаты, то ледзь не сшалеў: без коміна ні стравы дзецям у печы ні зробіш, ні ў хаце ні напаліш. Параіўшыся са Стэфаніяй, вырашылі ехаць у калгас, але ў іншы – у Вярэбушкі. Там і пражылі рэшту жыцця, выгадаваўшы пяць дачок і сына. Яшчэ адзін сынок памёр у маленстве.

– Цяжка было, – успамінае бабуля Рэня. – Гэта не цяпер, што ўсялякіх цацак каляровых поўна, а тады тата нам з дрэва цацкі рабіў. Або прывязвалі ката на вяровачцы да ножкі ў ложку – і гуляй. Пакуль мама прыйдзе, дык мне малой кот усе рукі і твар здзярэ, але я не крычу, не плачу – гуляю.

Ясь і Стэфанія ўжо ў сталым узросце

Стэфанія падупала, калі памёр ейны Ясь. Калі ўзгадвала яго, то гаварыла як пра анёла.

– А ён такі добры быў, а ён такі спрытны быў, да ўсяго здатны – і да танца, і да ружанца…

Апошнія гады Стэфанія дажывала ў дачок: то ў адной пабудзе, то ў іншай – па чарзе. На ейнае афіцыйнае 100-годдзе прыязджалі нават карэспандэнты з раённай газеты.

– Мама, толькі ж ты не скажы, што табе 100 гадоў толькі ў дакументах, а папраўдзе менш, – папярэджвалі Стэфанію дзеці.

– Добра, добра, не скажу, – казала юбілярка. І, праўда, не сказала.

Але калі атрымала падарункі ад журналістаў, пачала жаліцца:

– Я б вам сама зафундавала, пачаставала, але ж ведаеце, пенсіі на рукі мне ніхто не дае, усё ж яны во забіраюць… – Стэфанія кіўнула на дзяцей.

Журналісты збянтэжана глядзелі на дзяцей Стэфаніі…

– Слабая стала Стэфанія, – апраўдваліся дзеці. – Грошы забіраем, бо невядома, што яна з імі зробіць, можа схаваць, а потым забудзецца. Ёй жа нічога не бракуе, усё ёсць. А ў вёсцы нават крамы няма, куды б яна сама магла выйсці.

Старэнькая ўжо насамрэч мала каго пазнавала, часам забывалася нават імя дачкі. Але памяць захоўвала самыя моцныя ўспаміны. Стэфанія часам выцягвалася ў струнку, падымала за падол спадніцу ды казала:

– Рэня, паглядзі, якая файная спаднічка… Гэта мне тата на кірмашы ў Крэве купіў…

– Ай-я-яй, якая ж харошая спадніца, – мусіла зрабіць прыемнае Стэфаніі ейная дачка, а ў самой былі слёзы на вачох. Стэфанія згасла хутка. У маёй жа памяці засталася такой наіўнай бабуляй-дзяўчынкай.

Прабабуля Стэфанія і бабуля Рэгіна

Цяпер думаючы пра Стэфанію, я разумею, што яна пражыла блаславёнае жыццё. Пра іншых старых вяскоўцаў-суседзяў даводзілася чуць рознае. Адзін дзед, да прыкладу, нічога не памятаў, але ведаў, што трэба хавацца ў склеп ад суседзяў, якія жылі праз плот. Калі іх бачыў, то крычаў: «Гэта не я, гэта злодзеі-бандыты вашу хату падпалілі». Нехта ў старасці хаваўся ў кажухі на печы, бо баяўся, што прыйдзе ягоны сват, якога з ананімнага даносу выслалі ў ГУЛАГ.

Сяджу ды думаю: дай, Божа, кожнаму ў старасці хваліцца падарункам ад бацькоў, «з кірмаша ў Крэве», а не трымцець на печы пад кажухамі або ў астыглым склепе.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары