Святлана Калінкіна Чорны гумар і тролінг на выбарах

публіцыстка

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і дзеючы дэпутат па Быхаўскай акрузе Таццяна Кананчук у сваёй перадвыбарнай праграме шляхетна патроліла выбаршчыкаў.

«Дзякуючы менавіта вашай падтрымцы і вашаму ўдзелу нам удалося ўрэгуляваць шэраг пытанняў: аб прыватызацыі жылых памяшканняў, аб сацыяльным жыллі для дзяцей-сірот, аб прызнанні грамадзянаў, што вядуць асабістыя падсобныя гаспадаркі і ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў і шмат чаго іншага», – дае справаздачу аб праведзенай працы дэпутат Кананчук і просіць абраць яе ў Палату прадстаўнікоў яшчэ раз.

То-бок атрымоўваецца, што гэта людзі, выбаршчыкі, папрасілі спадарыню Кананчук прагаласаваць за тое, каб старыя, савецкія, не адным пакаленнем аплочаныя кватэры раптам трэба было прыватызаваць. Ды за велізарныя грошы!

Гэта людзі прымусілі яе зрабіць замах на жыллё дзяцей-сіротаў, бо калі раней дзяржава абавязана была даць ім сацыяльнае жыллё ў пажыццёвае карыстанне, то цяпер – толькі на пяць гадоў.

І такая вось дэпутат Кананчук не сароміцца падобным «клопатам» хваліцца.

Што ж да славутага «ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў», то тут дзяржава з дапамогай дэпутатаў наагул махлявала. Бо кожны разумее, што ўсе мы і так даўно задзейнічаны ў гэтым фінансаванні – і працуючыя, і беспрацоўныя, і тыя, хто мае прыватныя падсобныя гаспадаркі, і хто не мае. Таму што запалкі не купіш, каб у іх кошт ня быў закладзены падатак, па тэлефоне не патэлефануеш; з кожнай набытай намі чаркі гарэлкі, з кожнага кавалка хлеба ў дзяржаўную скарбніцу капеечкі капаюць. Дык не, мала – у Беларусі ўвялі яшчэ і падатак на дармаедства. Ва ўсім свеце дзяржава дапамагае беспрацоўным, а ў нас беспрацоўныя павінны дзяржаве адшпільваць. І радуецца дэпутат Кананчук гэтаму, хваліцца.

Хто ж такая, гэтая дама з вельмі своеасаблівым пачуццём гумару?

Здагадайцеся з першага разу. Настаўніца! Скончыла Магілёўскі педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова, працавала настаўніцай матэматыкі Аляксандраўскай васьмігадовай школы Слаўгарадскага раёна; намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 г. Слаўгарада; дырэктарам СШ № 2; старшынёй Слаўгарадскага раённага Савету дэпутатаў. Па карʼернай лесвіцы дакараскалася да Менску і зараз гатовая паставіць у заслугу і сабе, і нашай нібыта сацыяльна-арыентаванай дзяржаве нават тое, што ў дзяцей-сірот адабралі жыллё.

Вядома, гэта здзек. Амаль непрыхавананы здзек над усімі, хто хоць крыху чытае, думае і аналізуе. А вось астатнім, на жаль, да лямпачкі. Яны ні чытаць ужо не хочуць, ні разважаць. Не могуць. Не ў стане.

… Спецыялістамі даўно заўважана, што адныя грамадства на крызісы адказваюць мабілізацыяй, іншыя – дэградацыяй. Чаму ў нейкага атрымліваецца так, а ў іншых гэтак – доўгая, складаная і спрэчная тэма, але тое, што беларусы адказалі дэградацыяй – гэта факт. Сышлі ў пʼянства, у градкі, у сэканд-хенды, у самагубства, знізілі планку патрэбаў і каштоўнасцяў, але нармальнага жыцця ад сваёй улады дамагчыся не змаглі, пагадзіліся. І зараз асобы, якія далучыліся да ўлады і тыя, што не жадаюць ад кармушкі адыходзіць, эксплуатуюць гэтую дэградацыю па поўнай. Як па мне, так вышэйпрыведзеныя пасажы з перадвыбарнай праграмы Таццяны Кананчук сведчаць толькі аб адным: паводле дэпутаткі, на выбарах галасуюць прыдуркі. Ну, ці ідэйна блізкія да іх.

Святлана Калінкіна, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары