Ну і гісторыя! Адкуль на Канарскіх астравах цеплаход «Белоруссия»?


Цеплаход «Белоруссия» спусціўся на ваду 40 гадоў таму і адразу пачаў выконваць рэйсы на Канарскія астравы. Ён вазіў кліентаў заходненямецкай турыстычнай фірмы, зарабляючы «інвалютныя рублі» для савецкага бюджэту.

Гэта быў зімовы маршрут: Генуя – Канары – Мадэйра – Касабланка – Барсэлона. Улетку «Белоруссия» курсавала з Адэсы ў Марсэль, заходзячы ў Стамбул, Пірэй, Геную, Неапаль, Барсэлону і на Мальту.

Пабудавалі цеплаход на верфі ў фінскім горадзе Турку, калі ў сярэдзіне 1970-х Чарнаморскае параходства абнаўляла пасажырскі флот. «Белоруссия» была разлічана на кліентаў, якія падарожнічалі з уласным аўтам. Падчас круізу на борце маглі змясціцца амаль 330 пасажыраў (173 каюты) і 250 легкавікоў.

Увогуле, узровень камфорту на борце быў такі, што простаму савецкаму чалавеку і не сніўся: басейны з падаграванаю марскою вадой, фінскія лазні, трэнажорны зал, у каютах – тэлефоны і кандыцыянеры. Праўда, рэстараны (якіх было два) былі разлічаны якраз на савецкі страўнік. Там падавалі кухню народаў СССР – расейскую, беларускую ды каўказскую. Колькі беларусаў атрымалі шанец паласавацца дранікамі па дарозе на Гран-Канарыю, гісторыі невядома. Затое ў 1975-м на борт ступіў савецкі грамадзянін Уладзімір Высоцкі са сваёй французскаю жонкай Марынаю Уладзі.

Высоцкі ведаў капітана «Белоруссии» Фелікса Дашкава, з якім калісьці пазнаёміўся ў Адэсе, куды прыехаў на здымкі фільма. Вядомы бард і актор двойчы пабываў у круізе, і абодва разы – па зімовым маршруце.

«На Канарах мы заходзілі на тры астравы – Лансаротэ, там спыняліся ў порце Арэсіфэ; на востраве Гран-Канарыя былі ў Лас-Пальмасе і на востраве Тэнэрыфэ былі ў Санта-Круз-дэ-Тэнэрыфэ», – узгадваў капітан (цытата паводле кнігі Віктара Бакіна «Уладзімір Высоцкі без міфаў і легендаў»).

26 красавіка Высоцкі даслаў маці паштоўку з гораду Лас-Пальмас, сталіцы вострава Гран-Канарыя. «Мамачка! Гэта першая паштоўка, але надта ж тут прыгожа – і тэлефона няма. Мы на параходзе паплылі з Генуі на Канарскія астравы. Адпачываем, глядзім, захапляемся, бадзяемся. 4-га будзем у Парыжы, патэлефануем. Цалую. Валодзя». (Цытата паводле чатырохтомнага збору твораў Уладзіміра Высоцкага).

«У Арэсіфэ мы былі разам, – распавядаў Фелікс Дашкаў у размове з Маркам Цыбульскім у 2005 годзе. – Гэта арыгінальнае месца. Востраў (маецца на ўвазе Лансаротэ – belsat.eu) нагадвае паверхню Месяца, таму што ўвесь заліты лаваю і толькі ў некаторых месцах, дзе пачалі апрацоўваць зямлю, ёсць зеляніна. І яшчэ там ёсць рэстаранчык на скале (у нацыянальным парку Ціманфая – belsat.eu), а побач з ім зрабілі атракцыён: наліваюць у лунку ваду, і адтуль вырываецца гейзер. У мяне ёсць фотаздымкі, дзе Высоцкі зняты ў гэтых месцах».

У дарозе бард даў канцэрт для чальцоў экіпажу, які тыя запісалі на магнітафоны. Феліксу Дашкаву запомніўся яшчэ такі фрагмент: «Мы ездзілі на Касабланку ў рэстарацыю ўвечары ды елі амараў. Высоцкі, відаць, упершыню ў жыцці гэта каштаваў і часта потым узгадваў, як мы елі амараў у Касабланцы. Уначы цеплаход ідзе ад порта да порта. Раніцаю прыходзіць рана. Людзі снедаюць – і на аўтобусы, адразу ж паехалі на экскурсіі. Хто не хоча, той можа ўзяць таксоўку або проста пешкі ісці…» (цытата паводле кнігі Віктара Бакіна «Уладзімір Высоцкі без міфаў і легендаў»).

Звестак пра тое, якія песні напісаў Высоцкі на борце «Белоруссии», я не знайшла. У сваіх дзённікавых запісах ён таксама не ўзгадваў круізаў. У чатырохтомным зборы твораў, апрача згаданай паштоўкі да маці была толькі яшчэ адна паштоўка з Лас-Пальмаса, адрасаваная сябру – акцёру Тэатру на Таганцы Івану Бортніку. На ёй – экспромт:

Скучаю, Ваня, я
Кругом искания,
Они пьют горькую,
Лакают джин
Без разумения
И опасения
Они же, Ванечка,
Все без «пружин».

І далей: «Даруй за бездарнасць і графаманію – абдымаю. Валодзя».

Пад «пружынамі» маецца на ўвазе прэпарат «Эспераль», што ўшывалі пад скуру хворым, якія пакутавалі на алкагалізм. У Расеі яго называлі «тарпедаю» або «спіраллю», а галоўны рэжысёр Тэатру на Таганцы Юры Любімаў перайменаваў яго ў «спружыну».

Спіраль (і акіян) Высоцкі ўзгадвае ў вершы «Я вам расскажу про то, что будет…» (1976). Водгаласы падарожжа па акіяне можна знайсці ў песні «Гимн морю и горам», якая прагучала ў фільме «Вецер «Надзеі”». Цікава, што самы свой вядомы твор пра акіян бард напісаў за доўга да круізу: у 1960-м годзе. Паэма-песня «Сорок девять дней» распавядае пра чатырох савецкіх жаўнераў, якіх вынесла на баржы ў адкрыты акіян, дзе яны дрэйфавалі 49 дзён, і прапагандысцкай кампаніі, якая разгарнулася вакол герояў у савецкай прэсе. Газеты доўга не маглі супакоіцца, друкуючы артыкулы пра подзвіг суайчыннікаў, а праз два гады выйшаў фільм «Сорок девять дней».

А «Белоруссия» працягвала вазіць турыстаў пад кіраўніцтвам Фелікса Дашкава, пакуль яго не знялі з пасады. Паводле афіцыйнай версіі, за кантрабанду.

У 1980-я цеплаход распачаў арктычныя круізы на Шпіцберген. Пасля перажыў рэканструкцыю: аўтамабілі з сабою ў падарожжа браў мала хто, таму замест аўтапалубаў зрабілі дадатковыя каюты. Пасля распаду СССР карабель хадзіў пад сцягам незалежнай Украіны, абслугоўваў рэгулярныя рэйсы паміж Генуяй ды Афрыкай. З сярэдзіны 1990-х пераходзіў з рук у рукі, трапляў да кампаніяў-банкрутаў, пераймяноўваўся ў «Казахстан», а пасля стаў «Дэльфінам» і вярнуўся ў Чорнае мора.\\

Чытаць іншыя артыкулы з рубрыкі «Ну і гісторыя!»

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары