Зміцер Ягораў Беларусы выходзяць з пячоры

Кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсату»

Кропля камень точыць. А настойлівасць, паслядоўнасць і вера ў свае сілы можа не толькі гару зрушыць, а значна болей за тое – прывесці да зменаў у заканадаўстве нашай краіны.

Менскі скуралуп, «паляўнічы» на бакланаў, што адразаў ім дзюбы, «пагрузка» жывой каровы ў цяжкавік з дапамогаю будаўнічай тэхнікі… Гэта толькі тыя выпадкі жорсткага абыходжання з жывёлінамі, што за апошнія гады атрымалі медыйны розгалас. Цяпер за такое можна і трэба судзіць.

Крымінальны кодэкс дапоўнілі артыкулам 339/1 «Жорсткае абыходжанне з жывёлінамі».

«1. Жорсткае абыходжанне з жывёлінамі, якое пацягнула іх смерць ці калецтва, учыненае з хуліганскіх ці іншых нізкіх памкненняў ці ў прысутнасці заведама малалетняга, будзе карацца грамадскімі працамі, штрафам, ці папраўчымі працамі на тэрмін да аднаго году, ці арыштам.
2. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, або групаю асобаў будуць карацца арыштам, ці абмежаваннем свабоды на тэрмін да аднаго года, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін».

Доўгі час улады адмахваліся ад петыцыяў і заклікаў увесці крымінальную адказнасць за здзекі над жывёлінамі. Аднак валанцёры кампаніі «НЕ жорсткаму абыходжанню з жывёлінамі» настойліва збіралі подпісы, распрацоўвалі звароты і праекты дакументаў, сустракаліся з чыноўнікамі і сілавікамі, шукалі хаўруснікаў сярод журналістаў, праўнікаў, вядомых асобаў. Больш за два гады паслядоўнай працы. Калі зачыняліся адныя дзверы, яны грукалі ў іншыя.

З’яўленне такога артыкулу ў КК – гэта не ўзмацненне рэпрэсіўнага інструментару «крывавага рэжыму». Гэта крок ад пячорнасці і дзікасці да гуманізму. Яшчэ адзін аргумент, які дае беларусам права звацца еўрапейцамі. І галоўнае – менш сабакаў з пераламанымі хрыбетнікамі, кацянятаў з выкалатымі вачыма. І хто ведае, можа, менш маньякаў-забойцаў, што пачынаюць з «трэніровак» на кошках. За ўсё гэта мы ўдзячныя канкрэтнай групе людзей, якая здолела зрушыць у бок цывілізаванасці цэлую краіну.

Наперадзе ў заабаронцаў яшчэ шмат працы. Нам патрэбны паўнавартасны закон аб абароне жывёлінаў, як у ва ўсіх цывілізаваных краінах, праект ужо падрыхтаваны. І менавіта з такіх крокаў пачынаецца тая самая грамадзянская супольнасць. І лепшая краіна для нас усіх.

Фота mesto-pod-solncem.org

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары