Максім Чыгунка 17 верасня, або пажарнік у ролі цэнзара

публіцыст

Хацеў я напісаць пра далёкую і важную для беларускай гісторыі дату. Але атрымаўся чарговы фельетон пра тое, якімі крутымі сцежкамі крочыць беларуская ўлада.

Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў арганізаваў выставу, прысвечаную гісторыі Заходняй Беларусі. Здымкі, дакументы і экспанаты мелі прадэманстраваць, як беларусы жылі пад польскаю ўладай: якія мелі праблемы, у што апраналіся, куды ездзілі на працу і як бавілі вольны час. Гісторык узгадаў таксама забыты факт: у польскім войску перад другой сусветнай вайною служылі некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў і таму вайна для распачалася не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 верасня 1939-га.

Тэза як тэза. Можна спрачацца, ці перадваенная Польшча была дзяржаваю, прыязнай для беларусаў, якія, як вядома, тразам з палякамі абаранялі яе ад ворага. Цяжка, аднак, весці дыскусію, не ведаючы гэтых фактаў. Але з увагі на тое, што набліжаецца гадавіна 17 верасня, узгадваць пра тое, што беларусы былі калісьці польскімі грамадзянамі, аказалася справаю небяспечнай. Спачатку ў палеміку ўключыўся галоўны ідэолаг Менскай вобласці, які вырашыў, што выстава неадпаведна асвятляе ролю СССР.

Меркаванне сваё ён выказаў, але не хапіла яму часу або адвагі, каб заняцца справаю ўласнаручна, таму на месца ён выслаў маёра Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Пажарнік тым часам заявіў, што ў музеі барахліць электраправодка і закчыніў выставу.

Якая з гэтага выснова? Аб’ектыўны погляд на гісторыю – гэта ў Беларусі здарэнне надзвычайнае. Але пакуль дзяржаўнаю цэнзурай займаюцца пажарнікі, застаецца шанец на захаванне хоць часцінкі свабоды слова. Проста збірацца трэба пад голым небам.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары