Зянон Пазняк: Мотапрабег байкераў Пуціна задуманы, каб праверыць рэакцыю беларусаў


Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Зянон Пазняк заклікаў беларусаў не дапусціць праезду прапуцінскіх расейскіх байкераў па тэрыторыі Беларусі.

Прадстаўнікі расейскага клубу байкераў «Ночные волки» абвясцілі правядзенне з 25 красавіка па 9 траўня мотапрабегу Масква – Берлін, прымеркаванага да 70-годдзя Перамогі. На тэрыторыі Беларусі яны плануюць знаходзіцца 25–26 красавіка, заехаць у Хатынь, да Кургана Славы і ў Берасцейскую крэпасць.

Прэзідэнт мотаклубу «Ночные волки» Аляксандр Залдастанаў («Хірург») з’яўляецца ініцыятарам руху «Антымайдан» і ўваходзіць у лік грамадзянаў РФ, якія трапілі ў спіс неўязных у краіны ЕЗ, падае БелаПАН.

Польскія байкеры і грамадскія актывісты ўжо заявілі пра намер сарваць мотапрабег, які яны разглядаюць як «пачатак расейскай агрэсіі» ў Еўразвязе.

У відэазвароце, размешчаным у сеціве, Зянон Пазняк назваў планы расейскіх байкераў «не проста правакацыяй, а нахабнай пазіцыяй людзей, якія не лічаць патрэбным лічыцца ні з чым святым». «Гэтыя людзі, якія бралі ўдзел у акупацыі Украіны, якія выказвалі фашысцкія лозунгі, хочуць праехаць па Беларусі, якая страціла столькі людзей падчас апошняй вайны», – заявіў палітык, што з 1996 года знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.

Пазняк адзначыў негатыўную рэакцыю палякаў на мотапрабег і заклікаў беларускае грамадства не дапусціць праезду па краіне «фашысцкай групы». «Ёсць магчымасць, людзі, ёсць моладзь, якая здольная гэта зрабіць», – мяркуе лідар КХП-БНФ.

На яго думку, правакацыя з мотапрабегам задуманая з мэтай праверыць рэакцыю беларусаў: «Калі не будзе супраціўлення, гэта будзе сігнал, што можна прадоўжаць гэта далей, можна паўтарыць гісторыю, якая была ў Крыме». «Думаю, што беларусы скажуць сваё слова, і гэтая банда не праедзе», – заключыў Зянон Пазняк.

Між тым байкеры з беларускага аддзялення мотаклубу «Начныя ваўкі» на мінулым тыдні паведамілі, што збіраюцца сустрэць удзельнікаў мотапрабегу на расейска-беларускай мяжы і суправадзіць іх да мяжы з ЕЗ.

Прадстаўнікі іншых байкерскіх клубаў (Беларуская асацыяцыя мотаклубаў аб’ядноўвае 10 клубаў) не збіраюцца далучацца да мотапрабегу, спасылаючыся на ўласныя планы. А ў мотаклубе «Racing Clan» заявілі, што не ўдзельнічаюць у мотапрабегу, бо ён «патыхае палітыкай».

Прадстаўнік клубу «Iron Brothers» у сваю чаргу паведаміў, што раней чальцы расейскага клубу «Ночные волки» прапаноўвалі ім паехаць у Луганскую і Данецкую вобласці, але атрымалі адмову.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў