Зянон Пазняк: «Бандыцкім нападам можна супраціўляцца толькі сілай»


Зянон Пазняк

Ці ёсць у Статкевіча план, ад каго залежыць сітуацыя 25 сакавіка, праз каго ў Беларусі дзейнічае Расея, як рыхтавацца да пратэстаў – распавядае Зянон Пазняк, старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання і кіраўнік апазіцыі ў той час.

Аліна Коўшык: На вашую думку, наколькі план Мікалая Статкевіча вывесці людзей на Плошчу Незалежнасці адпавядае той сітуацыі, якая цяпер склалася ў нашай краіне?

Зянон Пазняк: У мяне такое ўражанне, што ў яго няма ніякага плану, таму што нявызначана а што ж гэта будзе. Ці 25 сакавіка – Дзень Волі – ці пратэст супраць дармаедства.

Хіба яны хочуць гэта аб’яднаць.

Гэта не відаць, бо я бачу тут чыста правакацыйны праект. І тут усё будзе залежыць ад таго, як павядуць сябе людзі.

У чым можа быць гэта правакацыя?

Гэта ўсё лёгка вылічваецца, таму што тут ёсць некалькі палітычных сілаў. І кожная з іх мае свае інтарэсы. Самая важная сіла – гэта абураны беларускі народ усім што творыцца і хоча выказаць сваё незадавальненне. Ён неарганізаваны. А рэжым праводзіць сваю звычайную шаблонную палітыку па знішчэнні грамадскай супольнасці. Спачатку даецца нейкая вольнасць, нейкая лібералізацыя, людзей выводзяць на вуліцы, высвятляюць, хто яны, а потым знішчаюць.

Як раз у гэтай палітыцы найбольш былі задзейнічаныя пэўныя людзі. Адпаведна Мікалай Статкевіч. Гэта не першы раз. У 99-ым годзе быў так званы Марш Свабоды. Жахліва было. Ён завёў усіх у тупік на вуліцу Першамайскую, там усіх пабілі, разагналі, пасадзілі. Гэта былі абсалютна нелагічныя паводзіны. Потым было яшчэ некалькі, але самы факт злачынства гэта 2010-ты год 19 снежня. Ён абсалютна непасрэдна аператыўна ўдзельнічаў у гэтай правакацыі. Пабілі шмат людзей. Зараз тое самае: мітынг каля Акадэміі навук, а потым мы пойдзем па праспекце на Плошчу Незалежнасці, там паглядзім, што рабіць. Што гэта такое? Гэта той жа самы сцэнар. Не буду тлумачыць, але з гэтай асобай нам даўно зразумела, я ведаю яго амаль 30 гадоў, што гэта такое.

Але з іншага боку ён адзіны, хто сядзеў надаўжэй у турме КДБ.

Гэта не мае ніякага значэння. Іх не толькі садзяць, але і страляюць. Літвіненка ўвогуле атруцілі палоніем так што не мае значэння, якія рэпрэсіі яны ўжываюць супраць гэтых людзей, якія, так сказаць, ад іх залежныя. Гэта трэба разумець.

Тут у гэтай сітуацыі важна, як павядуць сябе людзі. Таму што ў прынцыпе, людзі могуць уплываць. Яны нават могуць выбраць супольнае кіраўніцтва мітынгам. Калі будуць актыўныя людзі і будуць гэта разумець могуць выбраць нейкую раду мітынгу, абмежаваць дзеянні нейкай адной асобы, бо людзі могуць паддавацца на розныя эмацыйныя заклікі. Гэта адзін момант, а другі момант вельмі важны. Без сумневу пасля мітынгу будуць бандыцкія напады, затрыманні і г. д. Гэтаму супраціўляцца можна толькі сілаю.

Ніякага закону няма ў гэтай краіне.

Людзі ў цывільным нападаюць, б’юць, увальваюцца ў тралейбус. Гэта гестапа. І таму трэба, каб людзі арганізавалі самаабарону. Але гэта не на мітынгу трэба арганізоўваць, а папярэдне.

Так, як вы рабілі гэта ў 90-ыя гады, калі была ахова мітынгу?

У нас была дружына ў тысячу чалавек. У нас была поўная чыстата і парадак. Бо мы ведалі, якія мэты, якія задачы, і самае галоўнае, людзей, якіх мы выводзім на мітынг, павінны атрымаць задавальненне. Сатысфакцыю перамогі, што нешта адбылося. Тут ідзе суцэльны ўпадак. Людзей паб’юць, пасадзяць і ў выніку адбываецца зачыстка. Тое, што адбылося ў 2010-ым, у 2009-ым, у 2011-ым, калі нейкі смаркач, я забыў яго прозвішча, ён выступіў з прапановай пляскаць у ладкі. Вывеў людзей, людзей пахапалі, усіх выявілі і гэтак далей.

Цяпер выявілася – гэты чалавек рускага свету, чалавек расейскіх спецслужбаў.

Гэта Вячаслаў Дыянаў?

Відаць, так. Я проста забыў яго прозвішча. Таму гэта шаблон, па якому дзейнічае гэты рэжым.

Добра, а што нам рабіць зараз? Ёсць людзі сапраўды ў роспачы, у іх назапасілася – што ім рабіць? Не выходзіць на плошчу 25 сакавіка? Ці ўсё ж скарыстаць з гэтага народнага імпэту?

Выходзіць, скарыстаць, таму што народны імпэт павінны выліцца, па-першае. Па-другое, калі людзі выходзяць на вуліцу, на плошчы, то яны салідарызуюцца, яны павінны абмяняцца думкамі. Гэта вельмі важна. Таму трэба выходзіць, але трэба разумець, што ад іх шмат залежыць. Не паддавацца на правакацыі, быць асцярожнымі, думаць і пастарацца ўзяць гэта ў свае рукі. Гэта адзін момант.

Другі – ёсць яшчэ тыдзень, калі ёсць нармальныя людзі, яны павінныя зрабіць групы самаабароны. Яны па ўсім свеце робяцца, калі нападаюць бандыты. Трэці момант найважнейшы – неарганізаваны народ сілы не ўяўляе. Павінна быць арганізацыя. І самае добра, калі гэта будзе самаарганізацыя. Я пра гэта ўжо не ўпершыню кажу. Стваралі групы працоўных людзей, групы незадаволеныя існуючым становішчам у краіне, пенсійныя забеспячэннем, кантрактнай сістэмай і ўсім. Лозунг павінны быць – Вольная Беларусь. І гэта магчыма.

Я гляджу ў правінцыі разумныя людзі, вельмі разумна гавораць. Увогуле беларусы паказалі сябе тут з вельмі добрага боку, што гэта вельмі талковая і разумная нацыя. Але неарганізаваная. Гэта пытанне часу. Гэта трэба рабіць. Тры моманты. Кардынальны: самаарганізацыя і стварэнне групаў «Вольная Беларусь», другое – быць уважлівым на Плошчы, узяць у свае рукі мітынг і не паддавацца на правакацыі. Трэцяе – цяпер стварыць групы самаабароны, каб не хапалі людзей, каб не білі, не цягнулі па асфальце. Гэта проста недапушчальна. Ніхто ж не абароніць.

А можа могуць дапамагчы людзі, якія ў 90-ых былі ў вашых дружынах?

Вы разумееце, што можна, але там былі моцныя людзі па 30-40 гадоў, ім ужо пад 70. Зараз другое пакаленне вырасла. Што яшчэ хачу сказаць: мы вырашалі пытанне, што з гэтым рабіць. Настолькі сітуацыя яшчэ не паспела, што пераламаць нейкі момант цяжка. Будзем рабіць мітынг на Кіеўскім скверы. 12 гадоў нам не дазвалялі, але цяпер у мяне адчуванне, што яны могуць гэта дазволіць.

Каб разбіць людзей? Гэта ваша мэта – каб не былі ўсе ў кучы?

Не, не разбіць. Яны можа так будуць думаць, каб разбіць людзей, справа не ў тым. І там, і там людзі будуць у адно. Іншая справа, што мы ставім у задачу адсвяткаваць 25-га сакавіка. Туды могуць прыходзіць з жонкамі і з дзецьмі.

Гэта нашае вялікае свята.

На Дні Волі мы аб’явім аб стварэнні руху «Вольная Беларусь» і раскажам пра ягоную праграму.

Пасля пратэстаў у Беларусі арыштавалі 170 асобаў, але Лукашэнка ў той жа час інтэнсіфікуе сустрэчы з Захадам. Чаму там не заўважаюць усё тое, што адбываецца ў Беларусі. Што мае здарыцца, каб нас заўважылі?

Справа ў тым, што пра гэтыя пытанні я пісаў і 10, і 15, і 20 гадоў таму. Людзі не маглі ўявіць: ім здавалася, што Захад – гэта дэмакратыя, тое, што яны гавораць, так і ёсць. А аказваецца, для людзей, што гэта зусім не так. Што гэта realpolitik, абсалютна прагматычнае мысленне і што яны абсалютна не змяніліся з 30-ых гадоў. Людзі здзіўляюцца, але тут няма чаго здзіўляцца. У гэтай сітуацыя, якая цяпер стварылася на Беларусі, дзейнічаюць такія падыходы: для Лукашэнкі трэба захаваць уладу. Каб захаваць, замацаваць уладу – трэба знішчыць самага галоўнага праціўніка – народ. Яго трэба ў балота, як кажуць. Абрэзаць галовы. Вось ён гэта робіць.

Што трэба Маскве? Добра трымаць на кароткім павадку Беларусь і свайго сатрапа, а ён пачынае з Захадам нейкія праблемы… Значыць, яны там таксама зацікаўленыя, каб адбылася правакацыя, каб Захад адвярнуўся ад Беларусі і Лукашэнкі. Масква ў гэтым зацікаўленая. Гэта адзін момант, а другі, каб падвесіць Лукашэнку. Каб яму няма было куды дзявацца, толькі ў Маскву. Вось іх палітыка. Яна і з першага, і з другога, і з трэцяга боку – антынародная, антыбеларуская.

Праз каго Расея дзейнічае ў Беларусі – праз Лукашэнку? Праз Шуневіча? Праз апазіцыю?

У першую чаргу праз Лукашэнку. Гэта першы чалавек, ён столькі зрабіў шкоды і зла для беларускага народа, як ніхто. Гэта жахліва. І Масква праз яго дзейнічае, выкарыстоўваючы яго паталагічнае жаданне быць ва ўладзе. Далей няўзброеным вокам відаць, хто займае пасады ў Беларусі. Ёсць такі Шуневіч – дык ён нават форму НКВД апрануў, ён задаволены. Што адбываецца? Там праз каго дзейнічае Масква? Праз сваю агентуру, сваю рэзідэнтуру, якая сядзіць на ключавых пасадах у Беларусі, а пасадзіў іх Лукашэнка.

Мы ведаем, што вас слухаюць улады, вас цытуе БТ, што б Вы ім сказалі напярэдадні 25-га сакавіка?

Я магу ім усім сказаць, што Вы яшчэ нейкі час у такой палітыцы будзеце існаваць, але час ваш скончаны, і калі гэты час надыйдзе, гэта будзе час расплаты. Вы столькі зла натварылі, што думайце цяпер пра сваю будучыню.

Размова адбылася ў студыі праграмы «ПраСвет з Алінай Коўшык».

Іншыя тэмы выдання:

  • Інтэрв’ю з Аляксандрам Мілінкевічам пра пратэсты ў Беларусі, рэакцыю Захаду і ўплыў Масквы. 
  • Што можа былы прэзідэнт? 
  • Навошта аксакалы Усходняй Еўропы сустрэліся ў Літве? Лех Валэнса, Віктар Юшчанка і Вітаўтас Ландсбергіс пра Міжмор’е.

Стужка навінаў