«Зялёныя» ўрокі каронавіруса – магчымасць пазбегчы больш сур’ёзнага крызісу


Часова сціхлі шматтысячныя кліматычныя страйкі моладзі, а тэма наступстваў змянення клімату знікла з парадку дня міжнародных сустрэчаў. Пандэмія сканцэнтравала ўвагу на сабе, але адначасна паказала глыбіню экалагічных праблемаў. «Белсат» даведаўся, наколькі больш сур’ёзны крызіс можа выклікаць экалагічная пагроза і як яна звязаная з пандэміяй пачатку 21-га стагоддзя.

Змяншэнне ледзянога покрыва планеты, анамальна цёплыя зімы там, дзе мае ляжаць снег і нечаканыя замаразкі ў цёплых краінах, буры, павадкі і пажары… Усё гэта – жорсткія для наваколля і чалавека праявы глабальнага змянення клімату. І гэта прычына да хуткага абмежавання сваіх апетытаў – кажуць сёння ўжо не толькі «зялёныя» арганізацыі, але і лідары соцень дзяржаваў. Экалагічную павестку, як і ўсе астатнія агульнасусветныя, перарвала пандэмія, але разам з тым адкрыла нам вочы.

Чалавек дома – планета дыхае

Пад час пандэміі планета адпачывае ад гаспадарчай дзейнасці чалавека. Ілюстратыўны здымак pixabay.com

Пандэмія праілюстравала, наколькі моцна чалавек уплывае на наваколле. Калі траціна свету прыпыніла гаспадарчую і іншыя віды дзейнасці, у свеце імгненна палепшылася экалогія. Спынілі працу вытворчыя прадпрыемствы, распусціліся заторы на дарогах і… паветра ў зацягнутых смогам гарадах зрабілася празрыстае, што выдатна ілюструюць здымкі з космасу. Эколагі цешацца з гэтага моманту, аднак ведаюць – гэта кароткатэрміновы глыток чысціні.

«Уся гэта сітуацыя прадэманстравала, што скарачэнне, у тым ліку выкідаў, тэмпаў эканамічнага росту – цяжка, складана, але цалкам магчыма. Нярэдка мы думаем, што ад нечага нельга адмовіцца, але на справе гэта не так. Цяпер жа важным будзе тое, як чалавецтва арганізуе жыццё пасля пандэміі: эканамічную і сацыяльную сістэмы», – кажа адмыслоўца ў галіне кліматычнай палітыкі Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Экапраект» і «EVRESCO» Марыя Фалалеева.

Адмыслоўца ў галіне кліматычнай палітыкі Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Экапраект» і «EVRESCO» Марыя Фалалеева.
Фота: ekapraekt.by

Па заканчэнні пандэміі ў чалавецтва ёсць два шляхі развіцця. Першы – латанне дзірак праз аднаўленне эканомікі, якая была да пандэміі. Досвед эканамічнага крызісу 2008 года паказаў, што такая стратэгія вядзе да нарошчвання выкідаў і яны перавысяць узровень дакрызіснага перыяду. Другі варыянт – мара эколагаў і наш шанец на лепшую будучыню. Гэта калі дзяржавы выкарыстаюць магчымасць рэстартаваць сусветную эканоміку, карыстаючыся прапановамі «зялёнай» павесткі.

«Гэта акурат ёсць шлях устойлівага развіцця, які даўно абмяркоўваецца, але не дзее. Не хапала рэальнага «шокавага стымулу», каб да яго перайсці. Выкліканы каронавірусам крызіс раскрыў мноства хібаў: мы спажываем вельмі шмат непатрэбнага і залішняга, і вялікі адсотак эканомікі працуе менавіта на гэта; мы маем неэфектыўную сістэму транспарту і іншае. Мы маем усе перадумовы пераключыцца на «зялёную» павестку. Але ці выкарыстаем мы іх?», – задаецца пытаннем адмыслоўца.

Сакавік 2020-га года. Люблін перад забаронаю на наведванне паркаў.
Фота: Jacek Szydlowski / Forum

На пачатку пандэміі экалагічная супольнасць была настроеная даволі песімістычна. Сумнявалася, што на выхадзе з крызісу дзяржавы пачнуць прытрымлівацца «зялёнага» курсу развіцця. Такі сумнеў застаецца, але асобныя еўрапейскія краіны пачынаюць планаваць паслякрызісную эканоміку больш стратэгічна і дэкларуюць паглыбленне ў «Green Deal» – курс «зялёнага» развіцця, прыняты Еўразвязам у снежні 2019 года.

«Не так даўно Амстэрдам пацвердзіў, што збіраецца будаваць эканоміку гораду на прынцыпах цыклічнай эканомікі. Гэта будзе складана, але тым не менш такі шлях дазваляе зрабіць эканоміку больш устойлівай у вытворчай галіне, а таксама ў рэагаванні на крызісы будучыні. Акрамя таго гэта дазваляе вырашыць многія экалагічныя праблемы», – падкрэслівае Марыя Фалалеева.

Каронавірус як наступства кліматычных зменаў

Кліматычныя змены спрычыняюцца да стыхійных бедстваў. Ілюстратыўны здымак pixabay.com

Новы выклік інстытуту аховы здароўя ў справаздачах урадавых камісіяў – не хвароба, але адзін з сімптомаў хваробы, якую называем кліматычнымі зменамі і да якой кожны з нас прыклаў руку.

Раптоўныя ў разуменні эвалюцыі кліматычныя змяненні – нічшаць віды ў флоры ў фаўне, звяры і расліны не паспяваюць эміграваць за перасоўваннем кліматычных зон. У катаклізмах гінуць таксама людзі. Штогод стыхіі забіраюць больш за 60 000 жыццяў. Амаль столькі ж – 70 тысячаў чалавек, толькі ў Еўропе, загінулі ў выніку спёкі ў 2003 годзе. Але гэта ўсё не параўнальна са статыстыкаю смерцяў праз забруджанае паветра – 8,8 мільёна чалавек штогод. Амаль што колькасць насельніцтва Беларусі.

Ва ўмовах знікнення адных відаў, вірусы і бактэрыі мусяць шукаць іншыя арганізмы. Пераносчыкам інфекцыі робіцца вада, казуркі, малюскі, птушкі, мышы і драпежнікі. Чалавек мае звычку да ўварвання ў апошнія дзікія закуткі на Зямлі і ўсё спажывае на сваім шляху.

Ад моманту распаўсюду каронавіруса штаму SARS-CoV-2 вядуцца спрэчкі пра прыроду ягонага паходжання. Міжнародная група вучоных пад кіраўніцтвам Хрыясціяна Андэрсана (спецыяліста Інстытуту Скрыпс) не знайшла доказаў, што сёмы каронавірус вывелі ў лабараторыі. Шэраг навукоўцаў, прадстаўнікоў САЗ і стваральнікаў сістэм аховы здароўя амаль сінхронна выступілі з заявамі, што вірус эвалюцыянаваў, і калі мы не зменім свайго стаўлення да спажывання прыродных рэсурсаў і забруджвання – захраснем у эпідэміях.

На гэтым этапе вучоныя лічаць, што каронавірус SARS-CoV-2 мае эвалюцыйнае паходжане. Іюстратыўны здымак pixabay.com

Паводле Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, цяпер змены клімату спрыяюць памнажэнню і мутацыям 75 % захворванняў, якія ўзнікаюць у людзей кожныя 4 месяцы і маюць жывёльнае паходжанне. Іхная геаграфія ў жывёльным свеце пашыраецца паступова. Чалавек жа – здольны разносіць заразныя хваробы маланкава – шляхам… авіяпералётаў, прадэманстравала гісторыя з каронавірусам.

«Каронавірус – гэта сітуацыя, якая ў некаторай ступені была прадказальная. Эпідэміі ўзнікалі і раней, дый гэта не апошняя пандэмія ў гісторыі чалавецтва. Як і папярэднія пандэміі, COVID-19 зʼяўляецца тэстам на «комплексную трываласць» чалавечых сістэм – сацыяльных, эканамічных і палітычных», – кажа адмыслоўца ў галіне кліматычнай палітыкі Марыя Фалалеева.

Па слядах каронавіруса ідуць сістэмы аховы здароўя кранаў. Ніколі раней за распаўсюдам хваробаў падобнага тыпу чалавецтва не сачыла. Калі пачнем гэтак жа дакладна тэставаць людзей на ўсе заразныя хваробы – можам здзівіцца, як хутка разносім інфекцыю з аднаго кантыненту на другі. Але пачынаецца ўсё з таго, што мы займаем тэрыторыі дзікіх звяроў, падпіраем лясы сваімі дамамі, змушаючы іх жыць побач з намі і …заражаць нас.

Гэты крызіс – рэпетыцыя наступнага

Ад хваробаў, звязаных з брудным паветрам гінуць 8,8 мільёна чалавек штогод. Ілюстратыўны здымак pixabay.com

Калі хто не задумваецца пра ўзаемасувязь гаспадарчай дзейнасці чалавека з кліматычнымі зменамі і новымі хваробамі, можа паглядзець асобна на наступствы пандэміі і наступствы кліматычных зменаў. Нават у гэтым выпадку знойдзем агульнае:

«І каронавірус, і кліматычныя змяненні вядуць прыродных і чалавечых стратаў, якія складана спрагназаваць і рэгуляваць. Па-другое – адбываецца поўнае спыненне звыклага ладу жыцця ў плане перамяшчэння, працы і іншага. Наступствы змянення клімату, як катастрафічныя паводкі і ўраганы, таксама могуць прыводзіць да фізічнага разбурэння інфраструктур і спынення працы розных сістэм. Непазбежным зʼяўляецца эканамічны крызіс і парушэнне звыклых ланцужкоў вытворчасці».

Каронавірус – гэта першы трывожны званок, які пачулі ўсе людзі, і атрымалі магчымасць усвядоміць, што іх чакае ў будучыні, калі «зялёная павестка застанецца нязменнаю пасля пандэміі.

«Эканамічныя наступствы ад зменаў клімату могуць быць больш жорсткімі, і гэта дрэнная навіна. А добрая тое, што пра патэнцыйныя наступствы кліматычных змяненняў мы ўжо ведаем значна больш, чым пра каронавірус і ў нас пакуль яшчэ ёсць час на гэтыя змены і працэсы паўплываць. Але гэты час вельмі імкліва скарачаецца», – канстатуе Марыя Фалалеева.

Перадусім – маем спыніць знішчэнне лясоў, атручанне рэк і абмежаваць, наколькі магчыма, выкіды парніковых і іншых газаў у паветра. Гэта для цяпершчыны, і безумоўна – будучыні пакаленняў. Але паколькі будучыня ўжо вельмі блізка – маем быць гатовыя прыняць выклікі з найменшымі стратамі.

Эканомікі дзяржаваў маюць быць больш гнуткімі і гатовымі да крызісаў у выпадку эпідэміялагічнай небяспекі ці выкліканага прыроднымі з’явамі бедства. Каб сістэма аховы здароўя і эканамічная сістэма былі здольныя абараніць насельніцтва і забяспечыць харчамі ды рэчамі першай неабходнасці – унутры дзяржавы.

Кліматычныя змены і Беларусь

Праз адсутнасць ападкаў беларускія аграрыі пераймаюцца за сёлетні ўраджай. Ілюстратыўны здымак pixabay.com

Упершыню сурʼёзна і на міжнародным узроўні пра гэта пачалі казаць у 1992 годзе. Каб стрымаць небяспечнае антрапагеннае ўздзеянне на кліматычную сістэму, з ініцыятывы ААН паўстала Рамачная канвенцыя аб змяненні клімату, якую ратыфікавалі 197 дзяржаваў, у тым ліку Беларусь.

Наступны крок у межах гэтага дакументу – распачатыя ў 1995 годзе перамовы з тым каб замацаваць глабальныя захады рэагавання на змяненне клімату. У канцы 1997 года 192 краіны прынялі Кіёцкі пратакол, які забавязаў развітыя дзяржавы скарачаць выкіды парніковых газаў у некалькі перыядаў. Гістарычным жа сталася ўхваленне Парыжскага пагаднення ў 2015 годзе, сярод галоўных мэтаў якога – утрымаць рост сярэдняй тэмпературы Зямлі ў межах 2°C.

На той момант анамальныя прыродных зʼявы ўжо ўвайшлі ў нашае жыццё. Беларусь не выключэнне ў ланцугу кліматычных змяненняў. Найбольш адчувальнае для нас – гэта рост сярэднегадавой тэмпературы. Цягам апошніх 10 гадоў у нас было 7 найцяплейшых гадоў у прамежку 1989-1999 гг. Колькасць ападкаў меншае, а такія рэдкія атмасферныя зʼявы, як пясчаныя буры і тарнада, адбываюцца ўсё часцей. Да чатырох кліматычных зонаў дадалася пятая – стэп, на поўдні краіны.

Адмыслоўцы прасоўваюцца ў бок стварэння кліматычнага заканадаўства, каб папярэдзіць крызіс у гаспадарцы.

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Стужка навінаў