Зялёныя чалавечкі супраць беларускіх партызанаў. Хто каго?


Масква працягвае рыхтаваць грамадскую думку да таго, што анексія Беларусі ў будучыні – гэта нармальна. Што для гэтага ёсць у Крамля, а чаго яшчэ няма? У Вільні Ганна Русінава паразмаўляла з Аляксеем Макухіным, дырэктарам аналітычнай групы ў справах гібрыднай агрэсіі пры Украінскім крызісным медыяцэнтры.

Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных стасункаў апублікаваў аналіз, у якім вядзецца пра крымскія сцэнары анексіі Беларусі Расеяй. Гаворка ідзе пра чарговую гібрыдную пагрозу для суверэннай дзяржавы. Чаму пра гэта так адкрыта кажуць? Ці ўжо нічога не баяцца?

Пуцін яшчэ ў 2005 г. сказаў, што развал Саюзу – гэта найвялікшая геапалітычная катастрофа XX ст. І гэта частка афіцыйнага бачання Крамля пра тое, каб аднавіць Савецкі Саюз, вярнуць яго на той жа тэрыторыі. Пра гэта гаворыцца на высокіх узроўнях афіцыйных асобаў, дарадцаў Пуціна. Дыскурс прысутнічае даўно, гэта частка «руского мира», і ўсе дзяржавы былога Савецкага Саюзу застаюцца ў гэтым сэнсе ў зоне рызыкі, бо Расея лічыць іх законнаю зонаю сваіх інтарэсаў. Натуральна, Беларусь сярод усіх гэтых дзяржаваў бліжэйшая за ўсіх да Расеі, і ўспрымаецца ёй як працяг сваёй тэрыторыі.

Крымскі сцэнар прадугледжвае ваенную прысутнасць Расеі. У Крыме былі дзясяткі тысяч вайскоўцаў, у Беларусі практычна іх няма. Ці магчымая анексія ў гэтым выпадку?

Ключавое слова тут «практычна». У Крыме таксама была невялікая расейская база, але нават наяўнасць проста невялікай базы – гэта як нага, заціснутая ў дзвярох: пазней яна дазваляе прайсці цэламу целу. Наяўнасць базы дазваляе бескантрольна завозіць ўзбраенне, людзей. Больш за тое, такой мяжы, каб яе складана было пераадолець, паміж Беларуссю і Расеяй няма, яна практычна адкрытая. Калі параўноўваць сітуацыю з Крымам і лічыць адпрацаваным сцэнаром, то патрэбная толькі падстава. Наяўнасць базы дазваляе завезці праз мяжу вялікую колькасць вайскоўцаў. Дазваляе назваць іх не вайскоўцамі, а асобамі, што спачуваюць ідэі анексіі Беларусі, і далей дзеяць паводле крымскага сцэнара.

Ці ўлічваюць маскоўскія аналітыкі магчымасць, што беларускія вайскоўцы і грамадзяне будуць абараняць сваю незалежнасць? Паводле шматлікіх сацыялагічных апытанняў беларускія грамадзяне гатовыя бараніць сваю дзяржаву.

Натуральна, улічваюць. Гібрыдныя атакі палягаюць на тым, што яны адбываюцца не толькі на адной пляцоўцы – не толькі на ваеннай, а на эканамічнай, інфармацыйнай, палітычнай. Яны будуць выкарыстоўваць і насельніцтва, якое можа падтрымаць гэтыя ідэі, і такім чынам расхістваць сітуацыю, узмацняючы групы, якія хочуць аб’яднацца з Расеяй, ладзіць унутраныя закалоты, называць гэта грамадзянскай вайною, і потым, маючы такую падставу, ужо прымаць рашэнне: уводзіць свае войскі ці рабіць гэта рукамі самога насельніцтва Беларусі.

Якая можа быць міжнародная рэакцыя на анексію Беларусі – ЗША, Еўразвязу, Кітаю?

Самы блізкі да нас прыклад – анексія Крыму, таму можна казаць пра рэакцыю, падобную да рэакцыі на гэтую падзею. Ёсць асобны пакет санкцыяў непасрэдна за Крым, ёсць асобна – за невыкананне Менскіх пагадненняў, таму, думаю, будуць нейкія санкцыйныя рэакцыі, не ваенныя.

Даклад Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных стасункаў – гэта аналітычны дакумент ці элемент гібрыднай вайны, фэйк, запалохванне беларусаў?

Думаю, па сутнасці сваёй гэта аналітычны дакумент. Напэўна, у Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных стасункаў падаюць тысячы дакладаў цягам года, як у любой іншай буйной установе. Але тое, што мы яго цяпер абмяркоўваем, і ён застаецца ў медыяпрасторы, – гэта, безумоўна, ужо элемент пэўнай інфармацыйнай аперацыі. Тым самым гэтая ідэя нармалізуецца, мы ўжо яе абмяркоўваем як адзін з варыянтаў будучыні.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Яшчэ ў праграме:

Hавiны
Сімуляцыя польскіх экспертаў: 2028 год – Беларусь страціць самастойнасць, а Расея атакуе Польшчу з Берасця
2018.09.16 09:05
Hавiны
Аўтакефалія царквы. Беларусь у чарзе за Украінай
2018.09.15 11:00
Hавiны
Ігар Мельнікаў: «Беларусь як Крым у 2014 годзе ці краіны Балтыі з Румыніяй у 1940-ым»
2018.09.17 17:57
Стужка навінаў