Зяленскі яшчэ раз падпісаў закон аб адмысловым статусе Данбасу


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі перападпісаў закон аб адмысловым статусе Данбасу. Дзеянне закона падоўжылася яшчэ на год, да 31 снежня 2020-га. Іншых змяненняў у закон не ўнесена.

Закон «Аб асаблівым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласцяў» быў прыняты ў 2014 годзе. Ён дзейнічае на часовай аснове і патрабуе штогадовага падаўжэння парламентам.

Закон прадугледжвае амністыю для ўдзельнікаў падзеяў у Данбасе, магчымасць выкарыстоўваць рускую мову ў органах мясцовага самакіравання, удзел мясцовых уладаў у прызначэнні кіраўнікоў органаў пракуратуры і судоў, а таксама асаблівую дзяржаўную падтрымку з боку Украіны для аднаўлення прамысловасці і інфраструктуры.

Па рашэнні Вярхоўнай Рады артыкулы закону ўступяць у сілу толькі пасля таго, як расейскія войскі і тэхніка пакінуць непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі, а таксама пасля правядзення ў Данбасе пазачарговых выбараў у адпаведнасці з Канстытуцыяй Украіны.

ЮВ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў