Зяленскі як кандыдат адчаю

«Прэзідэнт надзеі», якім быў Пятро Парашэнка, цалкам можа змяніцца «Прэзідэнтам адчаю», якім будзе Уладзімір Зяленскі

Вылучэнне шоўмена Уладзіміра Зяленскага кандыдатам у прэзідэнты Украіны стала апошняй падзеяй 2018 году, на якую варта было б звярнуць увагу. Наступныя за гэтым навагоднія віншаванні Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў нармальных людзей цікавасці не выклікалі.

Я не ўкладаю ў слова «шоўмен» якое-небудзь негатыўнае значэнне. І ў слова «клоўн» яго не ўкладаю. Клоўн можа быць героем, як было з Юрыем Нікуліным і Аляксеем Смірновым, якія мелі салідную ваенную біяграфію, а герой можа пасля ўваходжання свайго ў палітыку паводзіць сябе так, быццам бы знаходзіўся на арэне (успомнім Надзею Саўчанка). Зрэшты, і арэна цырка не выключае асабістай мужнасці: успомнім, што менавіта на арэне рымскія імператары распраўляліся з першымі хрысціянскімі пакутнікамі, цкуючы іх львамі або прымушаючы ўдзельнічаць у гладыятарскіх баях.

Але вылучэнне Уладзіміра Зяленскага сведчыць аб тым, што любімая мной Украіна сапраўды хворая. Палітычны клас перастаў выклікаць давер масавага выбаршчыка, пра што сведчаць апытанні, якія абяцаюць лідэру шоў «Дзевяноста пяты квартал» перамогу ў другім туры нават над Юліяй Цімашэнка.

Але разам з тым украінскі выбаршчык усё яшчэ не адвучыўся ўдумвацца ў праграмы кандыдатаў, бачыць менавіта ў тэкстах заклад канкрэтных дзеянняў. Палітыка працягвае заставацца персаніфікаванай, і трэба прызнаць, што і цяперашнія гаспадары Банкавай сур’ёзна на гэта папрацавалі. Граблі, упершыню выкладзеныя на шляху да выбарчых участкаў падчас другой прэзідэнцкай кампаніі Леаніда Кучмы (1999 год), калі выбаршчыкаў палохалі Пятром Сіманенкам і камуністычным рэваншам, засталіся на тым жа месцы і ў 2004 годзе, і ў годзе 2010. Здавалася, абранне Пятра Парашэнкі ў 2015 годзе, воляю абставінаў, паклала некаторую рысу гэтаму раздзіранню Украіны паміж «месіями» усіх масцей, бо Парашэнка ўзору 2015 года быў кім заўгодна, акрамя месіі. Але вось наступіў год 2019 – і, хлопцы, у вас ёсць магчымасць прагуляцца па тых жа граблях.

Па дадзеных агенцтва «Рэйтынг» ад 26 снежня, зараз сярод магчымых кандыдатаў лідыруе кіраўнік партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка, за яе гатовыя аддаць галасы больш за 20% выбаршчыкаў. Другі радок заняў Зяленскі (на фота) з вынікам 13,4%, дзеючы прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка займае трэцяе месца з вынікам 11,1%.

Рэйтынг Уладзіміра Зяленскага з’яўляецца прыкметай шчырага адчаю ўкраінскай моладзі, якую дасталі бясконцыя ўзаемныя абвінавачванні палітыкаў у карупцыі, у жаданні прадаць краіну нейкаму чужому дзядзьку. Вось і з’яўляецца асоба з тэлевізара, якая не бярэ хабару (хто дае хабар шоўмену?), не дае хабару (а што – Зяленскі каму-небудзь што-небудзь даваў?). Асоба, за якой няма ніякіх іншых праграм, акрамя «За ўсё добрае, супраць усяго дрэннага» – і хто будзе супраць гэтай праграмы?

Пры гэтым сацыёлагі шчыра прадказвалі магчымасць удзелу ў кампаніі двух магчымых прэтэндэнтаў, адпаведных гэтай схеме. Для больш высакалобых у гонцы мог прыняць удзел Святаслаў Вакарчук. Зрэшты, мы яшчэ не ведаем, ці не з’явіцца і яго імя ў выбарчых бюлетэнях. Так што сума галасоў, аддадзеных за гэтых двух кандыдатаў, будзе ў прынцыпе роўная таму ліку украінскіх выбаршчыкаў, хто зняверыўся ў нацыянальнай палітычнай эліце.

Праблема ў тым, што Зяленскі-палітык вылеплены тымі ж рукамі, што і ўсе астатнія ўкраінскія палітыкі. Я зараз маю на ўвазе зусім не паліттэхнолагаў і нават не алігарха Ігара Каламойскага. Палітыкаў лепіць народ, і рэйтынг Зяленскага ў гэтым сэнсе ёсць прамое адлюстраванне адсутнасці якіх-небудзь выразных установак, дамінуючых у электараце.

Атрымліваецца чыста пратэстнае галасаванне, падчас якога непазбежна перамагае той, у каго меншы антырэйтынг. Умоўна кажучы, можа перамагчы пінгвін, калі ў ягоную рэкламную кампанію ўкласці грошы.

Инфографика
Кто есть кто. Все, что нужно знать о кандидатах на предстоящих президентских выборах в Украине
2018.12.12 18:29

Не будзем прагназаваць, што здарыцца з Украінай пасля таго, як яе ўзначаліць Уладзімір Зяленскі (калі ўзначаліць). Клоўны не бываюць ідыётамі, так што, у любым выпадку, палохаць украінцаў няма чым. Мяне значна больш цікавіць, што здарыцца з украінскім электаратам пасля таго, як скончыцца першы прэзідэнцкі тэрмін Зяленскага (калі ён увогуле будзе мець месца). «Прэзідэнт надзеі», якім быў Пятро Парашэнка, цалкам можа змяніцца «Прэзідэнтам адчаю», якім будзе Уладзімір Зяленскі. Але пасля яго што будзе? Пустата? Поўная і ўсеагульная апатыя? Трэці майдан? Баюся, што тая каманда, якая сёння спадзяецца выкарыстоўваць Зяленскага ў якасці тарана, з цяжкасцю ўяўляе сабе, як менавіта і што менавіта ёй давядзецца рабіць. А выйсце з гэтага будзе, хутчэй за ўсё, адно: Зяленскаму прыйдзецца рабіць стаўку альбо на алігархаў («знайшоў, чым палохаць!» – скажуць мне ўкраінскія сябры), альбо на старую карумпаваную наменклатуру.

І гэта азначае, што граблі на палітычнай сцэне Украіны зменяцца віламі.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў