Зяленскі: Вайна дапаможа вярнуць Данбас. Там жывуць нашыя закладнікі


Кандыдат у прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі даў вялікае інтэрв’ю выданню «РБК-Украіна». У ім палітык распавёў пра неабходнасць распачаць інфармацыйную вайну за Данбас.

«Я вельмі спадзяюся інфармацыйна вярнуць гэтых людзей [жыхароў акупаваных тэрыторыяў. – Заўв. Belsat.eu] у стан, што яны патрэбныя Украіне таксама, як Украіна патрэбна ім, і што яны такія ж украінцы. Але трэба будзе зрабіць вельмі шмат гуманітарных крокаў», – сказаў Зяленскі.

Паводле кандыдата ў прэзідэнты, дзейная ўлада пабудавала «плот» на мяжы з акупаванымі тэрыторыямі.

«Вы ж разумееце, што паставілі плот. Тое, што нашыя палітыкі кажуць: пабудаваць сцяну і гэтак далей. Яе пабудавалі, але не з цэглы. Яе зрабілі яшчэ горш. Сапраўднай сцяны няма, але яна інфармацыйна страшная. Гэтыя людзі на тых тэрыторыях, якія не атрымліваюць пенсіі… І тое, што мы з імі не гаворым – гэта самае страшнае. Адна з нашых ідэй – гэта асобны вялікі еўрапейскі медыя-партал, які вяшчае на расейскай мове, які паказваюць ва ўсёй Еўропе, на якім будуць праўдзівыя рэчы і пра тое, што адбываецца ва Украіне, якія яны хочуць ведаць. Пусціць гэты імпульс, працягнуць ім руку дапамогі, сказаць: мы вас чакаем, глядзіце, вы цяпер у закладніках. Вось, што трэба гаварыць. Гэта нашыя закладнікі там», – адзначыў Зяленскі.

19 красавіка на стадыёне «Алімпійскі» у Кіеве адбудуцца дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Украіны. Фінал прэзідэнцкай гонкі адбудзецца 21 красавіка.

Паводле Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі, сярод грамадзянаў Украіны, якія вызначыліся за каго галасаваць, 72,2 % прагаласуюць за Уладзіміра Зяленскага, а 25,4 % аддадуць свае галасы дзейнаму кіраўніку Украіны.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў