Зяленскі скасаваў свой візіт у Беларусь. Напярэдадні Кіеў назваў Лукашэнку нелегітымным

Украінскі прэзідэнт перадумаў сёлета наведваць форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які меўся прайсці ў Горадні.

Пра адмену візіту паведаміў пасол Беларусі ва Украіне Ігар Сокал у інтэрв’ю «Україна Бізнес Ревю», тэкст якога апублікаваны на старонцы беларускай амбасады ў Facebook.

«Па стане на жнівень былі атрыманыя пацверджанні ўдзелу ад паловы вобласцяў Украіны. Прапрацоўваўся афіцыйны візіт Уладзіміра Зяленскага ў Беларусь. Я, як намеснік кіраўніка беларускага аргкамітэту, у ліпені наведаў Горадню – выдатны беларускі горад майстроў і таленавітых людзей. Ужо тады ён быў гатовы прыняць гасцей. Літаральна на днях украінскі бок звярнуўся да нас з ініцыятывай перанесці Форум на 2021 год», – паведаміў Сокал.

Еўразвяз і Вярхоўная Рада Украіны не прызналі вынікаў беларускіх выбараў

Трэці Форум рэгіёнаў Беларусі ды Украіны меўся прайсці ў Горадні ў кастрычніку. Раней падобныя сустрэчы ўжо праходзілі ў Гомлі ды Жытоміры.

Між тым 23 верасня міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба ў Twitter заявіў, што інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі не робіць яго легітымным прэзідэнтам Беларусі.

«Украіна ніколі ніякім чынам не ўмешвалася ва ўнутраныя справы Беларусі і заўсёды будзе падтрымліваць беларускі народ. Улічваючы ход выбарчай кампаніі ў Беларусі і далейшыя падзеі, сённяшняя «інаўгурацыя» А. Лукашэнкі не азначае яго прызнання легітымным кіраўніком беларускай дзяржавы», – адзначыў кіраўнік украінскага МЗС.

А 15 верасня ўкраінская Вярхоўная Рада таксама не прызнала выбараў у Беларусі.

МГ belsat.eu

Hавiны