Зяленскі афіцыйна стаў прэзідэнтам Украіны і заявіў пра роспуск Рады

ВІДЭА

Уладзімір Зяленскі зачытаў тэкст прысягі і атрымаў пасведчанне прэзідэнта, нагрудны знак гербавую пячатку і булаву.

У сваёй прамове Зяленскі заявіў пра роспуск Вярхоўнай Рады, заклікаў скасаваць закон пра дэпутацкую недатыкальнасць, загадаў звольніць з пасадаў генпракурора, галаву Службы бяспекі, міністра абароны.

«Цягам шмат якіх гадоў я рабіў усё, каб украінцы смяяліся. Для мяне гэта была не толькі праца, але мая місія. Цягам наступных пяці гадоў я зраблю ўсё, каб украінцы не плакалі».

Зяленскі на інаўгурацыі ў Вярхоўнай Радзе. REUTERS/Valentyn Ogirenko

Рашэнне Уладзіміра Зяленскага датэрмінова распусціць Вярхоўную Раду можа быць аспрэчана ў судзе, а яго выкананне – зацягнутае, лічыць украінскі палітолаг Віталь Кулік. Пра гэта ён сказаў у каментары Belsat.eu.

Эксперт Кажа пра казус у трактоўцы таго, калі кааліцыя спыніла існаванне.

«Адна частка палітыкуму лічыць, што гэта адбылося ў 2016 годзе, а таму прэзідэнт Зяленскі мае фармальнае права роспуску парламента. Адпаведна, як толькі ўказ прэзідэнта з’явіцца на ягоным сайце, краіна ўваходзіць у выбарчы працэс. Відавочна, што дарадцы Зяленскага пераканалі яго, што такое становішча справаў і яго рашэнне знаходзіцца ў прававым полі.

З іншага боку, ёсць фармальная заява пра спыненне існавання кааліцыі, з якой выступіў спікер Вярхоўнай Рады. Гэта і зрабіў Андрэй Парубій некалькі дзён таму, сведкам чаго мы ўсе і былі. Адпаведна Рада мае трыццаць дзён на стварэнне новай кааліцыі, яе роспуск немагчымы», – тлумачыць Кулік.

Паколькі палітычныя праціўнікі Зяленскага не пагодзяцца з такім рашэннем, Украіну чакае працяг гэтай сітуацыі ў судах.

«Але паколькі нашыя суды адчуваюць вельмі моцны палітычны ўплыў, ёсць вялікая верагоднасць таго, што рашэнне аб легітымнасці роспуску зацягнецца да восені. Акрамя таго не трэба забываць, што сродкі на выбары вылучае ўрад. Калі Уладзімір Гройсман абярэ тактыку суперніцтва з новым прэзідэнтам, то ён можа такім чынам тарпедаваць правядзенне датэрміновых выбараў», – кажа палітолаг.

30 красавіка Цэнтральная выбарчая камісія афіцыйна абвясціла Уладзіміра Зяленскага пераможцам прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле ЦВК, у другім туры за Зяленскага прагаласавалі 73,22 %, за Парашэнку – 24,45 %. Згодна з законам аб выбарах, новаабраны прэзідэнт уступае ў паўнамоцтвы з моманту прынясення прысягі ўкраінскаму народу на ўрачыстым пасяджэнні Вярхоўнай Рады, пасля чаго ЦВК уручае яму пасведчанне прэзідэнта Украіны.

Інаўгурацыя Зяленскага. Беларусь прадставіць Ігар Ляшэнка. ОНЛАЙН

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары