Зяленскі абяцае вярнуць «усе нашыя тэрыторыі», а ў ДНР чакаюць уваходжання ў Расею


Уладзімір Зяленскі ў Адэсе.
Фота: president.gov.ua

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 5 ліпеня павіншаваў гарады Краматорск і Славянск з шостаю гадавінаю вызвалення ад незаконных узброеных фармаванняў. Пра гэта паведамілі ў ягонай прэс-службе.

«Шэсць гадоў таму мы дапамагалі нашай арміі па ўсёй краіне і чакалі добрых навін з усходу з трывогай у сэрцах і малітвай у душах. Мы кланяемся ўсім, хто вярнуў Славянск і Краматорск ва Украіну», – сказаў прэзідэнт падчас урачыстасцей у Дзень Ваенна-марскіх сілаў Украіны ў Адэсе.

У сваю чаргу праз відэасувязь прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль падкрэсліў адзінства краіны – ад Адэсы да Краматорску, кожны дзень – ад Ужгараду да Данецку і Луганску.

Hавiны
Злачынства без пакарання. Як Лукашэнка і ягоныя спецслужбы дазволілі баевікам «ЛДНР» вяртацца ў Беларусь
2020.06.28 15:29

«Украіна адзіная, саборная, непадзельная, незалежная і ў бліжэйшы час будзе мірнай», – сказаў ён.

Уладзімір Зяленскі паабяцаў вярнуць «усе нашыя тэрыторыі».

«ДНР» і Масква разышліся ў поглядах на рэгіён

Між тым першы прэмʼер самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандр Барадай падчас зʼезду расейскай партыі «Радзіма» ў Санкт-Пецярбургу заявіў аб хуткім уваходжанні Данбасу ў склад Расеі. Паводле яго, «ДНР» і «ЛНР» ужо дэ-факта зʼяўляюцца часткай РФ.

«Я ўпэўнены ў тым, што ў адносна хуткія тэрміны рэспублікі Данбасу стануць ужо не дэ-факта часткай Расейскай Федэрацыі (дэ-факта яны ўжо зʼяўляюцца часткай РФ), а стануць такой і дэ-юрэ», – сказаў ён.

Hавiны
«Беларускі Данбас»: украінская вайна вачамі беларусаў
2020.06.29 12:34

Але першы намеснік старшыні камітэту Савету Федэрацыі РФ па міжнародных справах Уладзімір Джабараў у інтэрвʼю «Говорит Москва» паведаміў, што Расея не разглядае «ДНР» і «ЛНР» у якасці расейскіх рэгіёнаў. Паводле яго, «Расея да сённяшняга дня прызнае Данецк і Луганск тэрыторыяй Украіны».

«Расея ніколі не разглядала Данбас, Луганск, Данецк як неабходныя ёй рэгіёны. Мы разглядалі гэтыя рэгіёны як тэрыторыі, дзе пражываюць расейскамоўныя людзі. Расейцы паводле нацыянальнасці і шмат хто расеец паводле духу», – заявіў ён.

На яго думку, Данбас і Луганск маглі б стаць тымі рэгіёнамі, якія «пракладуць масток паміж Расеяй і Украінай», для таго каб нармалізаваць адносіны паміж краінамі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў