Алесь Кіркевіч Зяленскі’2019 – гэта Лукашэнка’1994, толькі з Тўітэрам і шаўрмой

журналіст, літаратар

«Людзі, як вядома, пайшлі ад малпаў, а вось Зяленскі – ад Лукашэнкі. Прынамсі стараецца яго малпаваць…» – гэтак пачынаецца адзін украінскі ролік з параўнаннем стылю кіравання двух прэзідэнтаў. Ва Украіне ўжо заўважылі. А ў Беларусі?

З часу апошняй прэзідэнцкай гонкі ў нашых паўднёвых суседзяў і да сёння забаўна назіраць рэакцыю беларусаў на Зяленскага. Вядома, найперш я кажу пра тых суайчыннікаў, якія цікавяцца палітыкаю і крытычна ставяцца да дзейнай улады. «Ваў! Украінцам пашчасціла! Малады! Талковы! Сучасны!» – такія рэакцыі неаднойчы даводзілася чуць на свае вушы або чытаць у сацсетках.

Уладзімір Зяленскі ўваходзіць у Вярхоўную Раду. 20 страўня 2019 г. Фота REUTERS/Gleb Garanich

Чаму так? Бо ганіць чыноўнікаў і карупцыянераў. Бо заяўляе, што пераробіць сістэму: разбярэ ды збярэ па-новаму. Бо забараніў развешваць па кабінетах свае партрэты. Бо бегае па фантанах і есць шаўрму. Бо адмяніў вайсковы парад. Ну і, вядома ж, беларусы заўжды са схаванаю зайздрасцю ўзіраюцца ва ўсе блізкія краіны, дзе працуе прынцып ратацыі ўлады.

Уладзімір Зяленскі, вядома ж, таленавіты і харызматычны прамоўца ды актор. Выдатна працуе на публіку, выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі. Вучыцца. Але чым па сутнасці ён розніцца ад чалавека, якога беларусы сапраўды дэмакратычна і справядліва абралі тады, 25 гадоў таму? Хіба асабістаю перадгісторыяй: Зяленскі свае акторскія навыкі гадамі адточваў у КВЗ ды серыялах для расейскіх каналаў, а ў Аляксандра Рыгоравіча, падобна, тыя ж навыкі выключна свае – ад прыроды дадзеныя, інстынктыўныя.

Усе гэтыя крыкі на нарадах, «ды ідзі ты адсюль», «усіх пад нож», пошукі вентылятараў і святла на прадпрыемствах або ў кароўніках ды іншыя груканні кулаком па стале – гэта частка аднаго стылю. Імя яму – папулізм. Зяленскі ганіць карупцыянераў ды чыноўнікаў? Ды іх толькі лянівы ва Украіне не ганіць. І Лукашэнка таксама ганіць. Рэгулярна. А што з таго? Зяленскі есць шаўрму і гэта прышпільна? Ну так. А наш – бульбу вырошчвае ды нават у Крэмль возіць. Абодва вясёлыя і не цураюцца троліць апанентаў.

Уладзімір Зяленскі і Леанід Кучма. Крыніца – president.gov.ua

Зірнеш на перадвыбарчую праграму Зяленскага, якая вельмі нагадвае аналагічную праграму Лукашэнкі ў 1994 годзе, і зразумееш – яна ідэальная. Чаму? Бо няма ніякай канкрэтыкі. Няма за што зачапіцца. Галоўны пасыл – прагнаць ад «карыта» ўсялякую набрыдзь ды пасадзіць на іхныя месцы людзей «з народу» – з чыстымі поглядамі ды мазолістымі рукамі. Адзін «слуга народу», іншы – «народны прэзідэнт». А людзям што? Падабаецца ж. Абы весела было.

На месцы расейцаў пасля Лукашэнкі я б падсунуў беларусам якога-небудзь Галыгіна. Жарты, смех, весялуха – усё як трэба. Анекдоты ўжо свежыя будуць, бо набор хохмаў Аляксандра Рыгоравіча даўно прыеўся. І парады беларускія Галыгін адменіць. І БРСМ распусціць. І КДБ разгоніць. Бо будуць іншыя парады – расейскія. І «Юнармія» з «Нашымі» замест БРСМ. І ФСБ замест нашых чэкістаў. Затое – весела.

Украінцаў расейцы бачаць такімі сабе калектыўнымі «зяленскімі», дакладней, героямі, якіх ён некалі граў. Вясёлыя, пацешныя, свае. Без усялякіх Шухевічаў і Бандэраў. Беларусаў жа – у вобразе п’янага рабочага, якога граў Галыгін у кліпе Шнурава «8 Сакавіка». Са смачнаю трасяначкай, у гумовых ботах ды з перагарам. Без лішніх думак пра нацыянальныя каштоўнасці, бяспеку ды, крый Божа, еўрапейскі вектар.

Бясспрэчна, беларусы стаміліся ад Лукашэнкі. Нічога новага тут няма. Страшна іншае. Праз 25 гадоў папулізм, крыкі на нарадах і публічныя суды Лінча над чыноўнікамі надалей застаюцца запатрабаваныя. Патрэбны наўпрост новы твар і свежыя абяцанні. Фантаны, шаўрма, акаўнт у Тўітэры – каб модна і сучасна было. Праблема адно ў тым, што палітыкі-папулісты з ваяўнічымі тварамі ды груканнем кулаком па стале зазвычай вельмі лёгка зліваюць і краіну, і яе нацыянальныя інтарэсы, і той народ, якому з усіх сілаў некалі хацелі спадабацца.

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары